У дзень народзінаў героя «Нябеснай сотні» беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, які адным зь першых загінуў на Эўрамайдане, у Кіеве прайшло шэсьце ягонай памяці.
Увечары ў аўторак актывісты шэрагу патрыятычных арганізацыяў сталіцы Ўкраіны ўдзельнічалі ў шэсьці памяці Міхала Жызьнеўскага, арганізаваным рухам салідарнасьці «Разам».
Шэсьце да дня народзінаў беларускага героя Ўкраіны прайшло праз увесь цэнтар гораду, у тым ліку і праз майдан Незалежнасьці, да помніка Жызьнеўскаму на вуліцы Грушэўскага, дзе ён загінуў ад міліцэйскай кулі.
На чале шэсьця зь бел-чырвона-белым сьцягам крочыў добраахвотнік Тактычнай групы «Беларусь» Ян Мельнікаў, далей актывісты несьлі велізарнае бел-чырвона-белае палатно.
Ля месца забойства Міхася Жызьнеўскага адбыўся невялікі жалобны мітынг, на якім выступілі людзі, якія асабіста ведалі героя.