«У Беларусі імкліва даражэе валюта, абясцэньваецца рубель. Як вы рэагуеце на гэта? Ці спрабуеце якім-небудзь чынам уберагчы свае рублёвыя зьберажэньні ад абясцэньваньня?» На гэтыя пытаньні адказваюць мінакі на вуліцах Менску.
Your browser doesn’t support HTML5
Чыноўнік: «Жылі, жывём і будзем жыць».
Маладая маці: «Набыла вось крыху валюты, але было вельмі дорага. Цяжка стала жыць вельмі».
Спадар спартовага выгляду: «Няма зьберажэньняў, таму няма чаго зьберагаць — усё ідзе на сям’ю».
Прадпрымальніца: «Зьберагаю на банкаўскіх рахунках у замежнай валюце. На сёньня гэта найбольш удалае захаваньне зьберажэньняў, якое прапануюць банкі. Гэтая сытуацыя вельмі напружвае людзей, людзі вельмі перажываюць, актыўна абмяркоўваюць у сацыяльных сетках, вось у побыце нават. Вельмі б не хацелася, каб гэта ў нешта перарасло. Трэба, каб выправілі гэтую сытуацыю, каб да людзей больш ляяльна ставіліся».
Выкладчык: «У мяне няма зьберажэньняў у беларускіх рублях, а таму зьберагаць не было чаго. І ў маёй сям’і так заўсёды было, і асабліва апошнім часам. Тут камэнтаваць можна шмат што».
Прадавачкі: «А ў нас іх няшмат, і мы ўсе іх трацім на паўсядзённасьць: камунальныя паслугі, прадукты, лекі. Добра было б, каб чыноўнікі пажылі некаторы час на нашы заробкі, то нешта б зьмянілася, магчыма».
Юнак: «Ня думаю, што нашы ўлады нешта захочуць пачуць, калі ад іх патрабаваць якіх зьменаў. А грошы не адкладаю і не зьберагаю. А калі ёсьць такая магчымасьць, то набываю даляры і эўра. Расейскія рублі не набываю, бо вельмі няўстойлівая валюта».
Пэнсіянэрка: «У мяне няма чаго зьберагаць, бо ў мяне пэнсія семсот тысяч рублёў».
Спадар пэнсійнага веку: «Усё зьядаюць бягучыя выдаткі — няма чаго зьберагаць. Думаю, што надышла вострая неабходнасьць пратэстаў, але ня будзе, бо мэнтальнасьць такая».
Супрацоўніцы прыватнай кампаніі: «Вольныя грошы — ня будзем іх называць лішнімі — дык вось вольныя грошы стараемся трымаць у валютным эквіваленце — гэта адзіная магчымасьць штосьці захаваць. Што тычыцца самой сытуацыі — то гэта ня першы крызіс, перажывем».
Муж і жонка: «Нічога не застаецца, і захоўваць няма чаго. Але падзеньне рубля не лічу пагаршэньнем узроўню жыцьця. Вось калі чалавеку аднялі нагу, то вось гэта сапраўды пагоршала жыцьцё. А так — не».
Юнак і дзяўчына: «Нам няма чаго захоўваць, то і не захоўваем. Але вось гэтая нашая памяркоўнасьць дастала ўжо не да горла, ужо да вачэй: што б ні рабілі, як бы ні зьдзекаваліся — усё стрываюць. Словам — памяркоўнасьць».