Воўчак: Залежнасьць пракуратуры і прадажнасьць судоў зводзяць на нуль антыкарупцыйныя законы

З 24 студзеня 2016 году ў Беларусі пачынае дзейнічаць абноўлены закон «Аб барацьбе з карупцыяй», які прадугледжвае новыя захады ў барацьбе з гэтай зьявай, але адначасова пашырае магчымасьці для карумпаваных чыноўнікаў пазьбегнуць ці зьменшыць адказнасьць за свае карупцыйныя дзеяньні.

Як новаўвядзеньне ацэньваюць прафэсіяналы? Якія недахопы ў барацьбе з карупцыяй працягваюць стрымліваць яе эфэктыўнасьць? На гэтыя пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак.

— Пачнём з таго, што карупцыя ёсьць ва ўсім сьвеце і ва ўсім сьвеце цалкам зьнішчыць яе немагчыма, паколькі ёсьць дзяржава, якая бярэ на сябе разьмеркавальныя функцыі, а іх выконваюць пэўныя людзі, схільныя да самых розных учынкаў, у тым ліку дрэнных. Але можна казаць пра прапорцыі: там, дзе з карупцыяй змагаюцца рэальна і прадумана, вынік значна большы. Мне давялося адмыслова вывучаць праблему барацьбы з карупцыяй у заходніх краінах і ЗША, абмяркоўваць гэтыя праблемы з адмыслоўцамі, аналізаваць сытуацыю ў Беларусі. З большага закон, які дзейнічаў і той, што ідзе яму на зьмену — яны зробленыя ў добрым накірунку. Але ў нас старая хіба: эфэкт добрага закону нівэліруецца дрэннай практыкай яго ўжываньня, да таго ж змаганьне ідзе з праявамі карупцыі, але не з тымі ўмовамі, якія яе параджаюць.

— Пры адміністрацыйна-каманднай сыстэме, якая пануе ў Беларусі, задача змагацца з карупцыяй тым больш выглядае невырашальнай. Але, усё ж. Ці ёсьць у вас пэўныя прапановы, якімі б вы раілі дапоўніць новы закон аб барацьбе з карупцыяй?

Алег Воўчак

— Прыкладам, я вывучаў досьвед змаганьня з карупцыяй у Чыкага, у 30-ыя гады мінулага стагодзьдзя гэта была там велізарная праблема. Дык добра спрацавала палажэньне, якое дазваляла чыноўніку разьлічваць на 10-15% тых грошай, якія дзяржава зьберагла, калі па ягонай інфармацыі спыніла нейкае карупцыйнае дзеяньне. Карацей, гэта банальны стымул аднаму чыноўніку інфармаваць пра карупцыю другога чыноўніка, гэтакі прыз. Канешне, трэба ўсё правяраць, каб выключыць наўмысны паклёп, але з большага такое магчыма, каб на першым этапе перамагчы саму тэндэнцыю. Бо мы бачым, што паўсюль, асабліва на сярэднім узроўні карупцыя чыноўнікаў стала нормай. Крадуць міністры, іх намесьнікі, старшыні і намесьнікі выканкамаў. Крадуць на ўсіх узроўнях ніжэй, толькі што памерам меншым. Больш за тысячу карупцыйных спраў за год, прычым іх становіцца ўсё болей — хіба гэта не параза ў змаганьні з карупцыяй, якая нібыта вядзецца ўжо 21 год праўленьня Лукашэнкі?

— Новы закон дадае магчымасьцяў супрацоўнічаць схопленым на карупцыі чыноўнікам са сьледзтвам, стымулюе іх даваць паказаньні на «калегаў», каб самім пазьбегнуць адказнасьці. Гэта добра?

— Скажу як былы сьледчы, што гэта прымальна, бо дазваляе пакараць большае кола вінаватых. Але што да сьведак карупцыйных злачынстваў, у іх абароне закон недапрацоўвае. Прыкладам, трэба дадаткова стымуляваць сьведку, які быў падначалены карумпаванага чыноўніка, бо вядома, што пасьля суду над карупцыянэрам таго сьведку іншыя чыноўнікі на парог не пусьцяць. Тут таксама патрэбныя пэўныя захады.

Але галоўнае — трэба падвысіць адказнасьць чыноўнікаў за карупцыйныя дзеяньні, а не ствараць ім дадатковыя «парашуты» на выпадак, калі іх схопяць. У большасьці краін Эўропы адказнасьць карупцыянэра-чыноўніка ўдвая большая. Не 10-12 гадоў зьняволеньня максымум, як у нас, а 20 і болей. Вось тады б не было, як у нас паўсюль, што чыноўнік накраў, пабудаваў дом, які запісаў на цётку ці палюбоўніцу, адбыў за крамамі свае 8 гадоў, выйшаў, перапісаў на сябе дом і жыве прыпяваючы. Паглядзіце на катэджы былых чыноўнікаў, мытнікаў, судзьдзяў ці пракурораў вакол гарадоў — гэта даволі часта можна назіраць.

— Акрамя антыкарупцыйнага закону, што яшчэ трэба, на вашу думку, удасканаліць, каб барацьба з карупцыяй з лёзунгу стала рэальнасьцю?

— Мне даводзілася накіроўваць прапановы ўладам краіны, але яны пакуль застаюцца без рэагаваньня. На маю думку, трэба павысіць ролю пракуратуры, якая цяпер аказалася на пэрыфэрыі барацьбы з карупцыяй. Нібыта гэтым займаюцца Сьледчы камітэт, міліцыя, КДБ, а пракуратура так, толькі адсочвае...Прапанаваў бы ўвесьці пасаду асобнага пракурора па барацьбе з карупцыяй, але каб ён быў незалежны ў сваіх дзеяньнях ад вышэйшага кіраўніцтва. Сёньня, каб завесьці справу аб карупцыі на судзьдзю ці кіраўніка мясцовай улады, трэба атрымаць дазвол у Лукашэнкі, але гэта мусіць быць працэс незалежны. Таксама трэба дамагчыся, каб усе судовыя працэсы па карупцыйных справах ішлі адкрыта, бо цяпер большасьць закрытая ці часткова закрытая, чыноўнікі заўсёды знаходзяць магчымасьць неяк прыхаваць свае сакрэты. Лічу, што ўвядзеньне абавязковай адкрытасьці карупцыйных судовых працэсаў будзе лепшым удзелам грамадзкасьці ў антыкарупцыйнай барацьбе, чым тыя «касьметычныя» захады, якія прадугледзеў новы закон. Бо што з таго, што грамадзянам даюць права ўносіць прапановы ў антыкарупцыйныя законы? Яны заўсёды могуць застацца прапановамі. Паўтаруся, што ў нас і той закон, што быў, нядрэнны, але ён не працаваў на столькі, каб была заўважаная карысьць ад яго, каб чыноўнікі не кралі. Каб тое самае не паўтарылася з новым законам, патрэбны незалежны суд і рэальны кантроль грамадзянаў.

_________________________________________

Паводле «Індэксу ўпрыманьня карупцыі», які штогод складае міжнароднай арганізацыі супрацьдзеяньня карупцыі Transparency International па дадзеных за 2014 год Беларусь заняла 119-е месца сярод 175 краін сьвету. У рэйтынгу карупцыі Беларусь аказалася разам з Мазамбікам, Сʼера-Леонэ, Танзаніяй і Віетнамам. Летась у Беларусі быў 123-ці радок. Адзначым, што Transparency International уключыла ў рэйтынг 175 краін сьвету. Самымі карумпаванымі Transparency International лічыць Паўночную Карэю і Самалі. Найбольш чыстымі ад карупцыі дасьледчыкі называюць Данію, Новую Зэландыю і Фінляндыю.