Сёньня ў Менску адбудзецца вечарына з нагоды 80-годзьдзя перакладчыка Васіля Сёмухі.
Юбіляр ня любіць адзначаць свае дні народзінаў, таму асновай сцэнару стане прэзэнтацыя перавыданьня кнігі Фрыдрыха Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» ў перакладзе Васіля Сёмухі.
Свабода пагутарыла зь вядоўцам вечарыны, літаратарам Лявонам Баршчэўскім, які расказаў пра ўнёсак Васіля Сёмухі ў беларускую літаратуру.
— Васіль Сёмуха — з тых людзей, якія ня любяць адзначаць такія даты. Як ён сам кажа, пасьля 50 гадоў ён не адзначаў ніводнага са сваіх юбілеяў. Таму мы выкарысталі перавыданьне яго перакладу як нагоду, каб яго павіншаваць і зрабіць вечарыну ў яго гонар. Праўда, ня будзем рабіць акцэнт на віншаваньні, а больш на тым, каб маладзейшыя перакладчыкі пачыталі фрагмэнты сваіх перакладаў. А паколькі толькі што выйшла з друку перавыданьне кнігі Фрыдрыха Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» ў перакладзе Васіля Сёмухі, яшчэ адбудзецца прэзэнтацыя гэтай кнігі. Асновай сцэнару будуць акурат фрагмэнты з гэтай кнігі.
— Ці Васіль Сёмуха будзе сам прысутнічаць на вечарыне?
— Мы запішам вечарыну на відэа і падорым спадару Сёмуху. На жаль, стан зроку яго такі, што ён ня можа адыходзіць далёка ад дому.
— Наколькі важны ўнёсак Васіля Сёмухі ў беларускі літаратурны працэс?
Гэта адзін зь першых перакладчыкаў, які да сваёй справы паставіўся не як да рамяства, а як да творчасьці.
— Гэта адзін зь першых перакладчыкаў, які да сваёй справы паставіўся не як да рамяства, а як да творчасьці. Ён выкарыстаў пераклад для таго, каб пашырыць магчымасьці беларускай размоўнай мовы. Васіль Сёмуха выкарыстоўвае добрае веданьне жывой народнай мовы, у першую чаргу паляшуцкіх дыялектаў — родам ён з Пружаншчыны, а таксама сваю грунтоўную адукацыю — ён скончыў рамана-германскую філялёгію Маскоўскага ўнівэрсытэту імя Ламаносава. Празь пераклады Васіль Сёмуха паспрабаваў увесьці ва ўжытак шэраг моўных пярлінак. Я б нават рызыкнуў сказаць, што ёсьць два чалавекі, якія заслугоўваюць таго, каб мова іх перакладаў была сабраная ў грунтоўныя слоўнікі, якія б дапамагалі маладому пакаленьню вывучаць багацьце беларускай мовы — жывой і натуральнай. Я маю на ўвазе Рыгора Барадуліна і Васіля Сёмуху. Калі б мовазнаўцы склалі слоўнік Васіля Сёмухі, гэта быў бы бэстсэлер. Безумоўна, нельга не адзначыць таксама яго прафэсійнае веданьне літаратуры, адчуваньне стылю, пошукі беларускіх эквівалентаў. Дзякуючы гэтаму ў нас ёсьць найлепшы ва ўсёй Эўропе пераклад трагедыі Гётэ «Фаўст», сапраўдны шэдэўр перакладу рамана Грымэльсгаўзэна «Авантурнік Сімпліцысімус», вельмі шмат знаходак у перастварэньні на беларускую мову Бібліі, ёсьць цудоўныя знаходкі ў перакладах Майрынка, Зюскінда, Рыльке. Таму яго месца ў беларускай літаратуры — нягледзячы на тое, што перакладчыкаў заўсёды разглядаюць на пэрыфэрыі і забываюць узгадваць у падручніках па гісторыі літаратуры, — вельмі адметнае.
— Васіль Сёмуха вядомы як чалавек нацыянальных поглядаў.
Васіль Сёмуха ніколі ня быў каньюнктуршчыкам, ніколі не падладжваўся пад улады, нават адмаўляўся ад высокіх прэмій і ордэнаў. У гэтым пляне ён добры прыклад для маладога пакаленьня.
— Так, я б таксама адзначыў яго грамадзянскую пазыцыю. Васіль Сёмуха ніколі ня быў каньюнктуршчыкам, ніколі не падладжваўся пад улады, нават адмаўляўся ад высокіх прэмій і ордэнаў. У гэтым пляне ён добры прыклад для маладога пакаленьня.
— Вы адзначылі сярод іншых працаў юбіляра ягоны пераклад Бібліі. Шмат хто ведае Васіля Сёмуху менавіта як перакладчыка Бібліі. Наколькі ўдалы гэты пераклад?
— Тэолягі могуць за нешта крытыкаваць пераклад Бібліі Васіля Сёмухі. Я не багаслоў, таму ацэньваю з моўнага гледзішча. Лічу, што гэта самы чытэльны пераклад. І калі рэкамэндаваць каму чытаць Біблію па-беларуску, то ў перакладзе Васіля Сёмухі. Ён вельмі жывы, натуральны, чытэльны, з прадуманым і распрацаваным сынтаксісам. У выніку Біблія ў перакладзе Сёмухі — добры для ўспрыманьня тэкст. Кажу пра гэта, не паглыбляючыся ў тэалягічныя нюансы і падрабязнасьці.