Нягледзячы на мароз, у валютных абменьніках узьнікаюць чэргі, у тым ліку ля перасоўных абменных пунктаў «Тэхнабанку» і «Франсабанку».
Яшчэ больш людзей зьбіраецца ў стацыянарных памяшканьнях, якія прапануюць і больш выгадны курс.
У банку «Масква-Менск» на вуліцы Савецкай невялікая чарга. Купіць даляр ЗША тут можна за 20 530 беларускіх рублёў, прадаць — за 20 400 рублёў. Гэта выгадней, чым у "Беларусбанку«і «Белінвэстбанку».
Аднак 18 студзеня набываць даляр і эўра было найлепш у «Цэптэр банку» —адпаведна 20 250 і 22 400 рублёў. Куплялі даляр па вышэйшым кошце «БПС-Ашчадбанк» і «Эўрагандальінвэстбанк» — 20 450 беларускіх рублёў.
Малады гамяльчук Дзьмітры, які толькі што выйшаў з абменьніка «Франсабанку», ня дзівіцца падзеньню беларускай валюты:
«Жахліва абваліўся беларускі рубель. Круцімся, як толькі можам. У мяне асабіста не атрымліваецца ашчаджаць. Толькі запасы й трацім. Цана на нафту ўпала, а мы ад Расеі залежым. Апроч таго, санкцыі супраць Расеі прымянілі».
Суразмоўца ня ведае, як і ў якой валюце нешта зьберагаць, калі завядуцца вольныя грошы. Беларускі рубель імкліва абясцэньваецца, а валютныя дэпазыты, як лічыць Максім, таксама мала прывабныя:
«Даляр расьце, а ў банках паглядзіце, што робяць — пад 3–5 працэнтаў прымаюць. А потым яшчэ й падатак з працэнтаў бяруць».
Гомельскі кіроўца Аляксандар мяркуе, што калі ў каго і ёсьць нейкія ашчаджэньні, то варта іх укладаць лепей за ўсё ў нерухомасьць альбо ў адукацыю:
Вольныя грошы трэба ўкладаць або ў нерухомасьць, або ў адукацыю. І калі ўжо не ва ўласную адукацыю, то ў адукацыю сваіх дзяцей.
«У каго ёсьць грошы, тыя ведаюць, як іх зьберагчы. Першае — гэта нерухомасьць, яна заўсёды мае кошт. А ў такіх, як я, пытацца няма ніякага сэнсу: грошай у нас няма. І наагул, што тая валюта? На маёй памяці даляр таксама ператварыўся ці не ў такую ж паперу, як і рублі. Раней за дваццаць даляраў можна было сёе-тое купіць. А цяпер што купіш за 20 даляраў? Значыць, вольныя грошы трэба ўкладаць або ў нерухомасьць, або ў адукацыю. І калі ўжо не ва ўласную адукацыю, то ў адукацыю сваіх дзяцей. Калі чалавек будзе ведаць дзьве мовы, ён заўсёды будзе запатрабаваны».
За першыя два з паловай тыдні новага году беларускі рубель страціў 5,5 адсотка сваёй «вагі». Даляр «пацяжэў» на 1850 беларускіх рублёў.
Некаторыя гамельчукі наіўна думаюць, што пры іхніх невялікіх заробках ці пэнсіях ім ужо ніякая інфляцыя ня страшная — абы пражыць. Іншыя, як, прыкладам, пэнсіянэрка Ніна, лічыць, што надзейней набыць расейскі рубель:
«Я гэтым не пераймаюся, у мяне вялікіх грошай няма — і гэта не турбуе. У кастрычніку расейскі рубель быў 250 нашых, і цяпер амаль столькі ж.
Хоць бы на камунальныя плацяжы хапіла. На шыкоўнае даўно бракуе. Пра ашчаджэньні і гутаркі няма.
Дзень мінуў — і ладна. А там будзе відаць. Мы пэнсіянэры, і нам усё адно. Я атрымліваю мільён 600 тысяч пэнсіі. Хоць бы на камунальныя плацяжы хапіла. На шыкоўнае даўно бракуе. Пра ашчаджэньні і гутаркі няма, бо маю ж толькі мільён 600 тысяч».
Тым часам фінансавыя аналітыкі зьвяртаюць увагу на той факт, што рублёвыя дэпазыты фізычных асобаў у Беларусі зьмяншаюцца трэці месяц запар. Пачынаючы з кастрычніка яны «схуднелі» на 3 трыльёны рублёў. У сьнежні цяпер ужо мінулага году беларусы забралі са сваіх рахункаў 87 мільёнаў даляраў, а набылі — 111,6 мільёна.