ТОП-10+ беларускіх праектаў, зробленых за народныя грошы

ТОП-10+ беларускіх праектаў, зробленых за народныя грошы

Летась у беларусаў зьявілася магчымасьць ня проста ахвяраваць дзесяціну на абстрактную дабрачыннасьць, а дзейна падтрымліваць канкрэтныя ідэі і праекты.

Дзякуючы краўдфандынгавым (народнае фінансаваньне, ад англ. сrowd — «талака», funding — «фінансаваньне») пляцоўкам ulej.by i talaka.by, аўтары ідэй цяпер могуць прэзэнтаваць свой праект грамадзкасьці, а неабыякавыя карыстальнікі скінуцца на яго ўсім сьветам. У выніку ахвяраваньня можна атрымаць падарункі або гатовы прадукт рэалізаванага праекта. Дагэтуль беларусы шукалі фінансаваньня на замежных пляцоўках. Да прыкладу, на заходнім рэсурсе kickstarter.com беларускія распрацоўшчыкі сабралі грошы на стварэньне кампутарных гульняў Legends of Eisenwald і Basement, а на расейскім сайце planeta.ru народ падтрымаў новыя праекты гуртоў «Ляпіс Трубяцкой» і «Серебряная свадьба».

Якія ж праграмы знайшлі водгук на Радзіме, высьвятляла наша аўтарка Паліна Масьлянкова.

1. ШЭРЛАК ХОЛМС ПА-БЕЛАРУСКУ

Перакладчыкі часопіса «Прайдзісьвет» паставілі сабе за мэту выдаць усю сэрыю твораў пра Шэрлака Холмса па-беларуску. На «Талацэ» ў рэжыме «усё-што-сабраў» каманда перакладчыкаў Артура Конана Дойла сабрала 96% ад патрэбнай сумы на рэдактуру, карэктуру, паперу і друк кнігі. Дапамагчы справай адгукнулася вярстальніца Ўладзіслава Бурымская. Прыняўшы ўдзел у зборы сродкаў, ахвярадаўцы фактычна зрабілі перадзамову кнігі і атрымалі яе акурат перад Калядамі. 25 студзеня на прэзэнтацыі набыць кнігу змогуць усе ахвотныя.

2. «СЬВІНКА ПЭПА» ПА-БЕЛАРУСКУ

Стваральнікі беларускамоўнага кінапраекту «Кінаконг», якія прафэсійна займаюцца агучкай кіно і мультфільмаў па-беларуску, заявілі пра намер перакласьці на беларускую мову першыя 100 сэрыяў мультфільма для малечы пра сьвінку Пэпу і яе сям’ю. На гэта спатрэбілася б 75 мільёнаў рублёў, але аўтары праекту выставілі ў праекце суму, патрэбную толькі на першы сэзон (52 сэрыі). Кампанія па зборы сродкаў (163%) паказала, што мульцікаў па-беларуску катастрафічна не стае і бацькі гатовыя ахвяраваць грошы дзеля сваіх дзяцей. Ужо цяпер на ютубе можна прагледзець першыя 9 выпускаў папулярнага мультсэрыялу па-беларуску.

3. СЛОЎНІК «НАШ ДОМ / OUR HOME»

Пасьпяховую кампанію па зборы сродкаў правяла каманда ўкладальнікаў першага беларуска-ангельскага тэматычнага слоўніка ў малюнках «Наш дом / Our home»: праект сабраў 112% ад заяўленай сумы, і сёлета ў выдавецтве «Галіяфы» выйдзе ілюстраваны слоўнік, у якім будзе каля 1000 слоў, 50 старонак і 20 тэматычных разьдзелаў. Цікава, што разам з тым выйдуць і рэклямныя матэрыялы, якія прапаноўваліся ахвярадаўцам у якасьці падарункаў: паштоўкі і налепкі з ілюстрацыямі да кнігі, пазлы і постары са словамі-«разыначкамі» і малюнкамі, а таксама тэматычны фартух. Кнігу плянуецца выдаць да 1 чэрвеня 2016 году накладам 500 асобнікаў.

4. КУЛІНАРНАЯ МАПА БЕЛАРУСІ

Стваральнікі кулінарнай мапы 10 гадоў зьбіралі ўнікальныя беларускія рэцэпты, наезьдзілі 400 тысяч кілямэтраў па Беларусі, патаўсьцелі на 240 тысяч калёрыяў, правялі 5 экспэдыцыяў у рэгіёнах са студэнтамі гістарычнага факультэта БДУ... І ўсё для таго, каб скласьці кулінарныя маршруты і расставіць на мапе больш за 100 пунктаў дэгустацыі ўнікальных беларускіх страваў, рэцэпты якіх ня знойдзеш у сеціве. Праведзеная папярэдняя праца выклікала павагу і давер у карыстальнікаў, якія ўклаліся ў рэалізацыю праекта. А яшчэ за ўнёсак у 3 мільёны рублёў арганізатары запрашалі ў аднадзённы гастранамічны тур — хто ж ад такога адмовіцца? Сабраная сума (101%) пакрывае экспэртны аналіз рэцэптаў і фотаздымкі страваў, дызайн, вёрстку і выданьне мапы і зборніка рэцэптаў накладам 500 асобнікаў. Надалей плянуецца выдаць інтэрактыўную мапу і мабільную прыладу, а таксама перакласьці мапу на ангельскую мову.

5. КАРЦІНА НА СЬЦЯНЕ

«Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной» беларускага мастака Івана Хруцкага зьявіўся гэтым летам на сьцяне дома па вуліцы Карла Маркса, дзякуючы пасьпяхова праведзенай кампаніі на пляцоўцы ulej.by (103%). Аўтар праекта Міця Пісьляк вырашыў упрыгожыць карцінамі фасады будынкаў у гарадах, якія паўплывалі на яго асобу: Менск, Кіеў, Вільня, Бэрлін, Парыж, Мілан, Барсэлёна, Нью-Ёрк. І пачаў ён з роднага Менска, сабраўшы сродкі на падрыхтоўку сьцяны, матэрыялы, рыштаваньні і працу памагатых. За грашовы ўнёсак можна было атрымаць арт-прынт карціны на налепцы, паштоўцы, постары ці майцы. І цяпер на глухой сьцяне дома ў цэнтры не аблупленая тынкоўка, а твор мастацтва.

6. НАСТОЛЬНАЯ ГУЛЬНЯ «МОВА»

Праект настольнай гульні «Мова», распрацаваны аўтарамі «Паўстанцаў» супольна з курсамі «Мова нанова», падтрымалі 122 чалавекі, аднак сабраныя сродкі склалі толькі 52% ад патрэбнай сумы. А ўсё таму, што бонусы былі занадта шчодрыя: за ўнёсак у 100 тысяч можна было атрымаць гульню, якая цяпер каштуе 180 тысяч, і проста не было стымулу ахвяраваць больш. Балазе, аўтары гульні разьмясьцілі свой праект на «Талацэ», а не на «Вульлі», дзе праект, які не сабраў 100%, прызнаецца не пасьпяховым, а грошы вяртаюцца ахвярадаўцам. Праз стаўку на эканомію пры перадзамове гульні аўтары праекта пабачылі рэальную запатрабаванасьць беларускамоўных настолак і, будзем спадзявацца, у хуткім часе выпусьцяць новую, гэтым разам дзіцячую гульню «Гаспадар цмокаў».

7. БЕЛАРУСКІЯ КАЗКІ ДЛЯ IPHONE I IPAD

Народныя казкі ў агучцы Алега Хаменкі ўжо 8 гадоў выходзяць на дысках, а некаторыя зь іх даступныя і ў сеціве. Аднак ні для каго не сакрэт, што сучасныя дзеці ўсё больш далучаюцца да розных гаджэтаў, і лепш, калі ў іх будзе ня толькі расейскамоўны ды англамоўны кантэнт. Народныя казкі для мабільных прыладаў — гэта сучасны інструмэнт азнаямленьня зь беларускім фальклёрам: артыстычнае чытаньне Алега Хаменкі, музычны фон гурта «Палац», цудоўныя ілюстрацыі Юліі Рудзіцкай і сучаныя тэхналёгіі — вось за што людзі гатовы галасаваць рублём.

8. ЦЫТАТНІК БЕЛАРУСКАГА МЫСЬЛЕНЬНЯ. ЦЫТУЙ СВАЁ!

Cучасныя беларусы гатовыя ляпіць сабе на сьцены, майкі, торбы ды нататнікі цытаты заходняй або ўсходняй культуры, але аўтары праекту «Цытуй сваё» паставілі сабе за мэту зрабіць папулярнымі беларускія выказваньні. Цытатнік зьбіраўся не адным укладальнікам: да кампаніі спрычыніліся розныя грамадзкія арганізацыі, ініцыятывы і шараговыя носьбіты беларускай культуры. І хаця праект крыху не дабраў да патрэбнай сумы, сабраных сродкаў хапіла на выданьне цытатніка кішэнным фарматам і накладам у 500 асобнікаў.

9. НОВЫ АЛЬБОМ ГУРТА «РАЗЬБІТАЕ СЭРЦА ПАЦАНА»

Гурт «Разьбітае сэрца пацана» пасьпяхова сабраў патрэбную суму (149%) на працу гукарэжысэра для запісу новага трасянкавага альбому «Пасрэдзтвам срэдзтв». Калі сучасныя беларускія музыкі з канцэртаў могуць зарабіць выключна на падтрыманьне інструмэнтаў у належным парадку і часам на афтапаці, то на студыйны запіс альбому трэба шукаць іншыя сродкі. А хто лепш падтрымае за ўласных фанатаў? Асабліва, калі сярод бонусаў дыскі, торбы, запальнічкі, а таксама запрашэньне на прэзэнтацыю альбома, гадавы абанэмэнт на канцэрты гурту, эксклюзіўны канцэрт ці нават вячэра з удзельнікамі гурту.

10. НАВУКОВЫЯ ПАШТОЎКІ

Праект, які мае на мэце прыцягненьне ўвагі да новых і даўно забытых навуковых адкрыцьцяў, зь лёгкасьцю займеў народнае фінансаваньне, бо і сума запрошвалася невялікая, і форма рэалізацыі ў праекта прыемная — паштоўкі. За пералічаны плацёж аўтары абяцаліся выслаць усім па пошце паштоўкі з навуковымі адкрыцьцямі, падрабязьней пра якія можна прачытаць і паглядзець мульцік на сайце праекта па адмысловым штрых-кодзе на паштоўцы.

У гэтую дзясятку маглі б увайсьці яшчэ многія цікавыя праекты. У нас мог бы зьявіцца новы фільм па рамане Караткевіча «Дзікае паляваньне», новы альбом гурта «Drwiwy», адукацыйная плятформа «Таранціны і сыны», зборнік апавяданьняў пра сэкс «12 актаў», бясплатны пракат ровараў, сэрвіс дастаўкі экапрадуктаў ці вэб-пляцоўка для інтэлектуальнага спаборніцтва па валоданьні беларускай мовай movacup.by. Але гэтыя прапановы не знайшлі дастатковага водгуку беларускай інтэрнэт-супольнасьці. Прапануем зьвярнуць увагу на некалькі цікавых праектаў, якія можна падтрымаць тут і цяпер:

РОСЬПІС СЬЦЯНЫ ВНУ ІМЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ Ў ГОМЕЛІ

На мастацкае афармленьне сьцяны Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Францыска Скарыны партрэтам першадрукара патрэбна сабраць 67 304 200 беларускіх рублёў — інакш усе пералічаныя сродкі вернуцца на свае рахункі, а сацыяльна значны праект, які прайшоў узгадненьне ва ўсіх установах горада, застанецца нерэалізаваны. За грашовыя ўнёскі аўтары прадугледзелі каштоўныя сувэніры: каляндарыкі, магніты, кубкі, шапкі і майкі з дызайнэрскай выявай Францыска Скарыны. Праект павінен зацікавіць усіх неабыякавых беларусаў, а гомельцаў і выпускнікоў гэтай альма-матар — пагатоў. Падтрымаць праект.

СЬПЕЎНЫ СХОД

З 2014 году аўтары праекту правялі ўжо 17 тэматычных сьпеўных сходаў, на кожны зь якіх прыходзіць у сярэднім па 100 чалавек. Усім прысутным раздаюць тэксты народных песень, праводзяць практыкаваньні на дыханьні, рыхтуюць голас. А потым усе разам сьпяваюць песьні на чале з лідэрам фальклёрнага гурту «Vuraj» Сяргеем Доўгушавым. Цяпер арганізатары зьбіраюць 40 мільёнаў рублёў на пяць наступных сходаў: тры ў Менску, а таксама ў Берасьці й Віцебску. Падтрымаць праект.

РЫГВЕДА ПА-БЕЛАРУСКУ

Распачаўся збор сродкаў на выданьне ўнікальнай кнігі індыйскае цывілізацыі ў паэтычным перакладзе паэта і знаўцы санскрыту Ігара Кулікова. Поўны празаічны пераклад «Рыгведы» існуе толькі на шасьці мовах сьвету, а паэтычны — і таго меней. І вось праз два гады працы над перакладам кніга гатовая да друку і рызыкуе адразу стаць бібліяграфічнай рэдкасьцю, бо за 20 мільёнаў плянуецца выдаць «Рыгведу» накладам усяго 100 асобнікаў. Каб мець цаглінку індыйскай цывілізацыі ў падмурку ўласнае бібліятэкі, і 500 тысяч не шкада. Падтрымаць праект.

ПАГОНЯ 3D. ВІРТУАЛЬНАЯ І РЭАЛЬНАЯ

На днях стартавала кампанія па зборы сродкаў на 3D-выяву і статуэткі «Пагоні». За аснову будзе ўзяты герб 1991 года. Віртуальная мадэль будзе даступная для вольнага карыстаньня. Праект мае на мэце выраб новага беларускага сувэніра — плястыкавай статуэткі «Пагоні», які можна будзе атрымаць у якасьці падарунка за ўнёсак ад 700 тысяч беларускіх рублёў. Для стварэньня сайта і шырокага распаўсюду трохмернай выявы, а таксама наладжваньня вытворчасьці памятных статуэтак трэба сабраць 80 мільёнаў рублёў. Падтрымаць праект.

ЗАПІС АЛЬБОМУ FERRIS WHEEL

Маладая група вырашыла запісаць свой дэбютны альбом на вершы беларускіх паэтаў. У гурту ўжо ёсьць трэк «Маладыя гады» у стылі панк-рок. Калі вам цікава, як будуць гучаць вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча ды іншых клясыкаў пад сучасную панкаўскую музыку, то ахвяруйце ад 100 да 300 тысяч і атрымайце запрашальнік на канцэрт або дыск з альбомам «Выбар». Падтрымаць праект.

АНОНС: МОВА ЦІ СПРАВА

Культурніцкая пляцоўка «Беларуская прастора» у хуткім часе запусьціць на сваім сайце рrastora.by уласную плятформу «Мова ці Справа», якая будзе працаваць часткова паводле схемы краўдфандынгу. Сродкі будуць зьбірацца на рэалізацыю культурніцкіх праектаў у галінах літаратуры, музыкі, кіно, тэатра і мастацтва. Неўзабаве «Мова ці Справа» пачне збор сродкаў на кулінарнае выданьне «Сакрэты беларускай кухні» Алены Мікульчык, аўдыёкнігу «Час сэканд-хэнд» Сьвятланы Алексіевіч, ілюстраванае выданьне «Азбукі» Рыгора Барадуліна і «Бітву пад Воршай» Міколы Купавы. У адрозьненьне ад іншых краўдфандынгавых плятформаў, «Беларуская Прастора» сама стане тым рухавіком, сіламі якога будуць рэалізоўвацца праекты, і таму гарантуе, што ўсе выстаўленыя на пляцоўцы праекты будуць рэалізаваныя. Сабраныя сродкі арганізатары будуць адразу ўкладваць у праект, не чакаючы, пакуль зьбярэцца ўся неабходная сума. Да ўсяго, на базе «Мовы ці Справы» пачне дзейнічаць партнэрская праграма «Беларускай прасторы», у межах якой будуць выкарыстоўвацца талеры.

Сачыце за навінамі!

Паліна Масьлянкова для Радыё Свабода