У «цэнтральным органе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь» — «Белорусской военной газете» — выйшаў артыкул Уладзімера Сідарава «По лекалам «Гітлерюгенда».
Тэма публікацыі заяўленая ў самым пачатку (цытую ў перакладзе на беларускую):
«Калі супаставіць дзьве моладзевыя арганізацыі, заснаваныя ў Эўропе зь невялікім для гісторыі інтэрвалам — усяго ў 70 гадоў, дык можна выявіць у іх дзейнасьці нямала дзіўных паралеляў. Першая была заснаваная ў Вэймарскай рэспубліцы, у гады яе заняпаду. Другая — у Беларусі, якая адправілася ў «вольнае плаваньне» пасля распаду СССР. Абедзьве — нацыяналістычнага, а калі больш дакладна, нацысцкага толку. Першая называлася «Гітлерюгенд», а другая мае назву «Малады фронт».
Канец цытаваньня.
Ёзэф Гэбельс вывеў унівэрсальную формулу прапаганды: «Чым больш неверагодная хлусьня — тым хутчэй у яе павераць», і я ня буду прыводзіць абразьлівыя словы ды хлусьню, выказаную ў адрас Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча, іншых беларускіх патрыётаў.
Ня буду прыгадваць і нягеглыя, нацягнутыя паралелі паміж «гітлерюгендам» і «Маладым Фронтам» — марны занятак. Але адну — самую бяскрыўдную — прывяду:
«Гітлерюгенд рэгулярна праводзіў вайскова-спартовыя спаборніцтвы сярод моладзі. У вясковых раёнах ствараў лягеры, у якіх праводзілася шыхтавая падрыхтоўка. Нават словы гімну гэтай арганізацыі насілі мілітарысцкі, агрэсіўны характар. Сябры арганізацыі называлі сябе будучымі салдатамі.
Актывісты „Маладога фронту“ недалёка адышлі ад свайго гістарычнага прататыпу. Яны паведамілі пра стварэньне сеткі спартова-патрыятычных „антыімпэрскіх“ клюбаў, дзе маюць намер заняцца выхаваньнем моладзі ў нацыянальным духу».
Ну, што акурат спартовымі спаборніцтвамі займаецца БРСМ, і лягеры таксама стварае — пра гэта газэта міністэрства абароны не прыгадала.
Прыкметна тут, аднак, тое, што ў выхаваньні ў «нацыянальным духу» аўтар бачыць крамолу.
Заўважце: нават не ў «нацыяналістычным» — у «нацыянальным».
У нацыянальным (чытай — у беларускім) духу выхоўваць моладзь — нельга.
А ў якім можна? У прарасейска-імпэрскім?
Менавіта ў такім духу («здесь русский дух, здесь Русью пахнет») выхоўваюцца юнакі і дзяўчаты ў летніках, якія на тэрыторыі Беларусі, зусім не хаваючыся, ствараюць «казакі» пад «духоўным» патранажам РПЦ. І сьцягі там — вельмі падобныя да тых, альбо нават тыя самыя, якія выкарыстоўваюцца ў так званых ДНР і ЛНР. І мэта аднолькавая — «воссоединение Великой России» .
Зрэшты, практычна тую ж самую мэту дэкляруе і само выданьне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь — калі з нумара ў нумар друкуе няспынны енкі па «некалі вялікай краіне», па Савецкім Саюзе.
У якой заўгодна краіне газэта, якая ставіць пад сумнеў незалежнасьць краіны (а значыць, і яе Канстытуцыю) — была б закрытая. Закрытая паводле закону гэтай самай краіны.
Але толькі ня ў Беларусі.
Бо ў Беларусі, на 25-ым годзе яе незалежнасьці, у самім Міністэрстве абароны працуюць афіцэры, якія лічаць вышэйшым шыкам хваліцца сэлфі з тымі ж самымі сьцягамі ЛНР і ДНР. Ну і з расейскім таксама.
Цяпер некаторыя палітычныя аналітыкі пішуць, што Лукашэнка, зразумеўшы, што месца гаспадара Крамля яму ня сьвеціць (а пры хворым Ельцыне такія надзеі існавалі), і ўсьвядоміўшы, чым можа скончыцца для яго занадта шчыльнае сяброўства з Масквой — узяў курс на ўмацаваньне незалежнасьці краіны.
Ня буду цяпер разьвіваць аргумэнты супраць такой, на мой погляд, празьмерна аптымістычнай, ацэнкі. Лукашэнка, як я перакананы, ня ёсьць прыхільнікам беларускай незалежнасьці як абсалютнай каштоўнасьці — незалежнасьць яму важная выключна і толькі як інструмэнт утрыманьня ўлады.
Але нават і пры гэтым войска, якім кіруюць («духоўна» — таксама) тыя, хто імкнецца да аб’яднаньня з Расеяй, — найвялікшая пагроза і для яго.
Іншымі словамі, у выпадку загаду з маскоўскага Генштабу генэралы і палкоўнікі так званага беларускага войска за пяць хвілінаў ўздымуць над вайсковымі часткамі (і канешне — над будынкам Міністэрства абароны) расейскія сьцягі. І — пры патрэбе — выведуць на вуліцы танкі і бронетранспартэры.
А пра лёс былога кіраўніка краіны А. Р. Лукашэнкі назаўтра можна будзе прачытаць на старонках «Белорусской военной газеты».
Праўда, слова «белорусской» з назвы, трэба думаць, выпадзе.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркаваньне аўтара.