Як інтэгралаўскія пэнсіянэры сталі «жалязячнікамі» ў стартапе

Менская кампанія R-NOX пайшла незвычайным для Беларусі шляхам: пакуль большасьць стартапаў займаецца распрацоўкай праграмаў, яны ствараюць з нуля цэлыя прыборы. Прычым з дапамогай немаладых спэцыялістаў.

Міжнародная кампанія R-NOX, якая мае сядзібу ў Менску і большай часткай працуе ў Беларусі (а таксама наймае спэцыялістаў зь Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Украіны), распрацоўвае прылады для глябальнага экалягічнага маніторынгу. Сваю прадукцыю яна адносіць да «інтэрнэту рэчаў» — новага напрамку ў вырабе прыбораў, калі і гадзіньнікі, і акуляры, і тэрмастаты маюць выхад у сеціва і зьвязаныя ў лічбавую экасыстэму.

Самы вядомы напрамак іхняй дзейнасьці — радыёмэтрыя. У хуткім часе на рынак выйдзе кішэнны (але, па словах распрацоўшчыкаў, дастаткова дакладны нават для маніторынгу АЭС) дазімэтар ZIVE, які можа злучацца са смартфонам і дадаваць інфармацыю ў сусьветную базу радыяцыйнага кантролю. Сярод іншых зацікаўленьняў кампаніі — маніторынг якасьці вады і паветра, стварэньне плятформаў для маніторынгу экалягічнага стану цэлых гарадоў.

Тэхнічны дырэктар R-NOX Дзьмітры Васюк (зьлева) і і стваральнік праекту R-NOX Вадзім Радзівіл

Стваральнік і кіраўнік R-NOX 26-гадовы Вадзім Радзівіл кажа карэспандэнту Свабоды: R-NOX — гэта яшчэ стартап, першыя продажы толькі пачынаюцца:

«Мы замахнуліся адразу на вялікі праект, на маніторынг гарадоў. Мы толькі ў працэсе стварэньня першых адкрытых, open source праектаў, зь якіх не атрымліваем прыбытку, яшчэ ня выйшлі „ў нуль“. Пакуль проста спрабуем заявіць пра сябе. Засяроджаныя на разьвіцьці новых прыладаў, а не на продажы сёньняшніх».

Апярэдзіць маладых, каб нарэшце рэалізаваць сябе

Слова «стартап» звычайна асацыюецца зь юнакамі і дзяўчатамі да 30 год. Але ў маладой кампаніі з амбіцыямі на стварэньне прадукту новай лічбавай эры поруч зь юнакамі і дзяўчатамі працуюць сталыя інжынэры — такія, якіх звыклі бачыць у сьценах «Інтэграла». Радзівіл сьцьвярджае, што яны аказаліся ў нечым больш эфэктыўныя за маладых:

«Нам дапамагалі пэнсіянэры, якія працавалі ў дзяржаўных кампаніях, на заводах. Была цікавая сытуацыя: шукалі маладых супрацоўнікаў, праграмістаў, а яны не змаглі зрабіць тое, што мы хацелі. Страцілі грошы, час — давялося шукаць людзей больш адказных. І выявілася, што людзі «старой школы» больш падыходзяць для рашэньня нашых задачаў.

Часта бываюць пытаньні, наколькі чалавек ва ўзросьце гатовы вывучаць новыя тэхналёгіі. Людзі перадпэнсійнага-пэнсійнага ўзросту ў нас займаліся распрацоўкамі «з нуля». Разьвесьці новую плату — тут не скапіюеш ужо гатовае. Тое самае ў праграмаваньні, у кожнага мікрапрацэсара свая архітэктура, свае нюансы, мноства ўсяго робіцца «з нуля». І ў нас у камандзе яны не саступаюць па ведах маладым спэцыялістам.

У нас якраз тыя, хто можа даць фору маладым, нягледзячы на свой узрост, бо мае вялікі досьвед. У адрозьненьне ад софту, у «жалезе» досьвед вельмі важны, бо памылка вельмі дарагая. Калі ў софце ўсё можна лёгка выправіць, то любая памылка ў «жалезе» — вельмі вялікія грошы і вельмі доўгі час на выпраўленьне. Плюс тая ж сэртыфікацыя: калі спэцыяліст-схематэхнік не праходзіў раней сэртыфікацыю сваіх распрацовак, то пакуль не «набіў шышак», ня зможа зрабіць якасную распрацоўку.

Інжынэр R-NOX Аляксандар Кузьнечыкаў, які больш за 20 год працаваў на «Інтэграле»

Тут пытаньне яшчэ ў жаданьні і адказнасьці. Маладыя яшчэ ня ведаюць, чаго хочуць, а людзі, якія сфармаваліся, ужо хочуць рэалізаваць сябе ў нечым цікавым. А многія з тых, хто працуе на дзяржпрадпрыемствах, на тым жа «Інтэграле», маюць вялікую праблему з самарэалізацыяй. Ня важны ўзрост, важнае толькі жаданьне паўдзельнічаць у цікавым праекце. І не на кагосьці на аўтсорс, а на нешта сваё — мо каб паказаць унукам, што дзядуля не такі і стары, а нават даволі «ў тэме».

Перазапусьціць «Гарызонт»?

Дызайнэр Сяргей Гарашын праводзіць тэст ZIVE

Калі перад распадам Савецкага Саюзу Беларусь была краінай высокатэхналягічнай вытворчасьці, то сёньня шмат якія колішнія флягманы страцілі былую веліч. Разьмеркаваньнем на «Інтэграл» палохаюць студэнтаў-тэхнароў, якія лянуюцца вучыцца, а «Гарызонт» за месяц можа ня выпусьціць ніводнага тэлевізара.

Мо варта «Гарызонт» і іншых пагалоўна перавесьці ў IT-стартапы? Радзівіл ня можа згадзіцца, але кажа пра іншыя пэрспэктывы:

«Мы цяпер перажываем чацьвёртую індустрыйную рэвалюцыю, рэвалюцыю інтэрнэту рэчаў і big data [аналізу вялікіх масіваў зьвестак. — РС]. У сьвеце калясальныя зьмены, найперш зьмены ў арганізацыі грамадзтва, арганізацыі працы, асабістай арганізацыі і дзяржаўнай. Так ці іначай усё пераходзіць у IT-сэктар. Таму попыт на высакаклясных IT-спэцыялістаў будзе павялічвацца па ўсім сьвеце.

Натуральна, хто займаўся на «Гарызонце» шрубнікавай зборкай, — гэта ня тыя спэцыялісты, хто будзе патрэбны цяпер, бо цяпер зьмяншаецца праца рабочых. Каштоўныя будуць тыя спэцыялісты, якія могуць ствараць сыстэмы, праектаваць, распрацоўваць. І такіх спэцыялістаў у нас шмат засталося на прадпрыемствах. Але зноў жа — яны ня могуць сябе рэалізаваць.

Пасьля 90-х адбыўся разрыў між маладымі і дарослымі спэцыялістамі, ён не дазваляе «жалеза» вывесьці на той узровень, што ў суседзяў. А распрацоўка «жалеза» ў нас пэрспэктыўная, бо яна таньнейшая, чым у іншых краінах, калі параўноўваць зарплаты канструктараў, схематэхнікаў ці праграмістаў, і мы маем спэцыялістаў.

У асноўным у Беларусі распрацоўваюць праграмы, софт, і звычайна гэта экспарт паслуг. «Жалезам», прыладамі на замову займаюцца няшмат. Я ведаю хіба Promwad, гэта найлепшая мо ва ўсёй Усходняй Эўропе кампанія па распрацоўцы электронікі на замову, але больш такіх не назаву. Але ёсьць таксама «прадуктовыя» кампаніі, якія займаюцца сваімі ўласнымі прадуктамі ў Беларусі, каб прадаваць іх на Захадзе.

Замер радыяцыі над Атлянтычным акіянам

У Прыбалтыцы і Польшчы цяпер фармуецца эўрапейская «Крамянёвая даліна», такі стартап-хаб і з софтам, і з «жалезам». Там яшчэ ёсьць «галодныя мазгі» — людзі, якія не рэалізавалі свой патэнцыял. Цяпер туды прыходзяць вэнчурныя інвэстары з Заходняй Эўропы і Амэрыкі, якія пачынаюць інвэставаць у маладыя праекты. І гэтыя праекты ўжо «выстрэльваюць». У нас, я лічу, патэнцыял яшчэ вышэйшы за Прыбалтыку, але праз тое, што мы не спрабуем гэта разьвіваць, ідзе толькі павольнае згасаньне. А палякі і літоўцы перавабліваюць беларускіх спэцыялістаў.

Але ў нас адкрываюцца офісы амэрыканскіх і эўрапейскіх «прадуктовых» кампаніяў. Як Fitbit [буйны, калі не найбуйнейшы распрацоўшчык трэкераў для фітнэсу. — РС], які мае менскі офіс распрацоўкі. Праўда, у офісе вядзецца распрацоўка не «жалеза», а софту. Магчыма, калі б у нас быў больш дарослы, сфармаваны рынак тэхнічных спэцыялістаў, тут магла б весьціся і распрацоўка «жалеза», і прыходзіла б больш кампаніяў«.

Радзівіл ці то хваліцца, ці то наракае: да яго ня раз зьвярталіся іншыя кампаніі, якія шукалі дасьведчаных спэцыялістаў у галіне «жалеза», але сваімі ён «падзяліцца» ня можа. З гэтай прычыны яго кампанія ладзіць 6 лютага ў Парку высокіх тэхналёгіяў бясплатную канфэрэнцыю Party Hard, дзе спэцыялісты па «жалезе» розных пакаленьняў змогуць перазнаёміцца — і маладыя праекты змогуць знайсьці дарослых, дасьведчаных «жалязячнікаў».