Высокі суд Лёндану назваў дэпутата Дзярждумы Расеі Андрэя Лугавога і прадпрымальніка Дзьмітрыя Коўтуна вінаватымі ў забойстве экс-супрацоўніка ФСБ Расеі Аляксандра Літвіненкі, памерлага ў Лёндане 23 лістапада 2006 году ад атручэньня радыеактыўным палёніем.
Брытанскае сьледзтва таксама прыйшло да высновы, што Лугавы і Коўтун, верагодна, дзейнічалі па ўказаньні ФСБ, а апэрацыя па ліквідацыі Літвіненкі была асабіста адобрана дырэктарам службы Мікалаем Патрушавым і прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
Як устаноўлена сьледзтвам, 1 лістапада 2006 Літвіненка сустракаўся з Лугавым і Коўтунам ў гатэлі «Millenium», на сустрэчы піў гарбату, у якой, як мяркуецца, была атрута. Паводле сьведчаньня кіраўніка Контртэрарыстычнага падразьдзяленьня паліцыі Лёндану Пітэр Кларк, сьледчыя знаходзілі сьляды палёнію «ў самалётах, на якіх удзельнікі гэтай справы прыляцелі ў Лёндан, на стадыёне, у рэстаранах, у гатэлях».
Літвіненка атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі ў 2001 годзе. Знаходзячыся ў Эўропе, былы службовец ФСБ неаднаразова крытыкаваў расейскія ўлады і прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.