Калі параўноўваць гандлёвы таваразварот з гэтым жа пэрыядам 2014 году, то падзеньне на рынках Эўрапейскага Зьвязу складае —28,9%, а на рынках Эўразійскага эканамічнага саюзу — 27,0%.
«Галоўны чыньнік падзеньня прыбытку на Захадзе — падзеньне цэнаў на нафтапрадукты, якія мы туды прадаём, — тлумачыць эканаміст Леў Марголін. — А гэта наш асноўны экспартны тавар у Эўразьвяз.
А мінус на абшарах Эўразійскага эканамічнага саюзу выкліканы крызісам у гэтых краінах. Яны ўсе, хто крыху болей, хто крыху меней, моцна трапілі пад эканамічнае падзеньне. Калі стваралі ЭАЭС, Пуцін, Назарбаеў і Лукашэнка абяцалі насельніцтву сваіх краін залатыя горы. А рэальна мы бачым адваротнае.
У нас скарачэньне адбылося ня толькі ў гандлі з Расеяй — на 30%, але і з усімі іншымі партнэрамі па гэтым саюзе: з Казахстанам — на 18%, з Кіргізстанам — на 49%, з Армэніяй — на 5%. Так што абяцаных правадырамі плюсоў нідзе няма».