Маркелава адновяць у БДУ, калі ён заплоціць за тое, што ўжо ведае

Пятро Маркелаў

Актывіст і былы студэнт-выдатнік думае, ці плаціць яму за навучаньне на курсе, які ён ужо праходзіў.

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт згодны аднавіць на вучобе Пятра Маркелава, адлічанага пасьля Дня волі ў 2015 годзе. Але аднавіць яго могуць на платнай аснове і на чацьвертым сэмэстры, хаця той скончыў амаль шэсьць. Як распавёў Маркелаў Свабодзе, ён яшчэ думае, ці аднаўляцца на такіх умовах:

Я ня ўпэўнены, ці пайду зараз вучыцца, бо грошай столькі няма, а трэба плаціць за год таго, што я ўжо ведаю.

«Ня ведаю, ці былі шанцы аднавіцца на бясплатнай аснове. Як бы ўсе вучацца на фізфаку на бясплатнай, там недабор, і аднаўляюць звычайна на бясплатнай. Я ня ўпэўнены, ці пайду зараз вучыцца, бо грошай столькі няма, а трэба плаціць за год таго, што я ўжо ведаю. Я-та хачу, але я мо і не магу. Шукаю варыянты, можа, напішу ліст рэктару, папрашу пераглядзець рашэньне».

Афіцыйна Маркелаў быў выключаны за пропускі заняткаў пры сярэднім бале ў 8,6. Да адлічэньня Маркелаў балятаваўся ў дэпутаты Менскага гарадзкога савету ў 2014 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015-га быў актыўным назіральнікам і ладзіў відэатрансьляцыю з выбарчага ўчастку, спрабаваў зарэгістраваць студэнцкае аб’яднаньне «Інтэрмарыюм», якое бараніла б адлічаных студэнтаў.

Ці зьбіраецца Пятро працягваць палітычную дзейнасьць, калі адновіцца на вучобе?

«Так, канешне, я б хацеў рабіць тое, чым займаўся. Ня тое, каб мяне папярэджвалі прамым тэкстам, але казалі ня ганьбіць факультэт, ускосна казалі не займацца гэтым».