Аўстрыя адкрывае амбасаду ў Беларусі 

Герб Аўстрыі

Ад сёньняшняга дня Аўстрыя мае сваю амбасаду ў Беларусі. Першы амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Аляксандар Байерль уручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку.

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык з гэтай нагоды паведаміў Свабодзе:

«Аўстрыйскі бок праінфармаваў нас аб сваім жаданьні мець амбасаду ў Беларусі ў траўні 2015 году, калі ў Менск прыяжджаў міністар замежных спраў гэтай краіны Сэбастыян Курц.

Дагэтуль беларускімі справамі займалася амбасада Аўстрыі ў Расейскай Фэдэрацыі. Асабіста Беларусь у Маскве курыраваў Аляксандар Байерль. Сёньня зранку ён уручыў копіі сваіх даверчых лістоў намесьніцы міністра Алене Купчыной. На сустрэчы бакі абмеркавалі актуальныя пытаньні беларуска-аўстрыйскіх дачыненьняў, а таксама праблематыку ўзаемадачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам.

Сёньня ж спадар амбасадар перадаў арыгіналы даверчых лістоў кіраўніку нашай дзяржавы».

Аляксандар Байерль — прафэсійны дыплямат. Да працы ў Маскве ён быў намесьнікам кіраўніка дыпляматычнай місіі Аўстрыі ва Ўкраіне.

Сёньня ж Аляксандру Лукашэнку перадалі свае даверчыя граматы новыя амбасадары яшчэ трох краінаў, якія і раней былі прадстаўленыя ў Беларусі амбасадамі: Вялікай Брытаніі, Вэнэсуэлы і Індыі.

Акрамя таго, кіраўнік беларускай дзяржавы атрымаў граматы яшчэ ад шасьці дыпляматаў, якія будуць працаваць у Беларусі па сумяшчальніцтве. Яны прадстаўляюць Альбанію, КНДР, Пэру, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, Сьера-Леонэ і Швайцарыю.

Калі папаўненьне амбасадаў у Беларусі ў 2016 годзе пачалося з Аўстрыі, то першай новай беларускай амбасадай у замежжы сёлета стане дыпмісія ў Грузіі. Пастанову аб яе адкрыцьці прыняў беларускі ўрад.