Баранавіцкія прадпрымальнікі вырашылі зьвяртацца да прэзыдэнта, нягледзячы на «канец мядовых гадоў»

Некалькі дзясяткаў баранавіцкіх прадпрымальнікаў прыйшлі пад гарвыканкам, каб выказаць свае прэтэнзіі. ІП хацелі пачуць адказ на свой ранейшы зварот: што робяць чыноўнікі, каб вырашыць праблему гандляроў, якім стала немагчыма працаваць.

ІП сабраліся на каапэратыўным рынку і пайшлі да гарвыканкаму на чале з актывістам прадпрымальніцкага руху Міколам Чарнавусам. Да іх выйшаў начальнік упраўленьня эканомікі гарвыканкаму Дзяніс Гарноўскі, які прынёс пісьмовы адказ на зварот прадпрымальнікаў.

«Учора патэлефанаваў мне Гарноўскі і прапанаваў мне зь ім сустрэцца. Я яму кажу, маўляў, калі ласка, на рынку а 11 гадзіне. Ён потым ператэлефанаваў і прапанаваў прыйсьці ў гарвыканкам», — расказвае Мікола Чарнавус.

«Я прыйшоў на рынак, там чалавек 300 сабралася, і пайшлі ў гарвыканкам. Ён вынес пэтыцыю на 5 старонак, распавядаў нам „байкі Крылова“, як трэба грошы ўзяць у банку, ды як трэба прадпрымальніцтва разьвіваць. І мы на сходзе пастанавілі, што трэба зьвярнуцца да прэзыдэнта аб адмене ўказа 222.

Раней я прызначаў на 26 студзеня сход прадпрымальнікаў у гарвыканкаме, але Гарноўскі перанёс на 25-е. Таму мы зноў зьбяромся 25-га каля гарвыканкаму, падпішам калектыўную заяву да Лукашэнкі і будзем думаць, што нам рабіць далей», — распавёў спадар Чарнавус.


Большасьць баранавіцкіх ІП вымушана не працуюць, з соцень гандляроў на рынках лічаныя адзінкі. Нават у тых, хто мае сэртыфікаты і працуе, абарот невялікі, бо пакупнікі перасталі хадзіць на рынак.

Прадпрымальнікі пратэстуюць у сувязі з тым, што 1 студзеня 2016 году ўступіў у сілу ўказ № 222. Ён патрабуе, каб гандляры рэалізоўвалі прадукцыю лёгкай прамысловасьці, увезеную з краін Мытнага саюзу, толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі. Праблема ў тым, што расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасьць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакумэнты аб паходжаньні прадукцыі альбо прадстаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП церпяць ад штрафаў і канфіскацыяў.


Многія прадпрымальнікі заяўляюць аб спыненьні працы на нявызначаны тэрмін.

Тымчасам днямі, на нарадзе з нагоды зацьвярджэньня рашэньня на ахову дзяржаўнай мяжы органамі памежнай службы, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў: індывідуальным прадпрымальнікам трэба разумець, што сэртыфікацыя прадукцыі — гэта першы крок.

Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сытуацыю вакол дробных гандляроў і заявіў, што «зь 1 студзеня скончыліся іх мядовыя гады і трэба працаваць у роўных умовах, па адпаведных дакумэнтах».