У Магілёве да Міжнароднага дня памяці ахвяраў Галакосту нерасчышчанай засталася пляцоўка з памятным знакам мясцовым габрэям, якія загінулі ад нацызму, а сам помнік — замецены сьнегам.
Камень з высечанымі далонямі на вуліцы імя Лазарэнкі завеяны. Не расчышчаны і ходнік да яго.
Знак у памяць пра габрэяў — ахвяраў нацызму ўсталяваны на месцы, дзе фашысты ў 1941 годзе плянавалі зрабіць уваход на тэрыторыю створанага імі гета. Дагэтуль невядома, колькі дакладна габрэяў было забіта ў Магілёве. Гісторыкі кажуць пра дзесяць-дванаццаць тысяч.
Высечаныя адбіткі далоняў на камені — асноўны элемэнт помніка. Паводле задумы, калі чалавек дакранаецца да далоні, ён адчувае душу чалавека, які загінуў у гета.
Памятны знак «Габрэям — ахвярам нацызму» стаіць у цэнтры гораду.