«Мая міліцыя мяне беражэ», лёс санкцыяў Эўразьвязу і расейскі ўльтыматум па Данбасу

«Трайны удар. Тры пытаньні для трох аналітыкаў». Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

Тры пытаньні:

  • Чаго Лукашэнка хоча ад міліцыі?
  • Ад сёньня застаецца роўна месяц да сканчэньня тэрміну «замарозкі» санкцыяў адносна Беларусі. Якім будзе іх лёс?
  • Чаму на гэтым тыдні Расея і сэпаратысты выставілі новыя патрабаваньні на перамовах па Ўкраіне ў Менску?


Чаго Лукашэнка хоча ад міліцыі

Карбалевіч: Прапаную абмеркаваць сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам міністэрства ўнутраных справаў, тыя рэчы, якія ён агучыў, і высновы, якія можна зрабіць з вынікаў гэтай сустрэчы. Я так разумею, што ня ўсё, што там гаварылася, стала публічным, але з тых тэзаў, якія прагучалі ў СМІ, я б найперш зьвярнуў увагу на такі момант. Лукашэнка сказаў, што ён супраць таго, каб абмяжоўваць продаж алькаголю ў крамах. Гэта дзіўна, таму што, паводле аналізу міністэрства ўнутраных справаў, ад гэтага залежыць і ўзровень злачынства. Відаць, ён выступіў супраць, зыходзячы з таго, што патрэбна папаўненьне бюджэту. Я б хацеў такое пытаньне паставіць: чаго дамагаецца Лукашэнка ад міліцыі?

Валер Карбалевіч

Таму што ягоныя заявы былі даволі супярэчлівымі. З аднаго боку, ён патрабуе, каб міліцыянты не «кашмарылі» бізнэсоўцаў, зь іншага боку, кажа, што мала буйных карупцыйных справаў. З аднаго боку, нібыта падтрымлівае захады МУС па лібэралізацыі заканадаўства па нейкіх дробных парушэньнях, з другога — папярэджвае, каб не перагнулі кій, патрабуе жорсткасьці. Самая лепшая прафіляктыка — гэта «жэстачайшае» пакараньне, як ён кажа. Чалавеку, які ўсё гэта чытае і слухае, цяжка зразумець, што рабіць міліцыі і як гэта ўспрымаць.

Дракахруст: Мяне ва ўсім гэтым выступе найбольш зьдзівіла тое, чаго там не было — камэнтару Лукашэнкі па справе журналіста Паўла Дабравольскага, зьбітага міліцыяй ў будынку суду днямі. Гэта вельмі актыўна абмяркоўвае беларускае грамадзтва, людзі пішуць лісты, заявы, ужо АБСЭ адрэагавала на гэта. Гэтая справа ператварылася ў палітычную, бо зьвязаная з санкцыямі. Кіраўнік дзяржавы зьбірае нараду якраз з гэтым ведамствам — і пра гэта не сказана ані слова. Ані слова «за», маўляў, усё па законе, яшчэ мала далі, але і ані слова «супраць» — маўляў, нешта вы нахамуталі, дарагія таварышчы міліцыянэры. Такое ўражаньне, што Лукашэнка захоўвае за сабой розныя магчымасьці. Калі будзе вялікі шум, міжнародная рэакцыя, сапраўды пагроза аднаўленьня санкцыяў — можа і будуць сказаныя нейкія словы. Але зараз, мне здаецца, гэтая паўза вельмі важная.

Глод: Я цалкам разумею, чаму Лукашэнка пра гэта не сказаў. Ён разьлічваў, што гэты выступ пойдзе на экран, і яго будуць глядзець звычайныя людзі, якія працуюць у калгасе, на заводзе, якіх зусім не цікавіць журналістыка, якія ня бачаць інтэрнэту, якія проста ня ведаюць пра гэты выпадак. І ўздымаць пытаньне там, дзе не патрэбна, Лукашэнка ня стаў.

Уражаньне, што Лукашэнка захоўвае за сабой розныя магчымасьці. Калі будзе міжнародная рэакцыя — можа і будуць сказаныя нейкія словы


Тут невядома, наколькі настойліва сябе далей павядуць міжнародныя, праваабарончыя арганізацыі — таму, пакуль няма яснай карціны, лепш прамаўчаць. Гэта Лукашэнка ў сваім звычайным выглядзе. Калі паслухаць любую доўгую прамову Лукашэнкі, амаль адразу можна зразумець, што яна ўтрымлівае супрацьлеглыя моманты. Міліцыя скардзіцца, што прадаюць уначы гарэлку, што гэта разьвівае крымінал — і гэта правільна. Але ўсе ведаюць, што нішто так не дае лёгкія і вялікія грошы, як продаж алькаголю. І Лукашэнка разумее, што гаварыць можна пра мараль і крымінал адно, але асабліва зараз, калі грошай катастрафічна не хапае, спыняць продаж алькаголю ўначы бессэнсоўна. Ён тут дагадзіў абодвум бакам.

Карбалевіч: Я мяркую, што Лукашэнка гаварыў на гэтай нарадзе пра гэты выпадак, але гэта ня трапіла ў сродкі масавай інфармацыі. І зразумела чаму: калі пачаць крытыкаваць міліцыю, то ў іншай сытуацыі яна ня будзе ведаць, як сябе паводзіць, а так міліцыянты ведаюць, што яны атрымалі поўны карт-блянш. Калі моцна паб’юць — за гэта пакараньня ня будзе, а вось калі праявяць слабіну, лібэралізм — за гэта можа быць пакараньне.

Санкцыйныя ростані

Глод: Ёсьць тры магчымыя варыянты наконт лёсу санкцыяў. Першы — адмяніць санкцыі канчаткова. Другі — ізноў вярнуцца да іх, маўляў, Беларусь нічога не зрабіла на шляху дэмакратызацыі. Трэці — працягнуць «замарожваньне», прыпыненьне санкцыяў яшчэ на нейкі тэрмін. Напрыклад, да заканчэньня выбарчай парлямэнцкай кампаніі, то бок да канца верасьня.

Зьняцьце санкцыяў, атрыманьне крэдыту МВФ і перакананьне Пуціна не настойваць на адкрыцьці расейскай авіябазы — важнейшыя мэты беларускага кіраўніка на 2016 год.


Мне падаецца, што Лукашэнку вельмі патрэбна дамагчыся поўнага зьняцьця санкцый. Вельмі важна ў цяперашні беларускі крызіс заявіць: вось бачыце, цяпер і на Захадзе зразумелі тое, пра што я столькі гадоў казаў — нельга размаўляць з беларусамі на мове санкцыяў. Гэтая праблема зьняцьця санкцыяў разам з праблемамі атрыманьня крэдыту Міжнароднага Валютнага Фонду і перакананьнем Уладзімера Пуціна не настойваць на адкрыцьці расейскай авіябазы — важнейшыя мэты беларускага кіраўніка на 2016 год.

Уладзімер Глод


У пляне вырашэньня першай праблемы вельмі важным зьяўляецца візыт у Менск, які пачаўся ўчора, намесьніка старшыні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Кента Харстэда, які, дарэчы, быў кіраўніком кароткатэрміновых назіральнікаў ад АБСЭ ў кастрычніку 2015-га году на прэзыдэнцкіх выбарах, і дырэктара Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Міхаэля Георга Лінка. Я зьвярнуў увагу на рыторыку старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай падчас сустрэчы з гэтымі спадарамі.

Калі раней ёй задавалі пытаньне, ці можна зрабіць нейкія зьмены перад выбарамі, то яна заўжды адказвала: немагчыма, таму што ёсьць Вэнэцыянская камісія, якая раіць нічога не зьмяняць у выбарчым заканадаўстве, калі застаецца менш за год да правядзеньня выбараў. Гэтым разам пасьля сустрэчы з дырэктарам БДІПЧ было заяўлена, што Цэнтарвыбаркам праз свае пастановы паспрабуе палепшыць практыку правядзеньня выбараў. Гэта азначае, што ўлады абяцаюць пэўныя зьмены, узамен чакаючы адмену санкцый.

Дракахруст: Здаецца, такая сытуацыя, як падвешаная морква, аказваецца эфэктыўным сродкам дзеяньня. Бо калі санкцыі дзейнічаюць і ўладам кажуць — «пакуль вы ня станеце дэмакратыяй, санкцыі будуць», абмежаваньні губляюць частку сваёй моцы. Улады разважаюць: ну, дэмакратыяй мы ня станем і не зьбіраемся, і няма чаго рабіць высілкі і крокі насустрач. Зь іншага боку, калі ўявіць, што санкцый няма, то, як казаў герой фільму «Место встречи изменить нельзя»: «Нет у вас методов против Кости Сапрыкина». Што вы нам зробіце? Скажаце, што мы кепскія? Ну ладна, мы гэта як-небудзь перажывем.

А калі такая сытуацыя, падвешаная, калі санкцыі могуць аднавіць, а могуць і не аднаўляць, могуць прыпыніць ці скасаваць, то Менск на гэта рэагуе, хай сабе і рытарычна. Мне асабіста працяг «замарозкі» да завяршэньня парлямэнцкіх выбараў уяўляецца найбольш імаверным варыянтам. Кіраўнік БДІПЧ прывёз у Менск канчатковую ацэнку прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. Яна ня надта адрозьніваецца ад прамежкавых ацэнак — выбары былі несвабодныя, недэмакратычныя. Гэтая ацэнка, разам з той жа сытуацыяй са зьбіцьцём Паўла Дабравольскага, хутчэй за ўсё да такога рашэньня і прывядзе.

Чым больш праблемаў у ЭЗ і ў яго адносінах з Расеяй, тым больш шанцаў мае беларуская ўлада атрымаць станоўчы вынік наконт санкцый


Карбалевіч: Я таксама не магу сабе ўявіць, каб санкцыі аднавіліся. Зараз ідуць дэбаты ў Эўразьвязе наконт падаўжэньня «замарозкі» санкцыяў да заканчэньня парлямэнцкіх выбараў ці адмены. Ідзе пошук кампрамісу з абодвух бакоў, але тая сытуацыя, у якой апынуўся ЭЗ, ідзе на карысьць афіцыйнаму Менску. Чым больш праблемаў у самім Эўразьвязе і ў яго адносінах з Расеяй, тым больш шанцаў мае беларуская ўлада атрымаць нейкі станоўчы вынік наконт гэтых санкцый. Ва ўльтыматыўным стылі пытаньне ніхто ставіць ня будзе, маўляў, вы выконвайце тыя рэкамэндацыі, якія ў канчатковай справаздачы БДІПЧ сфармуляваныя, і толькі тады мы адменім санкцыі. У Эўропе разумеюць, што на свабодныя выбары Лукашэнка ня пойдзе, таму — гэта менавіта рэкамэндацыі. Беларускі бок таксама паводзіць сябе, скажам так, кампрамісна. Раней ён звычайна казаў: гэта ўвогуле ня ваша справа, мы выбары робім для беларускага народу. Цяпер афіцыйныя асобы кажуць па-іншаму: ну, мы паглядзім, будзем тут спрабаваць нешта зрабіць. Ідзе дыпляматычная гульня з абодвух бакоў, і сапраўды, самы аптымальны варыянт — гэта мараторый да канца парлямэнцкіх выбараў.

Дракахруст: Уладзімер, вы ведаеце кухню Цэнтарвыбаркаму, на ваш погляд, што менавіта яны могуць саступіць? Ці дакладней — якую «пацёмкінскую вёску» збудаваць? Найбольш яскравы выпадак такой «рэформы» выбарчага заканадаўства быў зьвязаны з прадстаўніцтвам грамадзкіх арганізацый у выбарчых камісіях. Некалькі гадоў таму на гэтым настойваў БДІПЧ. Што зрабілі беларускія ўлады? Зьмянілі адпаведны пункт заканадаўства, запісалі, што дзьве траціны чальцоў камісіяў павінны быць ад грамадзкіх арганізацый. Вось, калі ласка: як Эўропа папрасіла. Але сутнасьць якая была? Гэтымі грамадзкімі арганізацыямі былі БРСМ, «Белая Русь». І пасьля беларуская ўлада, як той казаў, глядзела блакітнымі вочкамі на Эўропу: «А што — вы мелі на ўвазе штосьці іншае?». Ня выключана, што і зараз будзе нейкі трук, які фармальна будзе адпавядаць эўрапейскім пажаданьням, але па сутнасьці зразумела чым будзе.

Карбалевіч: Самым галоўны элемэнт гэтага труку, я думаю, будуць празрыстыя скрыні.

Лазавік: Мы будзем прапаноўваць зрабіць камісіі на парлямэнцкія выбары 2016 году больш плюралістычнымі


Глод: На апошніх выбарах было 75 тысяч чальцоў выбарчых камісіяў. Зь іх апазыцыйныя партыі прадстаўлялі 33 чалавекі. Гэта гаворыць пра тое, што заканадаўства фармальна зьмянілі, але прасунулі не апазыцыйных палітыкаў, а людзей, якія абсалютна ляяльныя ўладзе. Учора я размаўляў з Мікалаем Лазавіком, сакратаром ЦВК, пасьля сустрэчы кіраўніцтва ЦВК са старшынём БДІПЧ. Ён сказаў: мы будзем прапаноўваць зрабіць камісіі на парлямэнцкія выбары 2016 году больш плюралістычнымі. І тут жа дадаў сказ, які гаварыў і раней: «Але ж тыя органы, мясцовыя выканкамы і саветы, якія ствараюць камісіі, нам не падпарадкоўваюцца». Раней на гэтым уся размова канчалася, але Лазавік сказаў і трэці сказ, і гэта вельмі важна: «Як гэта зрабіць рэальна — Лідзія Міхайлаўна будзе размаўляць на гэтую тэму, будзе ўздымаць гэтае пытаньне перад прэзыдэнтам». Так што ці сапраўды ёсьць нейкае жаданьне нешта палепшыць, ці гэта чарговы трук — паглядзім.

Новыя патрабаваньні Масквы на перамовах па Ўкраіне

Дракахруст: Чаму на гэтым тыдні Расея і сэпаратысты выставілі новыя патрабаваньні на перамовах па Ўкраіне ў Менску?

Гэтыя патрабаваньні ўключаюць у сябе амністыю для ўсіх удзельнікаў баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, квотаў для сэпаратысцкіх тэрыторыяў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, фактычна поўнай самастойнасьці Данбасу, а таксама права вэта для Данбасу на зьнешнепалітычныя рашэньні ўкраінскай дзяржавы. То бок, калі Ўкраіна вырашае ўвайсьці ў НАТО, а Данбас кажа «не», то Ўкраіна пра сяброўства ў НАТО забывае.

Юры Дракахруст


Пры жаданьні пункты пра амністыю і аўтаномію можна вычытаць у менскіх пагадненьнях, але права «залатой акцыі» для Данбасу ў зьнешняй палітыцы Ўкраіны няма нават там.

Чаму Расея і сэпаратысты, а дакладней Расея, так фармулюе сваю пазыцыю?

Набліжаецца гадавіна заключэньня менскіх пагадненьняў. Нягледзячы на шмаьлікія хібы, усе спасылаюцца на іх. Ва ўкраінскай Вярхоўнай Радзе ёсьць праблемы з канстытуцыйнымі зьменамі наконт асобага статусу Данбасу, у прэзыдэнта Парашэнкі няма канстытуцыйнай большасьці, каб іх зацьвердзіць.

І ў гэтай сытуацыі Масква хоча ўскласьці на Кіеў адказнасьць за зрыў пагадненьняў. Зразумела, што Расея і сэпаратысты самі не выконваюць адпаведныя пункты пагадненьняў, пераходу мяжы пад кантроль украінскага ўраду няма і блізка.

Масква хоча ўскласьці на Кіеў адказнасьць за зрыў пагадненьняў


Але Масква сваім дэмаршам, які Кіеў ня мае намеру, а можа і магчымасьці задаволіць, па-свойму расстаўляе акцэнты, накіроўвае адпаведнае пасланьне эўрапейскім партнэрам Украіны — бачыце, пагадненьні не выконвае ўкраінскі бок. У эўрапейскім спрэчках наконт таго, працягваць ці не санкцыі адносна Расеі, гэта можа быць аргумэнтам.

Глод: Адразу, калі зьявіўся новы перамоўнік у менскай групе ад Расеі, я маю на ўвазе Барыса Грызлова, я падумаў, што будзе нешта незвычайнае. Усё ж Грызлоў былы сьпікер Дзярждумы, былы міністар унутраных справаў РФ, ён, дарэчы, застаецца чальцом Рады бясьпекі Расеі, куды, разам з Пуціным, уваходзіць усяго 13 чалавек.

Як мне падаецца, Расея зараз мае даволі сур’ёзныя ўнутраныя праблемы — трэба неяк народу тлумачыць, чаму санкцыі не здымаюцца. І самае простае — патлумачыць, што не з-за віны Расеі, а таму, што вінаватая Ўкраіна. Таму ставяцца фактычна невыканальныя для Ўкраіны пытаньні, каб пасьля сказаць: мы гатовыя, але гэта Кіеў нічога ня робіць. Да таго ж, ёсьць прэзыдэнт Парашэнка, але ёсьць і Вярхоўная Рада, дзе ў Парашэнкі няма абсалютнай бальшыні. І мэта новых прапановаў Масквы — яшчэ мацней пасварыць прэзыдэнта Ўкраіны зь Вярхоўнай Радай, убіць клін. Грызлоў фактычна праводзіць гэтую палітыку.

Мэта новых прапановаў Масквы — пасварыць прэзыдэнта Ўкраіны зь Вярхоўнай Радай. Грызлоў праводзіць гэтую палітыку


Карбалевіч: Пра гэтыя мэты Расеі ў канфлікце даўно казалі дасьведчаныя экспэрты — атрымаць з дапамогай Данбасу кантрольны пакет акцыяў да ўнутранай і зьнешняй палітыкі Ўкраіны. Я лічу, што менскія пагадненьні невыканальныя ў сёньняшніх умовах, з улікам тых пазыцыяў, якія займаюць абодва бакі. Напрыклад, як правесьці выбары на тэрыторыі ДНР і ЛНР па ўкраінскім заканадаўстве? Іх можна правесьці толькі тады, калі кантроль Украіны будзе над гэтымі тэрыторыямі. І ніяк інакш.

На мінулым тыдні міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў выказаў пазыцыю Расеі, падобную да той, якую вы, Юры, рэканструявалі з дэмаршу Грызлова і сэпаратыстаў: вінаватая ў невыкананьні менскіх пагадненьняў Украіна, а Захад, які заняў пазыцыю, паводле якой пакуль ня будуць выкананыя гэтыя пагадненьні, санкцыі ня будуць адмененыя, трапіў у пастку. Такім чынам, гэта падвышэньне ставак Масквы ў яе гульні з Захадам: паставіць Захад перад выбарам, адзін з варыянтаў якога — жорсткі ціск на Ўкраіну. Я ня ўпэўнены, ці дакладна пралічылі ў Маскве ўсе наступствы такой пазыцыі, але мэта менавіта такая.