Як паведамляе расейская дзелавая газэта «Ведомости», гендырэктар «Победы» Андрэй Калмыкоў 28 студзеня напісаў ліст міністру транспарту Расеі Максіму Сакалову з просьбай паспрыяць ва ўрэгуляваньні тарыфных спрэчак зь беларускай авіякампаніяй «Белавія».
Справа ў тым, што для палётаў у Беларусь расейскаму авіяперавозчыку трэба атрымаць акрэдытацыю беларускага дэпартамэнта па авіяцыі, адна з умоваў акрэдытацыі — ўзгадненьне тарыфаў зь «Белавіяй».
У пачатку сьнежня 2015 году «Победа» прадставіла свае тарыфы «Белавіі». Але тая ўзгадніць іх адмовілася, палічыўшы, што яны могуць прывесьці да зьніжэньня тарыфаў на кірунку Масква — Менск і дэстабілізаваць канкурэнтную сытуацыю.
Ліст атрыманы, Мінтранс Расеі рыхтуе пакет захадаў у адказ.
«Аэрафлот» лётае з Масквы ў Менск і назад 5 разоў на суткі, квіток у адзін бок з вылетам праз тыдзень каштуе ад 5070 расейскіх рублёў. (60 эўра на 29 студзеня), «Белавія» — 7 разоў на суткі, квіток каштуе ад 45 эўра. Квіткі на ўсе рэйсы «Победы» каштуюць ад 999 руб. (але па мінімальнай цане прадаюцца толькі некалькі квіткоў са 189 на рэйс). Чалавек, блізкі да «Победы», сказаў, што тарыфы лоўкостэра плянаваліся прыкладна на 30% ніжэй, чым у іншых авіякампаніяў.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-сакратара Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Кацярыну Грыб, расейскай авіякампаніі «Победа» ў палётах у Беларусь не адмаўлялі і яе перамовы зь беларускім бокам вядуцца ў працоўным парадку. Кацярына Грыб паведаміла, што «Победа» «прайшла ўзгадненьне з Дэпартамэнтам авіяцыі ва ўстаноўленым парадку»:
«Дакумэнты яны атрымалі. Працягваюцца перамовы на ўзроўні ўзгадненьня тарыфаў. Перамовы вядуцца ў працоўным парадку. Існуюць агульныя правілы: калі вы хочаце атрымаць акрэдытацыю, вы павінны даць пакет дакумэнтаў», — адзначыла яна.