Па экзотыку беларусы едуць у далёкія краіны — пабачыць горы, мора, пячоры і пустыні. Але і зусім побач, сярод звыклых для нас лясоў, палеткаў ды балот схаваныя ўнікальныя і часам зусім нетыповыя для Беларусі месцы. Як найменей восем зь іх трэба абавязкова наведаць, лічыць наш аўтар Павал Берасьнёў.
1.Адзіная пячора
На схіле возера Гінькава каля вёскі Сахнавічы Глыбоцкага раёну знаходзіцца бадай што адзіная ў краіне пячора — унікальны аб’ект для раўніннай Беларусі. У пячоры тры ўваходы, але толькі праз адзін туды можа прапаўзьці чалавек. Памеры пячоры ня надта вялікія: адзін мэтар у вышыню, два мэтры ў шырыню, і цягнецца яна на некалькі мэтраў у глыбіню. Адначасова там можа зьмясьціцца 5-7 чалавек.
2.Салігорскія горы
Матухна-прырода абдзяліла Беларусь гарамі, але салігорскія шахцёры вырашылі выправіць такую несправядлівасьць — і за 55 гадоў накапалі саляныя адвалы, якія бачныя здалёк пры пад’езьдзе да гораду. Імі занята больш за дзесяць квадратных кілямэтраў, а вышыня сягае 120 мэтраў. Паміж тэрыконаў — рукатворныя азёры-шламасховішчы, у якіх месьціцца насычаны саляны раствор з абагачальнай фабрыкі. Праўда, з тым, каб патрапіць на салігорскія тэрыконы і паглядзець незямныя пэйзажы, ёсьць праблемы — гэта тэрыторыя прадпрыемства і фармальна праход і праезд туды забароненыя.
3.Крэйдавыя кар’еры
Засэлфіцца, быццам бы ты на Мальдывах, не выяжджаючы зь Беларусі, можна ў некалькіх месцах. Самае знакамітае — крэйдавыя кар’еры пад Ваўкавыскам, дзе вада мае пранізьліва бірузовы колер. Праўда, знаходзіцца там легальна нельга, бо «Краснасельскбудматэрыялы», якім належаць кар’еры, робяць усё магчымае, каб адвучыць людзей адпачываць у гэтым месцы. Прынамсі, летась была перакапаная дарога да кар’ераў, а таксама арганізаванае дзяжурства супрацоўнікаў міліцыі, ДАІ, МНС і працаўнікоў «Краснасельскбудматэрыялаў».
Аналягічныя крэйдавыя кар’еры, але менш «раскручаныя», ёсьць і ў іншых рэгіёнах краіны — напрыклад, у Любанскім і Бярозаўскіх раёнах.
4.Кар’ер у Глушкавічах
Дзякуючы прамысловай выпрацоўцы, у Беларусі зьявілася яшчэ адна цікавая мясьціна — затоплены гранітны кар’ер «Надзея» у Глушкавічах недалёка ад мяжы з Украінай. Гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе крышталічная парода выходзіць на паверхню. Тут мясцовыя пэйзажы трошкі нагадваюць фіёрдавую Скандынавію або Карэлію.
У 1985 годзе ў Глушкавічах пачалі здабываць высакаякасны камень — такім гранітам абліцаваныя некаторыя станцыі менскага мэтро, будынкі ў Гомелі, зробленыя многія помнікі. Пасьля развалу СССР выпрацоўка спынілася, але ў любы момант можа быць працягнутая. Ну а пакуль гэтыя мясьціны аблюбавалі аматары язды на матацыклах па бездарожжы.
Увага! Паколькі кар’ер знаходзіцца ў памежнай зоне, то яго наведвальнікам варта азнаёміцца з правіламі часовага знаходжаньня і перасоўваньня ў памежнай зоне, а таксама аплаціць дзяржаўнае мыта.
5.Нарач
Нарач называюць пэрлінай Беларусі — гэта самае вялікае возера ў нашай краіне. Яго плошча складае амаль 80 квадратных кілямэтраў, сярэдняя глыбіня — 8,9 мэтраў, а максымальная — да 24,8 мэтраў каля ўсходняга берага насупраць вёскі Гатавічы.
Але пакупаўшыся ў Нарачы, можна атрымаць цэркарыёз. Гэта запаленьне скуры ў выніку заражэньня лічынкамі глістоў ад вадаплаўных птушак і малюскаў. У Нарачы спадзісты спуск у ваду, і прыбярэжная вада добра выграваецца, што правакуе актывізацыю мікраарганізмаў. Затое ў Нарачы вельмі празрыстая вада — бачнасьць дасягае 5-7 мэтраў улетку і 10 мэтраў узімку.
Ужо ў пачатку ХХ стагодзьдзя на Нарачы існавалі прыватныя вілы, рэстаран, яхт-клюб, курсіравалі дачныя цягнікі. А пасьля таго, як у 1946 годзе былі знойдзеныя крыніцы мінэральных водаў і гаючая гразь, на Нарачы стала фармавацца курортная зона.
6.Верхавое балота Ельня
Балотны масіў Ельня на Віцебшчыне — адзін з найбольш буйных у Беларусі комплексаў верхавых і пераходных балот. Ельня разьмешчаная на водападзеле рачных басэйнаў — адсюль выцякае тры ракі, а ў балота не ўпадае ніводнай. Тут налічваецца больш за 100 азёраў, якія зьяўляюцца рэшткамі існага некалі аднаго вялікага возера.
На верхавым балоце пракладзены драўляны насьціл — экасьцежка працягласьцю ў 1,5 кілямэтры. Так што любы турыст можа прагуляцца па балоце і нават не замачыць ног.
У Ельні сустракаецца 23 віды птушак і 11 відаў расьлін, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Верхавое балота Ельня мае міжнародны статус і ахоўваецца згодна з Рамсарскай канвэнцыяй, але сваіх экалягічных праблемаў тут хапае: падчас некалі праведзенай мэліярацыі былі пракладзеныя шматлікія каналы, што прывяло да зьніжэньня ўзроўню грунтовых водаў і штогадовых буйных пажараў на балоце.
7.Прыпяць
Прыпяць называюць палескай Амазонкай — па тэрыторыі Беларусі яна цячэ 500 кілямэтраў і на многія кілямэтры разьліваецца ўвесну. Таксама раку можна параўнаць зь Нілам: як Ніл дзяліў жыцьцё эгіпцянаў на пэрыяды, так і разьлівы Прыпяці на працягу стагодзьдзяў вызначалі цыклічнасьць жыцьця беларускіх палешукоў.
Недзе 2,5 тысячы гадоў таму на Палесьсі было сапраўднае мора (ну ці вялікае возера), пра што сьведчыў старажытнагрэчаскі гісторык Герадот. А ў пойме Прыпяці сяляне быццам бы знаходзілі якары і цэлыя караблі.
8.Белавеская пушча
Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Эўропы — Белавеская пушча. Тут асобныя ўчасткі лесу маюць узрост па 250-350 гадоў.
Першае ўзгадваньне пушчы ў Іпацьеўскім летапісе датуецца 983 годам. Правілы аховы ўсталёўваюцца яшчэ пры Вітаўце, хаця ў пушчы нарыхтоўваецца мяса, а наступныя ўладары наладжваюць тут раскошныя паляваньні. У сярэдзіне XVI стагодзьдзя пры Жыгімонце Аўгусьце ў пушчы пабудавалі чатыры жалезаапрацоўчыя заводы, а таксама здабывалі смалу, курылі дзёгаць, выпальвалі вугаль і спрабавалі наладзіць сплаў лесу.
Пасьля ўваходу ў Расійскую імпэрыю значная частка пушчы была раздадзеная Кацярынай II сваім набліжаным. Толькі ў 1821 годзе зьявіўся загад аб забароне ўсякай тут высечкі і паляваньні, праўда, перад тым у 1811 годзе з-за засухі адбыўся вялікі пажар — лес гарэў з траўня па кастрычнік.
Пушча зьяўлялася апошнім прыродным месцам пражываньня зубра. Каб захаваць гэты від, у 1875 годзе на частцы пушчы ўстанаўліваецца больш строгі рэжым гаспадаркі. Мікалай II у 1897 годзе дае ўказаньне не імкнуцца да выманьня найбольшага прыбытку і паклапаціцца пра тое, каб тут захаваўся характар першабытнага лесу.
Пэрыяд падчас Першай сусьветнай вайны быў самымі цяжкім для пушчы па эксплюатацыі яе багацьцяў — напрыклад, за 2,5 гады ў Нямеччыну было вывезена амаль столькі драўніны, колькі нарыхтавана за ўсю папярэднюю гісторыю. З 1921 году польскія ўлады сталі паступова пашыраць запаведную зону пушчы, і ў гэтым жа годзе былым лесьніком пушчы Варфаламеем Шпаковічам быў забіты дзеля мяса апошні вольны белавескі зубр.
Павал Берасьнёў для Радыё Свабода