«У беларускай адукацыйнай сыстэме студэнт безабаронны», — Маркелаў

Пятро Маркелаў

Адлічаны за пропускі студэнт, былы кандыдат у дэпутаты Пятро Маркелаў падаў дакумэнты на аднаўленьне ў БДУ.

Пятра выключылі за пропускі пасьля ўдзелу ў мясцовых выбарах, цяпер могуць вярнуць на вучобу, але толькі за грошы.

Былы студэнт БДУ Пятро Маркелаў падаў дакумэнты на аднаўленьне ў БДУ і запісаў відэазварот, у якім распавёў пра рэпрэсіі супраць студэнтаў у Беларусі.

Як распавёў Пятро Свабодзе, яго хочуць аднавіць толькі на платнай аснове, а варыянт навучаньня за мяжой ён будзе разглядаць толькі ў крайнім выпадку:

«Я падаў дакумэнты на аднаўленьне ў пятніцу. Сказалі, што, хутчэй за ўсё, адновяць, але на платную форму. Па сутнасьці, тое, што аднаўляюць на платную форму, гэта ўжо перашкода, бо амаль няма прахаднога балу [у 2015 годзе прахадны бал на дзённае бюджэтнае навучаньне на фізфаку БДУ склаў 194 з 400. — РС], людзі ня хочуць фізыку вучыць! І людзей аднаўляюць на бюджэтную форму амаль заўсёды. Але ў мяне было дзьве вымовы за пропускі, таму могуць і не аднавіць ужо.

Гэта такая адукацыйная сыстэма, у якой студэнт стаіць у самым нізе, усім падначалены, безабаронны, ня можа выказаць сваю думку, ня можа зьмяніць тое, што адбываецца.

Афіцыйна гэта не палітычнае адлічэньне. Вядома, адлічвалі за пропускі, але гэта такая адукацыйная сыстэма, у якой студэнт стаіць у самым нізе, усім падначалены, безабаронны, ня можа выказаць сваю думку, ня можа зьмяніць тое, што адбываецца. У нас унівэрсытэт цэнтралізавана кантралюе наведваньне заняткаў. Звычайна выкладчыкі самі вызначаюць сваю палітыку адносна наведваньняў, а ў нас гэта вырашае дэкан. І калі выкладчык кажа „калі ласка, можаш не хадзіць на заняткі, бо адказны чалавек“, то дэкан усё роўна кажа: „Калі ты ня будзеш хадзіць, мы цябе выключым“. Так і атрымалася — я не хадзіў на некаторыя лекцыі, і мяне адлічылі.

У мяне былі добрыя адзнакі, сярэдні бал за першыя два гады навучаньня быў 8,6, я здаваў добра экзамэны. У мяне добра атрымлівалася вучоба, мне гэта падабалася. І падабаецца фізыка і матэматыка!

Я не хачу зьяжджаць за мяжу, хачу быць у Беларусі, каб можна было зьмяняць і наш унівэрсытэт, БДУ, і Беларусь. Але калі ня будзе магчымасьці, прыйдзецца зьехаць, бо хочацца і вышэйшую адукацыю атрымаць».