18 студзеня ў Кастрычніцкай раённай адміністрацыі Віцебска прайшло грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будаўніцтва Сафійскага сабора.
Паводле Анатоля Кандратовіча, намесьніка старшыні Кастрычніцкай раённай адміністрацыі, а разам з тым і старшыні камісіі па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будаўніцтва Сафійскага сабора, падобнае абмеркаваньне праводзілася ўпершыню. Верагодна, яго не было б і зусім, каб ня ліст жыхара Менску Рыгора Фёдарава, юрыста грамадзкай арганізацыі «Экадом». Менавіта ў гэтым лісьце віцебскім уладам было прапанавана арганізаваць абмеркаваньне, бо ёсьць асобы, якія хочуць выказацца. Як наконт будаўніцтва Сафійскага сабору ўвогуле, так і пра высечку дрэваў на месцы будаўніцтва ў прыватнасьці.
Ад пачатку гаворка і пайшла пра «ўвогуле»: протаіерэй Міхаіл Марціновіч, будучы настаяцель храма, пачаў тлумачыць, як важна ўзьвесьці ў Віцебску Сафійскі сабор. Паводле ягоных словаў, паўнавартасных Сафійскіх сабораў у сьвеце ня тры, як прынята лічыць, а толькі два. Полацкі пад увагу браць нельга, бо ў першапачатковым стылі на ўзор Сафіі Канстанцінопальскай ён не захаваўся, а перабудаваны паводле ўніяціх канонаў храм «сапраўдным» ня лічыцца. Таму ў Віцебску хочуць узьвесьці сабор на ўзор Полацкай Сафіі ХІ стагодзьдзя. З гэтым, паводле протаіерэя Міхаіла Марціновіча, будзе адноўлена гістарычная справядлівасьць, а разам з тым Віцебск набудзе «помнік гісторыі».
Далёка ня ўсе віцябляне падзяляць пазыцыю праваслаўнага сьвятарства і сьвецкіх уладаў, якія ўхвалілі ідэю збудаваць другі ў Беларусі Сафійскі сабор. Протаіерэй Міхаіл Марціновіч спрабаваў запэўніць прысутных, што ніколі ня чуў ніводнага спрэчнага водгуку. Аднак яны гучаць з таго самага моманту, як толькі пра будаўніцтва было абвешчана. Людзей абурае, што не аднаўляюцца сапраўдныя гістарычныя помнікі — у той час, як у Віцебску зьбіраюцца збудаваць, па-сутнасьці, макет. Таксама жыхары Віцебску незадаволеныя, што пацерпіць «зялёная зона», адна зь нешматлікіх у горадзе.
У афіцыйных паперах напісана, што дзеля будаўніцтва сабору і аўтастаянкі для прыхаджан на 35 аўтамабільных месцаў у парку Партызанскай славы будуць высечаныя 206 дрэў і зьнішчана 4658 квадратных мэтраў газонаў. Цяпер на гэтай пляцоўцы растуць бярозы, елкі, клёны, ліпы, наўзамен якіх прапануецца «кампэнсацыйна» пасадзіць 596 саджанцаў — праўда, ня толькі тут, але і ў іншых месцах горада. Віцяблянам абяцаюць, што разам з узьвядзеньнем храму будзе добраўпарадкаваны і ўскраек парку паміж вуліцамі Ўрыцкага і Чэхава. На пытаньне аднаго з прысутных, ці нельга проста добраўпарадкаваць парк, без будаўніцтва сабора, прадстаўнікі мясцовых уладаў адказалі адмоўна. Маўляў, у бюджэце на гэта няма грошай. А тут знайшліся шчодрыя ахвярадаўцы.
Увасабляць архітэктурны праект, распрацаваны на замову рэлігійнай абшчыны «Прыход Сафійскага сабору г. Віцебску Віцебскай эпархіі Беларускай Праваслаўнай царквы» арганізацыяй ТАА «Будгандальсэрвіс», мяркуюць «саборным шляхам». За сродкі абшчыны і спонсараў, сярод якіх галоўным лічаць расейскі «Газпрам» і яго кіраўніка Аляксея Мілера. Ён асабіста ўпадабаў месца пад будаўніцтва ў парку на беразе Дзьвіны і стаў пачэсным старшынём рады папячыцеляў храма. На пытаньне, ці гатовы ён па-ранейшаму ахвяраваць грошы на будаўніцтва, адказу не было. Хоць прысутныя пыталіся: можа, ня варта нішчыць дрэвы пад будоўлю, якой можа і ня быць?
Не прагучаў і адказ на пытаньне юрыста Рыгора Фёдарава, якім чынам дадзеныя пра значнае перавышэньне некаторых дапушчальных парамэтраў шкоды навакольнаму асяродзьдзю ў справаздачы трансфармаваліся ў выснову «не перавышаюць».
Індывідуальны прадпрымальнік Яўген Андрыянаў, які рабіў справаздачу пра ацэнку ўзьдзеяньня будаўніцтва Сафійскага сабора, проста прамаўчаў у адказ. Затое Анатоль Кандратовіч, які адразу ж пачаў называць юрыста Фёдарава «Рыгоравічам», заявіў, што абмеркаваньне трэба сканчваць. Ён перабіваў выступоўцаў, усяляк дэманструючы, што мясцовым уладам пэрспэктыва будаўніцтва падабаецца, і гэта галоўнае. Падобна, што паўтары гадзіны зносінаў «з народам» чыноўнік цярпеў «для галачкі», бо абмяркоўваць нешта мясцовыя ўлады намеру ня мелі, хоць і разьмясьцілі абвестку пра тое, што можна пазнаёміцца са справаздачай пра ўзьдзеяньне аб’екта на навакольнае асяродзьдзе, кажа кажа юрыст «Экадому» Рыгор Фёдараў:
«У парушэньне правілаў, улады не напісалі, што грамадзяне могуць патрабаваць правядзеньня грамадзкага абмеркаваньня. І тое, што мы бачылі, гэта тыповая сытуацыя, калі на сходзе, прысьвечаным абмеркаваньню ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, гаварылася пра гэта ня больш за 10% часу. Я лічу, што справаздача была зробленая няякасна, яе трэба дапрацоўваць. Пра гэта трэба пісаць заяву ў адміністрацыю і мясцовыя структуры Мінпрыроды. А таксама пазначаць, што была парушаная працэдура арганізацыі сходу па абмеркаваньні».
Паводле спадара Фёдарава, пра сход трэба было загадзя паведамляць у мясцовай прэсе. Тады як намесьнік старшыні раённай адміністрацыі спадар Кандратовіч безапэляцыйна заявіў: «Навошта нам кагосьці зьбіраць? Мы не абавязаныя. Людзі тут нам непатрэбныя».
Напрыканцы сходу чыноўнік заявіў, што на яго асабіста дужа дабратворна ўплывае гук царкоўных званоў, і неістотна, што паблізу новазбудаванага сабора знаходзяцца жылыя дамы і шпіталь з паліклінікай. А на пытаньне, ці варта паўнавартасныя дарослыя дрэвы замяняць маладымі саджанцамі, протаіерэй Міхаіл Мартыновіч заўважыў: «Бог дасьць, і яны вырастуць».
За паўтары гадзіны далёка ня ўсе прадстаўнікі грамадзкасьці пасьпелі выступіць на сходзе, а было іх усяго зь дзясятак, калі не лічыць журналістаў. Многія жыхары Віцебску пра «экалягічны» сход нават не даведаліся.