Натхніўшыся кнігай Уладзімера Арлова, менскі дызайнэр разам зь сябрамі і паплечнікамі стварыў інтэрактыўную мапу Беларусі.
Як ён сам кажа, «каб нагадаць пра доўгую і насычаную гісторыю Беларусі». Мапа стане добрым дапаможнікам тым, хто рыхтуецца да іспытаў па гісторыі Беларусі.
У храналягічным парадку пададзеныя факты, даты, імёны і падзеі — ад Вялікага Княства Літоўскага да стварэньня так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
Аўтар праекту, дызайнэр Аляксей Чаранкевіч кажа, што гэта аматарскі праект — створаны людзьмі, якія цікавяцца гісторыяй.
Мэта праекту будзе дасягнутая, калі нейкая колькасьць людзей зацікавіцца гісторыяй альбо зьменіць сваё меркаваньне пра гісторыю Беларусі.
«Па-першае, гэта інфармацыйны праект. Па-другое, гэта дызайнэрская задача па візуалізацыі дадзеных. Мне гэты праект быў цікавы з двух бакоў: асабістае пагружэньне ў гісторыю і вырашэньне складанай задачы, якую трэба доўга вырашаць, каб атрымаўся прыгожы наглядны вынік. Мэта праекту будзе дасягнутая, калі нейкая колькасьць людзей зацікавіцца гісторыяй альбо зьменіць сваё меркаваньне пра гісторыю Беларусі. Гэта ўжо будзе вынік і дасягненьне», — кажа Аляксей Чаранкевіч.
У Фэйсбуку ўжо зьявіліся прапановы, што можна дадаць да мапы, каб удасканаліць яе. Але аўтар праекту кажа, што мапа цалкам завершаная і не патрабуе дапрацоўкі:
«Усе асноўныя падзеі, як культурныя, так і палітычныя, абазначаныя. Таму далей мапу разьвіваць няма куды, цяпер лепш сканцэнтравацца на чым-небудзь іншым».
На сайце праекту напісана, што мэта стваральнікаў — расказаць пра гісторыю Беларусі, не займаючы палітычных пазыцыяў і не зьвяртаючыся да правакацыйных фактаў.
У якасьці крыніцы для стварэньня мапы выкарыстаная кніга Ўладзімера Арлова «Ілюстраваная гісторыя. Краіна Беларусь». Мапа даступная на трох мовах — беларускай, ангельскай і расейскай.