Рэвалюцыйная эвалюцыя Міхалка: 22 песьні, якія варта пераслухаць

Каляж Свабоды: "Сяргей Міхалок: зьлева — на вокладцы альбому гурту "Ляпис Трубецкой" "Мужчины не плачут" (2006), справа — на вокладцы альбому Brutto "Родны край" (2015)

«Быў алкаш і тарчок, стаў баксёр і качок» — «Скажите, дети, как его зовут?»

Сяргей Міхалок сьвяткуе дзень народзінаў 19 студзеня. За свае 44 гады ён стаў адным з галоўных рок-герояў Беларусі і перажыў радыкальныя зьмены, як зьнешнія, так і глыбокія ўнутраныя.

[асьцярожна, у некаторых кліпах ненарматыўная лексіка!]

Нарадзіўся Сяргей Міхалок у нямецкім Дрэздэне, пасьля жыў у Сыбіры, скончыў школу ў расейскім Нарыльску, толькі ў канцы 1980-х яго сям’я вярнулася ў Менск. У 1989 годзе ён заснаваў гурт «Ляпіс Трубяцкі».

Адзін зь першых відэазапісаў яго творчасьці — «Ты кинула» на дзяржаўнай тэлевізіі ў вельмі «олдскульнай» атмасфэры. З пазьнейшай альбомнай вэрсіяй цяжка параўнаць. Тады, на самым пачатку творчага шляху, Міхалок меў праблемы з наркотыкамі. Распавядаў, што першы выступ гурту на ТБ глядзеў у псыхушцы, куды трапіў пасьля перадазіроўкі.

Слава да «Ляпісаў» прыйшла ў 1994 годзе. Тады гурт яшчэ ня меў запісаў, але актыўна гастраляваў па краіне, выступаў з расейскімі зоркамі першай велічыні. Першым «вялікім» запісам гурту стала лайв-касэта «Любови капец!», што выйшла ў 1995 годзе, першым альбомам — «Ранетое сердце» 1996 году.

У 1995 годзе гурт пачаў выконваць адзін гіт, які потым сьпяваў нячаста. Яны перапелі песьню з фільму «Прыгоды Бураціна», замяніўшы Бураціна на Лукашэнку. Выйшла пазытыўна, але небясьпечна ў тагачаснай (дый сёньняшняй) Беларусі.

Яшчэ адзін гіт 90-х у выкананьні Міхалка — дварова-лірычная «В платье белом». Посьпех песень з «Ты кинула» не змаглі перабіць два наступныя, хоць, магчыма, і ня горшыя альбомы — «Красота» і «Тяжкий».

У 2000 годзе супольна з мастаком Аляксеем Хацкевічам Міхалок стварыў «калдырскі» праект «Саша і Сірожа». Цяжка сказаць, ці сталі гітамі песьні праекту, але вобразы ўдзельнікаў гурту немагчыма «разбачыць».

Наступны шэраг «народных гітоў» Міхалок зь «Ляпісамі» запісаў у 2001 годзе для альбома «Юность». Тут Міхалок ужо цалкам расквеціўся ў сваім вобразе «сельскага рамантыка пад кайфам». Як у лірычнай «Юности»...

...так і ў «мажорскай» «Сочи».

У наступным альбоме, «Золотые яйцы», Міхалок толькі падтрымаў «калдырскі» вобраз з «Сашы і Сірожы», спалучыўшы яго зь сельскім рамантыкам зь Ляпісаў. Хуліганская рапсодыя!

У той жа час, ад 2003 году, Міхалок браў удзел у яшчэ адным знакавым, але ўжо беларускамоўным праекце — «Крамбамбуля» Лявона Вольскага. Разам яны стварылі такія гіты, як «Турысты»...

...і «Госьці», цытаты зь якіх сталі ў Беларусі крылатымі выразамі.

Наступны альбом, «Мужчины не плачут», дык наагул месцамі атрымаўся амаль у жанры «блатняка». Але адчувалася, што Міхалок пачаў стамляцца ад такога ладу жыцьця і такога вобразу. Апошнім намёкам перад вялікімі пераменамі быў кліп на ранейшую песьню «Харэ» — у ім алкатрэш савецкага вясельля ўзьведзены ў абсалют. Пасьля такога...

Пасьля амаль двух дзесяцігдзьдзяў трэшу тон гурту раптам мяняецца на гратэскна-іранічны, а як па мерках «Ляпісаў», дык надзвычай сур’ёзны. «Капитал» — ужо не «пацанская», а вельмі дарослая, хоць і зьедліва-вясёлая песьня. І песьня вельмі рокавая.

Слухачы тады лічылі «Капитал» рэвалюцыйным альбомам, хоць у ім і чуліся ноткі «старых укураных Ляпісаў». У наступных жа ад былых «пацанскіх» песень не засталося і сьледу. У «Манифесте» Міхалок пераходзіць ад абстрактнай палітыкі да больш канкрэтнай, як у беларускамоўнай «Belarus Freedom» — «Пагоня побач, будзем жыць!».

Ня менш напорысты быў і наступны альбом, «Культпросвет». І сапраўдным пікам папулярнасьці «Ляпісаў» стаў альбом «Весёлые картинки», што йшоў за ім. Там быў і рок-рэгі кавэр на «Африку» калінінградзкага «Комитета охраны тепла»...

...і надзвычай спакойная і пацыфістычная «Я верю»...

...і моладзевы беларускі гімн «Грай» з тэкстам не слабейшым, чым у каторага з клясыкаў беларускай паэзіі. Хоць на «Грай» гурт ня зьняў кліп, але фанаты намантавалі мноства самаробных кліпаў — дзе зь беларускай Плошчы, дзе з украінскага Майдану.

Потым «Ляпісы» зьвярнуліся і да сапраўднай клясыкі беларускай паэзіі — купалаўскай «Ня быць скотам». У 2011-м Міхалок у вышыванцы глядзеўся ўжо досыць натуральна, хоць яшчэ за пяць год да таго вышыванка на ім магла б абразіць пачуцьці «канапных вернікаў».

Тады, у 2011-м, Міхалок ужо рэзка выказваўся супраць Лукашэнкі і супраць разгону Плошчы. Яго выказваньні захацела праверыць на «антыўладнасьць» беларуская пракуратура, Міхалок адмовіўся ад запрашэньня ў «органы» і зьехаў з краіны. Свае мэтамарфозы Міхалок выразна акрэсьліў у песьні «Железный»: «Я должен был умереть ещё двадцать лет назад, так х... [навошта] мне бояться за свой железный зад?»

Пазьней «Ляпісы» сабралі ўсе свае беларускамоўныя песьні ў альбоме «Грай» — у тым ліку не забылі і даўні гіт «Рамонкі», адну зь нешматлікіх беларускамоўных песень раньніх «Ляпісаў». У той час яны былі пад фактычнай забаронай у Беларусі, але сталі сапраўднымі рок-героямі краіны.

Лебядзінай для «Ляпісаў» стала песьня «Воины света», якую, нягледзячы на сюррэалістычна-эратычны кліп, вельмі сур’ёзна ўспрынялі ўкраінцы, для якіх яна стала гімнам «Рэвалюцыі годнасьці». Неафіцыйная «эўрамайданаўская» вэрсія кліпа мае ў 16 раз больш праглядаў, чым афіцыйная эратычная — 10 мільёнаў! Песьня засталася зь Міхалком і пасьля распаду «Ляпісаў» — але ў больш цяжкой вэрсіі Brutto.

Распад «Ляпісаў» адбыўся ў 2014 годзе. Нечакана гурт заявіў, што разыходзіцца, і на месцы аднаго «Ляпіса» ўтварыліся два: Brutto зь Міхалком і Trubetskoy з другім вакалістам «Ляпісаў» — Паўлам Булатнікавым. Прычынай распаду стала ідэалягічная нязгода, але спачатку гурты мірна суіснавалі, стаўшы (з ініцыятывы Міхалка) публічна дзяліць спадчыну «Ляпісаў». У выніку сёньня Trubetskoy выступае з уласным рэпэртуарам і дазволены ў Беларусі, а Brutto — забароненыя, жывуць у Кіеве і то прыгадваюць старыя песьні, то пішуць новыя гіты. Такія, як беларускамоўны «Родны край»...

... ці расейскамоўны гімн чалавечай годнасьці «Человек».