П’ер Рышар адмовіўся ехаць у Крым

Вядомы францускі актор тэатра і кіно П’ер Рышар адмовіўся ехаць у Крым, дзе 10-11 лютага мусіў выступіць са спэктаклямі, паведаміла РІА «Новости».

Таксама паведамляецца, што прычын адмовы арганізатары гастроляў не назвалі, але абяцаюць «сфармуляваць іх і паведаміць цягам дня». Некаторыя расейскія мэдыі без спасылкі на крыніцы ўжо паведамілі, што П’ер Рышар нібыта скасаваў паездку ў Крым «пад ціскам украінскага боку».

У 2014 годзе Расея захапіла ўкраінскі Крым і пад дуламі свайго вайсковага кантынгенту з «зялёных чалавечкаў» правяла там рэфэрэндум, якім аформіла акупацыю пад выглядам «добраахвотнага» далучэньня да Расеі. Міжнародная супольнасьць не прызнала юрысдыкцыі Расеі над украінскім Крымам. Расейскія ды замежныя артысты, дэпутаты і чыноўнікі, якія наведваюць Крым, ва Ўкраіне абвяшчаюцца неўязнымі. Гэтак адбылося з Т’еры Марыяні ды іншымі дэпутатамі Нацыянальнага сходу Францыі, якія наведалі Крым у 2015 годзе. У канцы 2015 году Служба бясьпекі Ўкраіна забараніла на 5 гадоў наведваць краіну заснавальніку групы Limp Bizkit Фрэду Дэрсту, які заявіў пра намер выступіць з канцэртамі ў Данецку і Луганску, набыць дом у Крыме, а таксама вывесіў на канцэрце банэр з надпісам Крым= Расея.