На 28 студзеня ў Гомельскай вобласьці зарэгістравана сем выпадкаў грыпу H1N1, які называюць сьвіным, — у Гомелі, Добрускім і Рагачоўскім раёнах.
Пра гэта паведамляе БелаПАН з спасылкай на Гомельскі абласны цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя.
У Гомельскай вобласьці адзначаецца сэзонны рост захворваньня на ВРІ, характэрны для гэтага пэрыяду году, зафіксаваныя таксама выпадкі грыпу H1N1. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году захворваньне на ВРІ ніжэй на 18%.
Гомельскія паліклінікі будуць працаваць па суботах і нядзелях з 29 студзеня да 29 лютага.
Згодна з загадам управы аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму, такая мера павінна забясьпечыць даступнасьць мэдычнай дапамогі ў пэрыяд сэзоннага падвышэньня захворваньня на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі.