Традыцыйна падвядзеньне вынікаў мінулага году актывісты праводзяць 28 студзеня — у дзень, калі Магілёву было нададзена Магдэбурскае права (1577). Сёлетняе ўганараваньне «Грамадзкі магістрат» правёў у пяты раз.
Чалавекам году стаў гісторык Аляксандар Агееў, а падзеяй году — ўсталяваньне памятнай дошкі рупліўцу беларускай культуры, рэжысэру-тэатралу Валянціну Ермаловічу.
Пераможцы ў намінацыях вызначаліся па згадках у сродках масавай інфармацыі, сацыяльных сетках, а таксама актыўнымі сябрамі аб’яднаньня «Грамадзкі магістрат» на адмысловым пасяджэньні.
Аляксандар Агееў, паводле «Грамадзкага магістрату», стаўся ініцыятарам беларусізацыі прыпынкаў грамадзкага транспарту, актыўна спрычыніўся да збору сродкаў на стварэньне ды ўсталяваньне памятнай дошкі Валянціну Ермаловічу, а таксама чынна ўдзельнічаў у іншых праектах і арганізацыях, якія спрыяюць грамадзянскай самаарганізацыі.
Аляксандар Агееў у гутарцы з журналістам Свабоды зазначыў, што ягоная перамога ў намінацыі «Чалавек году» падкрэсьлівае не ягоныя заслугі, а заслугі іншых людзей, якім ён дапамагаў у ажыцьцяўленьні іхных спраў.
Больш вартым пераможцам быў бы, на ягоную думку, старшыня гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў, які за мінулы год правёў шмат крэатыўных беларускамоўных мерапрыемстваў.
Адказваючы на пытаньне Свабоды пра беларусізацыю прыпынкаў грамадзкага транспарту, Аляксандар Агееў падкрэсьліў, што і тут ягонай заслугі няшмат. Ён толькі прапанаваў гэтую ідэю на пасяджэньні тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме, і намесьнік старшыні гарвыканкаму Андрэй Кунцэвіч яе падтрымаў:
«Ён сказаў: давайце будзем падпісваць прыпынкі ня толькі на адным баку вуліц, а на двух. І калі будуць зьяўляцца новыя прыпынкі, то іх адразу падпісваць на беларускай мове, каб не было перакосаў толькі ў бок расейскай», — зазначыў сёлетні пераможца намінацыі «Чалавек году».
«Мы адзначаем падзеі, зьвязаныя з салідарнасьцю магілёўцаў», — казаў перад агучваньнем намінантаў на «Падзею году» вядоўца імпрэзы гісторык Ігар Пушкін. — Тое, што робіцца не за заробак, а тое, што робіцца ад душы, на карысьць іншых».
Усталяваньне памятнай дошкі на доме, дзе жыў Валянцін Ермаловіч — «гэта даніна павагі, наш абавязак перад памяцьцю Валянціна Іванавіча», казаў на імпрэзе кіраўнік абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Яраслаў Клімуць. Ён адзін з ініцыятараў і натхняльнікаў акцыі па ўвекавечваньні імя кіраўніка першай адраджэнскай суполкі ў найноўшай магілёўскай гісторыі — філіі «Мартыралёгу Беларусі».
«Мы мусілі замацаваць прысутнасьць Валянціна Іванавіча з намі. Ён — прыклад таго, як трэба любіць сваю радзіму, як трэба шанаваць беларускае слова і ня проста шанаваць, а ўмець змагацца за яго даступнымі інтэлігентнымі захадамі», — сказаў, атрымліваючы грамату пераможцы ў намінацыі «Падзея году», Яраслаў Клімуць.
Уганараваньне грамадзкіх дзеячаў адбылося ў антыкавярні «Паддашак». На імпрэзу прыйшлі блізу трох дзясяткаў чалавек.