Сярод кніг, якія апошнім часам падпісала сваім чытачам ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч, дзьве — палітвязьню Міхаілу Жамчужнаму. Бліжэйшым часам яны будуць перададзеныя ў папраўчую установу ў Навасадах, дзе той адбывае пакараньне. Так здаралася, што Сьвятлана Алексіевіч сачыць за яго лёсам. Адну з кніг — «Цынкавыя хлопчыкі» пісьменьніца падпісала так:
Сам Міхаіл Жамчужны да арышту ў размовах з нашым радыё вельмі высокую ацэнку бібліятэкам тых калёніяў, дзе адбываў зьняволеньне. З асаблівай падзякай узгадваў прыватную бібліятэку палітвязьня Аляксандра Казуліна, які пакінуў у віцебскай калёніі пасьля сябе нямала рэдкіх уласных кніг.
Наколькі вялікую патрэбу ў чытаньні маюць асуджапыя ўвогуле? Што ўяўляюць сабой зонаўскія бібліятэкі? Якая літаратура там ёсьць і як атрымліваць кнігі з волі? Ці цэнзуруе кнігі турэмнае начальства? Гэтыя ды іншыя пытаньні мы абмяркуем сёньня з былымі асуджанымі беларускіх турмаў.
Паводле былога палітвязьня Ігара Аліневіча, які некалькі месяцаў таму вызваліўся з-за кратаў, чым больш туды з волі будуць перадаваць кнігі, тым больш верагоднасьць, што будзе трапляцца штосьці добрае, каб пачытаць. За час адседкі Ігар атрымаў з волі шмат цікавых кніг і ўсе зь іх пакінуў тым, хто застаўся сядзець:
«Дэфіцыт добрай літаратуры за кратамі — відавочны. Нездарма існуе добрая арыштанцкая традыцыя — пакідаць кнігі, а лепей увогуле ўсё, у турме. Каб гэтым змаглі карыстацца іншыя людзі. Таму што туды цяжка трапляе ўсё. І без такой узаемадапамогі было б значна цяжэй. Кніг гэта датычыць у першую чаргу».
Вакол галавы правадыра красаваліся надпісы: «казёл», «стукач», «гніда»...
Лічыцца, што на зонах у параўнаньні з турэмна-камэрнай сыстэмай кнігі чытаюць істотна меней зьняволеных— недзе 20-40% ЗК. Толькі палова зь іх , у лепшым выпадку, чытаюць не абы што, а сур’ёзную літаратуру.
У мінулым двойчы палітвязень Зьміцер Дашкевіч, які сядзеў у Шклоўскай, Горацкай, Глыбоцкай папраўчых установах тлумачыць гэта занятасьцю ЗК, паколькі «у зонах ганяюць на працу па шэсьць дзён на тыдзень, і няпроста знайсьці час нават, каб адказаць на ліст, а пасьля адбою зэк павінен спаць, чытаць забаронена»
Фігурант Плошчы-2010 Зьміцер Дрозд, які адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі, таксама сьведчыць пра абмежаваныя магчымасьці для чытаньня:
«На зоне, як і ў войску — адна задача. Каб чалавек не гультайнічаў. Таму трэба пастаянна шукаць нейкі час за кошт сну ці паспрабаваць знайсьці такую магчымасьць на працы. Я, напрыклад, у бабруйскай калёніі пранёс нейкім спосабам кніжку на „промку“. Вядома, такое не вітаецца».
Што да бібліятэкі Бабруйскай калёніі, то Зьміцер кажа, што калекцыя тых кніжак наўрад ці істотна папаўнялася з моманту стварэньня ўстановы (1965 год) — «савецкая ідэалягічная літаратура, падпісныя выданьні, якія не ўдалося рэалізаваць. Усё гэта стаіць нікому не патрэбнае...»
Былы асуджаны за эканамічнае злачынства Ігар К. сядзеў у колішняй менскай калёніі № 1 на Кальварыйскай, якая праіснавала да 2011 году. У сувязі з чытацкімі рэплікамі, якія зьявілася на форуме нашай праграмы адносна таго, ці чытаюць беларускія вязьні творы клясыкаў марксызму-ленінізму, Ігар адзначыў, што бачыў на кніжных паліцах поўныя зборы сачыненьняў Леніна ды Маркса з Энгельсам. Таксама бачыў людзей, якія іх бралі…
Ігар: «Чытацкія інтарэсы былі разнастайныя. „Эканамісты“ чыталі пераважна інтэлектуальную літаратуру, якую перадавалі з волі. Крымінальнікі — у асноўным дэтэктывы, прыгодніцкую літаратуру, бралі яны і кнігі пра каханьне. Усе гэтыя кніжкі яны бераглі, абгортвалі паперай, пры неабходнасьці падклейвалі... Да астатняй літаратуры ставіліся жорстка. Неяк для прыколу я ўзяў пачытаць кніжку „Дзіцячыя гады Ільіча“. Там на галаву маленькаму Леніну былі прымаляваныя асьліныя вушы, на лбе была свастыка, з сэрца тырчаў кінжал і капала кроў. Вакол галавы правадыра красаваліся надпісы: „казёл“, „стукач“, „гніда“, „прадаў Радзіму, пацук!“, „у печ гада!“ і г.д.
Аднойчы таксама ўзяў нейкую кнігу пра партыю. Яна была ў жудасным стане. Уся раздрапаная, у тлустых плямах, утрымлівала шмат нецэнзуршчыны. На тытульнай старонцы, дзе была фотка Брэжнева, да здымка быў дамаляваны стол з пакладзенымі на ім рукамі генсека, на стале былі раскладзеныя карты, а правадыр нібыта іх тасаваў... Аднак найчасьцей такая літаратура выкарыстоўвалася ў прыбіральнях».
«Самая лепшая бібліятэка была ў ПК-10 у Наваполацку»
У большасьці зонаўскіх бібліятэк «была картатэка, а двое асуджаных, якія працавалі бібліятэкарамі, імкнуліся ўпарадкаваць кнігі» — узгадвае Зьміцер Дашкевіч:
«Тыя людзі, з розных прычын асуджаныя, на волі, здаецца, былі выкладчыкамі. Там стаяла шэрагаў пяць стэляжоў, ну, як у звычайнай бібліятэцы. І асуджаны мог пахадзіць, павыбіраць. Як і ў іншых турэмных бібліятэках, тут было сабрана тое, што звычайна сьпісваюць у тых жа школах, сустракаліся кніжкі зь пячаткамі нейкіх устаноў. Здаецца, бачыў там Дэклярацыю правоў чалавека, калі не памыляюся. Што да царкоўнай літаратуры, то яе бралі звычайна ў сьвятароў, якія бываюць у калёніі... Аднак гэта ня масавая зьява: рэлігійныя кніжкі чытаюць толькі тыя, хто нешта зразумеў».
Ігар Аліневіч, які сядзеў у папраўчых установах Наваполацку і Віцебску параўноўвае абедзьве тамтэйшыя бібліятэкі.
Аліневіч: «Самая лепшая бібліятэка была ў ПК-10 у Наваполацку, там былі тысячы кніг. Яны траплялі ў зону разам зь перадачамі. Можна было знайсьці кнігі на любую тэму. Да філязофіі, гісторыі, навуковых кніг. Дастаткова было запытацца ў бібліятэкара, якія кнігі ёсьць, і даць наводкі — у каго можна папрасіць яшчэ. Рэч у тым, што вакол бібліятэкі гуртуюцца чытачы па інтарэсах. І частка кніг ляжыць у асабістых калекцыях і цыркулюе толькі ў гэтым вузкім коле. І бібліятэкар — сувязнае зьвяно паміж імі ўсімі. І такім чынам, калі зрабіць уклад у бібліятэку, даць добрую кнігу, то зьяўляўся доступ і да гэтых кніг, якія захоўваліся на руках. Гэта можна назваць „разьмеркаваным захоўваньнем дадзеных“. Цяпер гэта папулярна ў інтэрнэце, у беларускіх лягерах гэта было рэалізавана літаральна. А вось бібліятэкай ПК-3 („Віцьба“) я быў расчараваны, як і ўсе астатнія арыштанты, якія прыехалі зь іншых лягераў туды. Я чакаў ва ўзорна-паказальнай калёніі ўбачыць адпаведную бібліятэку. Але там маленькая каморка, можа, з чатырма стэляжамі, дзе нават толкам не вядзецца ўлік. Я памятаю, што ў Наваполацку ў кожнага была свая картка чытача. Бібліятэкар вёў улік кніг. Калі нехта затрымліваў, ён прыходзіў нагадваў. На „Віцьбе“ кнігі бярэ хто хоча, запіс уліку вядзецца абы-як. Таму ўсе вартыя кнігі, якія туды трапляюць, асядаюць у „прыватных“ калекцыях».
«Былі зэкі, якія ставілі штампікі на сваіх кніжках давалі чытаць за цыгарэты»
Двойчы ў мінулым палітвязень Мікола Аўтуховіч сядзеў у ПК-1 у Менску, а таксама ў ПК-5 у Івацэвічах. Сярод асуджаных, якія чыталі, бібліятэкі ўмоўна дзеліліся на «зонаўскія» і «прыватныя». Прыватныя, вядома, лепшыя.
«Былі, напрыклад, зэкі, што зрабілі сабе штампікі, штампуюць свае кніжкі і таксама даюць чытаць, можа за цыгарэты. І разносяць таксама па ўсёй калёніі. Паказваюць сьпіс усіх кніг, якія ў іх ёсьць. Ты выбіраеш сабе, даеш яму закурыць, і ён прыносіць кнігу, якая табе патрэбная. Кнігі ўсялякія. Якія хочаш. Было пару хлопцаў, якія на замову маглі з волі прынесьці тое, што ты хочаш. Бо за гэта яны зарабляюць сабе „паліва“ (курыва), гарбату. І праз родных, праз родных іншых — хто ідзе на „сьвіданкі“, дамаўляюцца.
Такія бібліятэкары — людзі, якіх кнігі цікавяць саміх, таму яны дбаюць пра зьмест сваіх збораў. На калёнію, на дзьве з паловай ці тры тысячы чалавек, такіх „бібліятэкараў“ два-тры, Я ведаў тых, якія там займаліся такой прыватнай бібліятэкай. Адзін зь іх — наркаман, другі за алімэнты, мусіць, сядзіць ці за нейкую „бытавуху“. Пра іх ведаюць толькі тыя, хто чытае, а чытае, можа, палова. А іншых гэта не хвалюе. Я так сказаў, каб не памыліцца. Можа, гэта трэцяя частка, а можа, увогуле толькі дваццаць працэнтаў чытае. Ня ведаю, гэта цяжка сказаць. Аднак абсалютная большасьць ЗК — тыя, хто хоча толькі дзьвюх рэчаў: паесьці ды паспаць».
Дрозд: «Натуральна, калі ў чалавека ёсьць прага ведаў, то ён будзе чытаць. Калі не, то будзе займацца нечым іншым. Аднак у калёніі сярод ЗК бібліятэка мела нейкі практычны сэнс. Чалавек папрасіўся, напрыклад, у бібліятэку. Яму дазволілі, а ён пайшоў да сваіх знаёмых, сустрэўся зь некім з сваіх падзельнікаў, зь земляком. Узяў для прыкрыцьця кніжкі зь бібліятэкі. Ці будзе ён іх чытаць, ці не — гэта ўжо яго справа».
«Аднак самавольнае перамяшчэньне па зоне забаронена, — удакладняе Ігар Аліневіч. — Кожны атрад меў права наведаць бібліятэку два разы на месяц. Аднак калі шанцавала, можна было зайсьці туды па дарозе. Напрыклад, я забіраў часьцяком часопісы і газэты, якія мне прыходзілі. І заадно мог, вядома, вырашыць пытаньне з кнігамі. Калі толькі не натыкаўся на турэмшчыка, які мяне адтуль праганяў».
Пра кнігі, забароненыя адміністрацыяй
Сьпісу забароненай літаратуры, калі тая ня ўтрымлівае экстрэмісцкіх заклікаў, для вязьняў няма. Аднак кожная адміністрацыя ўсё ж вызначае свае правілы, кажа Зьміцер Дашкевіч.
Ігар Аліневіч узгадвае, што на ўласным досьведзе адчуў цэнзуру ў дачыненьні да дасланай з волі на зону літаратуры.
Аліневіч: «У мяне быў выпадак, калі мне забаранілі атрымаць кнігу Шаламава, па-мойму, „Нарысы крымінальнага сьвету“, калі не памыляюся. Забаранілі з фармулёўкай, што гэтая кніга прапагандуе традыцыі „воровского мира“. Наколькі трэба быць балванам, невукам, каб у адносінах да Варлама Шаламава сказаць такое! Мне прыслалі гэтую кнігу. Але яе сканфіскавалі, склалі акт. З трыма подпісамі апэратыўнікаў, рэжымнікаў. Сьпісу забароненай у зоне літаратуры няма, ёсьць толькі палажэньне, што кніга ня можа ўтрымліваць экстрэмісцкіх матэрыялаў, заклікаў да варажнечы, гвалту. Аднак калі кніга прадаецца ў кнігарнях Беларусі, гэта яшчэ ня факт, што яе дазволяць у лягеры. У адміністрацыі ёсьць свае погляды».
Your browser doesn’t support HTML5
Таму даводзілася гэта ўлічваць і замаўляць кнігі з нэўтральнымі назвамі, каб яны ня кідаліся ў вочы турэмшчыкам, кажа былы палітвязень Ігар Аліневіч. Напрыклад, творы Эрыха Фрома, які закранае анархізм, яму ўдалося прачытаць у зьняволеньні.
Кнігі прамочаныя наркатой
Падсьледнаму СІЗА нашмат прасьцей атрымаць кнігу з волі, чым асуджанаму калёніі, сыходзячы з уласнага досьведу кажа Зьміцер Дрозд. На тую ж «Валадарку» ты мог штомесяц атрымліваць пасылку вагой да 30 кг. Гэта і прадукты, і рэчы, і кнігі. На зону кнігі можна дасылаць толькі бандэрольлю да 2-х кг. Апошнім часам колькасьць гэтых бандэроляў увогуле скарацілі да адной на год. Таксама кажуць, што перададзеная ў калёнію літаратура праходзіць асабліва жорсткі кантроль, прычым у сувязі не з цэнзурай, а з вынаходлівасьцю асуджаных, якія былі пакараныя за наркотыкі. Іх блізкія нібыта спрабуюць дасылаць з волі кнігі з прамочанымі наркатой старонкамі.
«За наркаманамі там сочаць, і мяне гэта ані ня дзівіць. Пры мне хадзілі наркотыкі — „маркі“, якія былі таксама нечым прамочаныя, яны прыклейваліся на канвэрт, а потым зэкі іх зьядалі...Таксама там ведаюць, з кім такія людзі кантактуюць. Бо нярэдка перадача прыходзіць не да таго, хто па 328-й сядзіць, а да нейкага іх знаёмца зь іншым артыкулам. У мяне падобных праблемаў не было... Але вось была іншая праблема з кніжнай бандэрольлю. Блізкі мне чалавек, якому я пісаў пра мой інфармацыйны голад, жаданьне атрымліваць нейкую самаадукацыю, узяў і даслаў мне кніжную бандэроль, ня ведаючы, што існуюць пэўныя ліміты на такія бандэролі, да адной у год недзе. Мяне выклікалі да начальства і сказалі: выбірай. Атрымаў кнігу — не атрымаеш пасылкі... Выходзіць, што ня так ужо і проста мець кнігі».
У Ларысы Жыгар з Горадні на восем год асуджаны сын Максім (арт. 328 і 332 КК РБ). Жанчына — ініцыятарка стварэньня «Матчынага руху 328», грамадзкай арганізацыі сваякоў тых, у каго сыны і мужы, пераважна маладыя людзі, пакараныя за наркотыкі і ўтрымліваюцца ў спэцыялізаванай калёніі № 22 «Воўчыя норы». Ці ёсьць у хлопцаў цяжкасьці з чытаньнем за кратамі, а таксама атрыманьнем кніг з волі менавіта ў гэтай установе? Як шмат чытаюць у «Воўчых норах» маладыя людзі, пакуль новая турэмная вытворчасьць тут яшчэ не запрацавала і ў зьняволеных шмат вольнага часу?
«Хачу сказаць, што бібліятэка там добрая, ёсьць вельмі добрыя рэчы. Тыя, хто толькі крыху аступіўся і пра спайсы больш ня думае, пра наркату, яны чытаюць шмат, «запоем», як піша мой сын. Раней неяк за ім гэтага не заўважала. А цяпер, калі ён сеў, мусіць падумаць над сваім лёсам. Вельмі захапляецца кнігамі па філязофіі, псыхалёгіі. Чытае цяпер, напрыклад, Карласа Кастанэду. Таксама часам, кажа, перачытвае клясыкаў, такіх як Талстога. «Ганну Карэніну» прачытаў там. Добрая ў іх бібліятэка, яны не наракаюць. Ну, і прысылаюць бацькі. Вось цяпер мы высылалі заказным лістом таксама некалькі кніг хлопцам. Мой ня просіць, але яго сябар папрасіў, і мы выслалі. Буду высылаць таксама ўласныя кнігі Максіма, якія дома засталіся. Рэмарка, напрыклад. Вязьням таксама належыцца кніжная пасылка раз на год. Яны пішуць заяву на імя начальніка, пазначаюць — якую літаратуру (сьпісаўшыся з намі) хочуць. Мы ім выпісваем таксама газэты, часопісы. Сын у мяне музыкай захапляецца, я яму выпісала часопіс «Rolling Stone».
«Калегі па дэпутацкім корпусе гаварылі: няма чаго зьбіраць кнігі гэтай поскудзі, усё роўна не разгорнуць»
Якія існуюць крыніцы папаўненьня бібліятэчнага турэмнага фонду, акрамя традыцыйных зэкаўскіх унёскаў? Кажуць, што тым, хто чытае, вельмі пашанцавала ў сувязі зь пераездам Нацыянальнай бібліятэкі ў новы будынак. Тады ў турмы ды калёніі было накіравана шмат асобнікаў са старога фонду галоўнай бібліятэкі краіны.
Што да буйных прыватных ахвяраваньняў, як бывала, напрыклад, на пачатку мінулага стагодзьдзя, то сёньня такая дабрачыннасьць на адрас зьняволеных — рэч нячастая. У 2012 годзе шмат кніг з прыватных вольных бібліятэк перадала «Валадарцы» тагачасная «Плятформа», хоць кіраўніцтва СІЗА напачатку нават спалохалася ад такой прапановы. Пры канцы 2006-га зь ініцыятывай перадаць ў якасьці навагодняга падарунку цікавыя кніжныя калекцыі асуджаным жаночых ды дзьвюх юнацкіх калёніяў выступілі беларускія парлямэнтары. Акцыя адбылася дзякуючы намаганьням тагачаснай дэпутаткі Вольгі Абрамавай. Хоць сярод калегаў па дэпутацкім корпусе было нямала тых, хто рэзка не прымаў саму ідэю. Пазьней спадарыня Абрамава ўзгадвала:
«Прыкладна 15% нашага корпусу ў вельмі грубай, катэгарычнай форме адмовіліся ўдзельнічаць у дабрачыннай кампаніі набыцьця кніг для асуджаных. Сярод іх былі і прадстаўнікі кіраўніцтва парлямэнту, якія заявілі, што гэтыя людзі не заслугоўваюць аніякай ласкі, што гэта брыда і што няма чаго зьбіраць ім штосьці, каб яны чыталі, тым больш што яны ў жыцьці і кніжкі не разгорнуць. Аднак жанчыны-дэпутаткі з усіх рэгіёнаў мяне падтрымалі вельмі актыўна. Яны ўзялі на сябе збор грошай на месцах. І на той час мы сабралі ў эквіваленце 700 даляраў ЗША, што тады было вельмі неблагой сумай. І на тыя грошы мы закупілі на двух найбуйнейшых кніжных кірмашах якасную літаратуру, кнігі, якія, як кажуць, і для розуму, і для сэрца. Мы самі падбіралі кнігі, мы дабіліся істотных зьніжак».
Вольга Абрамава перакананая, што зрухі ў стаўленьні грамадзтва ў падобных пытаньнях магчымыя толькі пры наяўнасьці людзей, якія бяруць на сябе адказнасьць спрыяць таму ці іншаму пераўтварэньню:
«Ва ўладзе павінны быць людзі, якія гуманітарна заклапочаныя, якія думаюць ня толькі пра сябе, сваю сям’ю, у крайнім выпадку пра свае службовыя абавязкі, але і пра людзей, якім істотна горш. Паклапаціся. Заракацца, што ты ня можаш апынуцца на іх месцы, не рэкамэндавана нікому».