«Зэкі ў СІЗА ды на „крытцы“ — самыя „чытаючыя“ пасьля працаўнікоў Акадэміі навук»

Сьледчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску

Пра бібліятэкі турэмнай ды лягернай сыстэмы.

Што такое турэмныя бібліятэкі? Якая літаратура прадстаўленая ў іх? Наколькі задавальняе яна зьняволеных? Ці любяць увогуле чытаць за кратамі? Сёньня мы будзем гаварыць пра забесьпячэньне вязьняў кнігамі ў СІЗА ды «крытых» турмах. Як сьведчаць былыя зьняволеныя, бібліятэкі для тых, хто сядзіць у камэрнай сыстэме, істотна адрозьніваюцца ад тых бібліятэк, што існуюць пры калёніях. І само чытаньне таксама.

Катаваньне забаронай на чытаньне

Васіль Лявонаў

У нашым архіве ёсьць інтэрвію, недзе дзесяцігадовай даўніны, былога палітвязьня і вядомага дзяржаўнага дзеяча Васіля Лявонава. Ён сышоў ад нас летась у студзені. З 1997 па 2000 год знаходзіўся за кратамі. Спачатку быў абвінавачаны прэзыдэнтам у датычнасьці да забойства, аднак урэшце атрымаў прысуд за хабар... Гэты чалавек прайшоў тры сьледчыя ізалятары — «амэрыканку», жодзінскі СІЗА ды «Валадарку», а таксама аршанскую калёнію. У той размове са Свабодай сп. Лявонаў узгадваў, што сапраўдным катаваньнем для яго ў зьняволеньні была забарона на чытаньне. Адзінае «чытво», што аднойчы кінулі ў камэру яму, на той час перакананаму атэісту, — была Біблія. Тыя турэмныя начальнікі, паводле Васіля Лявонава, зразумела, ніколькі не клапаціліся, каб ён прыйшоў да Бога. Больш за тое, яны б адмовіліся ад сваёй зьдзеклівай ідэі, калі б ведалі, якую ролю адыграе тая кніга ў ягоным жыцьці.

Your browser doesn’t support HTML5

Васіль Лявонаў пра забарону на чытаньне ў турме


Удзельнікі сёньняшняй перадачы — былыя палітвязьні Зьміцер Дрозд, Ігар Аліневіч, Мікола Аўтуховіч, Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Пачобут — людзі нашмат маладзейшыя, і за кратамі яны пабывалі ў пазьнейшыя часы. Нікому зь іх, паводле іхніх сьведчаньняў, не давялося перажыць забарону на чытаньне. Аднак кожны вельмі выразна памятае пачуцьцё чытацкага ды інтэлектуальнага голаду за кратамі.

За ўсю гісторыю бібліятэкі турэмнага замку там пераважала «правільная» літаратура

Фігурант Плошчы-2010, былы палітвязень, гісторык паводле спэцыяльнасьці Зьміцер Дрозд сядзеў у СІЗА «Валадарка», а таксама ў бабруйскай папраўчай установе. Ён сьведчыць, што ў бібліятэцы СІЗА якаснай літаратуры бракавала. Пераважалі «правільныя» з гледзішча турэмнага начальства кнігі — розная, яшчэ з савецкіх часоў, ідэалягічная макулятура ды дэтэктывы Данцовай... Па сутнасьці, такі ўхіл на збор «правільнай літаратуры» для вязьняў існаваў ад самога пачатку існаваньня бібліятэкі. Паводле Зьмітра Дразда, які шчыльна займаецца гісторыяй Пішчалаўскага замку, бібліятэка пры ім зьявілася недзе ў 1835 годзе, праз 10 гадоў пасьля таго, як пачала дзейнічаць сама турма.

Зьміцер Дрозд

Дрозд: «У 1835 годзе ў людзей багатых ды заможных, якія ў той час сядзелі, былі свае асабістыя бібліятэкі з тых кніг, якія ім перадавалі з волі... Гэтыя асобнікі звычайна заставіліся ў замку, пасьля таго як вязьня або вызвалялі, або перакідвалі па этапе. Паступова пачала фармавацца агульная бібліятэка. Сюды цэнтралізавана паступалі кнігі пераважна рэлігійнага пляну, праваслаўныя. Я калі перапісваў усе архіўныя сьпісы, то бачыў недзе 12 Новых запаветаў, 20 Старых запаветаў, розныя малітоўнікі... Колькасна на 230 чалавек, улічваючы, што пісьменных людзей зь іх было вельмі мала, гэтага хапала... Нейкай забаўляльнай літаратуры першы час не было. І толькі на пачатку 20 стагодзьдзя, у 1905-м, паводле архіўных зьвестак, паступаюць прыватныя ахвяраваньні. Напрыклад, паступіла 147-томная сэрыя „Бібліятэкі раманаў. Прыгоды на сушы і на моры“ ад вядомага выдаўца Пятра Сойкіна. Сярод кніг сэрыі — творы Конан Дойла, Жуля Вэрна, Уэлса і шмат якіх іншых папулярных на той час пісьменьнікаў. Аднак дамінавала ў турэмным кнігасховішчы ўсё ж рэлігійная літаратура (гэтаксама як цяпер ідэалягічная), каб узьдзейнічаць на арыштанта духоўна. Лічылася, што пачытае чалавек Новы запавет — і стане іншым, перавыхаваецца»...

Бібліятэку раманаў" выдаўца Сойкіна цалкам перавыдалі ў канцы ХХ стагодзьдзя, што сьведчыць пра папулярнасьць гэтых кніг і ў наш час. У якасьці ахвяраваньняў у сучасныя турэмныя бібліятэкі краіны гэтая сэрыя, аднак, не паступала. Паводле сьведчаньняў былых сядзельцаў беларускіх турмаў, найлепшыя бібліятэчныя кнігі — гэта тыя, якія засталіся ад колішніх зьняволеных.

У «амэрыканцы» адны і тыя ж кнігі бібліятэка прапаноўвала па некалькі разоў. На «Валадарцы» не было кніг на беларускай мове

Анархіст Ігар Аліневіч сядзеў у «амэрыканцы», Наваполацкай калёніі і ПК «Віцьба». У зьняволеньні пастаянна чытаў кнігі. Сёньня ён распавядае пра бібліятэку ўстановы, дзе ў сталінскія часы было расстраляна звыш 100 найлепшых беларускіх літаратараў ды дзеячаў культуры. Творы тых аўтараў сёньня чытачам, аднак, не прапаноўвалі.

Ігар Аліневіч

Аліневіч: «Існуе такая цікавая сыстэма выдачы кніг. Ці то раз, ці то два разы на тыдзень прыяжджае вазок з кнігамі і даюць некалькі кніг у камэру, залежна ад колькасьці зьняволеных. Гэта робіць кантралёр, бібліятэкара там няма. Калі ён прыяжджае мяняць кнігі, то проста перадае кнігі з адной камэры ў іншую, каб вельмі не напружвацца. Тым, хто сядзіць некалькі месяцаў, адны і тыя ж кнігі могуць трапіць па некалькі разоў. У асноўным кнігі яшчэ, напэўна, са старых савецкіх часоў засталіся, досыць патрапаныя. І вельмі шмат звычайнай макулятуры, жоўтых дэтэктываў нізкаякасных, раманчыкаў, аўтабіяграфіяў савецкіх дзеячаў. Але ёсьць і больш-менш нармальныя кнігі. Як правіла, яны трапляюць туды дзякуючы людзям, якія знаходзіліся ў СІЗА. Часам мне шанцавала з той купай кніг, што нам прывозілі. Напрыклад, памятаю, я прачытаў „Сям’ю Тыбо“ Ражэ Мартэна дзю Гара. Даводзілася назіраць карціну, калі кантралёр прывёз нам многа кніг, штук восем, і адзін хлопец у камэры паглядзеў на іх і сказаў, што чытаў усе гэтыя кнігі не па аднаму разу...»

Паводле сядзельцаў «Валадаркі», хоць праз Менскі турэмны замак, гэтак жа, як і праз «амэрыканку» прайшлі нямала выбітных беларускіх літаратараў — Дунін-Марцінкевіч, Якуб Колас, Алесь Гарун, Карусь Каганец, Максім Танк, у турэмнай бібліятэцы кніг гэтых аўтараў, як і ўвогуле кніг на беларускай мове, не было.

Дрозд: «У мяне была праблема, што я хацеў пачытаць беларускую клясыку, напрыклад, таго ж Караткевіча. На беларускай мове. Аднак мне сказалі: такой літаратуры няма. Увогуле кніжак на беларускай мове там не было. Потым прынесьлі зачытанае „Дзікае паляваньне караля Стаха“, але на расейскай».

Дзьве бібліятэкі адной турмы

Бібліятэка самай старой у Беларусі гарадзенскай турмы — маладзейшая за бібліятэку Менскага турэмнага замку. Афіцыйна яна існуе ад 1880 году. Да таго часу арыштантам дазвалялася карыстацца толькі адной кнігай — Бібліяй. Цяпер на турэмнай тэрыторыі дзейнічаюць дзьве бібліятэкі. Адна ў першым корпусе турмы — СІЗА, які завецца, як і менская турма КДБ, «амэрыканкай». Другая — у так званым «бастыёне», старым корпусе, дзе адбываюць пакараньне. Журналіст Андрэй Пачобут сядзеў у гарадзенскай «амэрыканцы».

Андрэй Пачобут

Пачобут: «У корпусе, дзе я сядзеў, вельмі слабенькая бібліятэка. Проста камэра, пераробленая на бібліятэку. Там нейкія савецкія былі кніжкі. З таго, што я чуў, у другім корпусе гарадзенскай турмы — дастаткова цікавая, якасная літаратура.

Сапраўды, калі людзі ў зьняволеньні, кніжкі — такі сродак, які дазваляе вырвацца з-за кратаў. Проста чалавек чытае — і забывае, што вакол яго робіцца. Рэлігійная літаратура, Біблія, — яна там ёсьць. Калі раней за Біблію маглі пасадзіць, то цяпер яе свабодна можна чытаць у турме, куды, дарэчы, прыходзяць сьвятары, асабліва актыўныя ксяндзы... Памятаю, што на рэлігійныя тэмы там дыскутавалі — пра традыцыйныя рэлігіі і нетрадыцыйныя. Там нават нейкія малітвы хадзілі, што трэба перад судом гаварыць, і тады прысуд будзе меншы. Такія крымінальна-блатняцкія, замешаныя на хрысьціянстве. Я аднойчы бачыў у судовым будынку ў камэры, дзе трымаюць зьняволеных, калі перапынак у працэсе, на сьцяне напісана асадкай чатырохрадкоўе такога рэлігійнага зьместу. Я думаю, што чалавек у складаных умовах нешта там пачынае шукаць. Але звычайна гэтыя пошукі сканчаюцца разам з турмой».

Дрозд: «Для мяне паказчык — прыклад чалавека, які сядзеў са мной на „Валадарцы“. Ён ніколі ня быў рэлігійны. У яго быў малітоўнік, там была малітва ад нейкага сьвятога, і яе трэба было прачытаць недзе 66 разоў. Каля таго чалавека зьбіраліся некаторыя іншыя, і яны чыталі гэтую малітву 66 разоў, потым нейкую іншую столькі ж... Для большасьці гэта было нешта кшталту рытуалу, успрыманьне праваслаўя як зварот да нейкіх магічных сілаў. Вось я зраблю гэты рытуал, і мне замест пяці гадоў дадуць чатыры ці ўвогуле вызваляць...»

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч падчас свайго зьняволеньня ў Гарадзенскай крытай турме быў запісаны ў бібліятэку бастыёна, якая, паводле Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, мае рэпутацыю самай лепшай турэмнай бібліятэкі краіны.

Зьміцер Дашкевіч

Дашкевіч: «Была клясычная літаратура. У асноўным расейская. Зь беларускай траплялася сьпісаная ў школах х адпаведнымі штампікамі. Сярод такіх кніг маглі сустракацца і на беларускай мове. А так іх звычайна было малавата. Бывала, бібліятэкар або нейкі чалавек з адміністрацыі мог проста па дабрыні душэўнай выключна прынесьці тую кнігу, якую асуджаны просіць, а так — выбірай тое, што табе прынесьлі. Калі няма выбару, калі знаходзісься ў абмежаванай камэрнай сыстэме, натуральна, чытаеш усё, што прыносяць, апроч, можа, самых „неадэкватных“ рэчаў, бо выбару няма. А так родных просіш прыслаць ці знаходзіш літаратуру прыватную ў асуджаных».

Абанэнтам старой гарадзенскай бібліятэкі быў і Мікола Аўтуховіч. Так склалася ў жыцьці былога палітвязьня: раман вядомага пісьменьніка пра Хрыста, які «прызямліўся ў Гародні», ён упершыню прачытаў за кратамі, у турме, якая глядзіць мурамі на стары рынкавы пляц, дзе некалі адбываліся падзеі кнігі Ўладзімера Караткевіча.

Your browser doesn’t support HTML5

Аўтуховіч пра турэмную бібліятэку

Аўтуховіч: «Я прачытаў усяго Караткевіча, вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, былі зборнікі цікавыя. У турме быў бібліятэкар, былы начальнік „рэжыму“ турмы, Лісіцын. Дык вось прыйшоў нейк гэты Лісіцын, і я пытаюся: ці ёсьць у вас нешта на беларускай мове? Ён мне прынёс цэлую скрынку. Яна ў мяне пад ложкам стаяла, я паціху чытаў... „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“, „Каласы пад сярпом тваім“, іншыя творы. Раман пра Хрыста аказаўся напачатку складаны. Калі я пачаў, ён вельмі цяжка чытаўся. Шмат перачытваў, бо нешта было незразумела, „замарочна“ было напісана. І толькі калі я далей пайшоў, зразумеў, пра што гэта. І далей усё больш цікава было. Нават было такое адчуваньне, што жыву ў тыя часы...»

Дашкевіч: «У турэмнай сыстэме чытае шмат людзей. Гэта ня тое, што ў зонах, калі там ганяюць па шэсьць дзён на тыдзень на працу, дык хаця б на ліст пасьпець адказаць... У камэры ж сама абстаноўка да таго схіляе, каб нават той, хто не чытаў на волі, пачаў хаця б нешта перагортваць. Я на волі нават столькі не магу чытаць, а там было: фактычна дзень — гэта кніга. Калі нехта схільны сябе крышку разьвіваць, каб час ня быў зусім змарнаваны, выкінуты з жыцьця, то вось людзі ставяць перад сабой тую ці іншую мэту. Некаторыя вывучаюць мову, яшчэ што-небудзь. Чым яшчэ займацца, калі, напрыклад, далі тры гады камэрнай сыстэмы, а тым больш, калі цябе пажадалі ізаляваць ды пасадзілі ў адзіночку? Там трапляюцца такія, што за тры гады крытай турмы праштудзіруюць творы Платона назубок. Такія рэчы выдаюць, што ня кожны б філёзаф падыскутаваў з зэкамі. Можна згадзіцца з тым, што зэкі — гэта адна з самых „чытаючых“ частак беларускага грамадзтва. Напэўна, наступныя пасьля працаўнікоў Акадэміі навук».

Самае папулярнае турэмнае «чытво»: КК РБ, дэтэктывы і эзатэрыка

Паводле афіцыйных зьвестак, найбольш папулярнымі за кратамі лічацца кнігі па крымінальным заканадаўстве, дэтэктывы — пераважна расейскіх аўтараў, а таксама рэлігійная ды эзатэрычная літаратура. Андрэй Пачобут узгадвае, што ён прасіў перадаваць яму за краты лёгкае чытво, да якога пасьля турмы больш не зьвяртаўся.

Умовы стрэсавыя. Не хацелася чытаць нічога складанага, дадатковых перажываньняў, а хацелася нечага лёгкага, забаўляльнага.

Пачобут: «З таго, што я памятаю, чыталі найперш папулярных аўтараў, Данцовай кніжкі. Я ў звычайных умовах мастацкую літаратуру не чытаю, толькі нон-фікшн. А як быў у турме, думаў, што мяне „закрыюць“ на гады, маральна да гэтага рыхтаваўся... Умовы стрэсавыя. Не хацелася чытаць нічога складанага, дадатковых перажываньняў, а хацелася нечага лёгкага, забаўляльнага. Таму папрасіў у жонкі Акуніна. Сьпярша яна перадала адну яго кнігу, потым іншыя, і я іх усе прачытаў. І фактычна ўсяго Акуніна я прачытаў у гарадзенскай турме. І тым, хто са мной сядзеў, ім былі гэтыя кнігі цікавыя. Адзін зь іх прачытаў Акуніна і сказаў: як фільм паглядзеў! І гэта было для яго відавочнай асалодай. Як я памятаю, у турме, калі прымалі кнігі, былі незадаволеныя, казалі: у нас бібліятэка свая. Але прымалі... А потым уладальнікі тых кніг сыходзілі, а кніжкі заставаліся. Нехта некаму перадаў, і кніга пайшла гуляць...»

Большасьць вязьняў пакідаюць свае кніжкі...

Дрозд: «У мяне былі добрыя кніжкі, якія сябры перадалі з волі... Напрыклад, гісторыя Сярэднявечча, падручнік па польскай мове... Зразумела, сыходзячы адтуль, я іх з сабой ня ўзяў, пакінуў бібліятэцы. Большасьць вязьняў пакідаюць свае кніжкі... Што да перадачы кніг з волі за краты, то ў мяне з гэтым на „Валадарцы“ праблемаў не было. З майго досьведу, у СІЗА, дзе чалавек можа атрымаць у якасьці перадачы недзе 30 кг у месяц. з гэтым прасьцей чым на зоне. Мне часта перасылалі раздрукоўкі той літаратуры, якую я прасіў. Напрыклад, пра той жа Менскі турэмны замак. Атрымліваў без праблемаў. Кантралёры глядзелі, каб нічога там сакрэтнага не было, ды перадавалі».

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч адзначае, што з кніжнымі пасылкамі з волі ў кожнай установе бывае па-рознаму, бо «кожная адміністрацыя па-свойму трактуе закон».

Дашкевіч: «Як я мог зразумець, яны не абмяжоўвалі адукацыйную літаратуру і рэлігійную. Таму ў некаторых установах прапускалі. А ў некаторых казалі: у нас забаронена, толькі бібліятэка. Ну, тады ўжо іншых варыянтаў не было».

Дасланая ў Магілёўскую турму палітвязьню Мікалаю Статкевічу ксэракопія афіцыйнай пастановы Саўміну аб нормах харчаваньня і забесьпячэньня зьняволеных рэчамі і гігіенічнымі прыладамі, вярталася назад адпраўніку(жонцы Марыне Адамовіч) пяць разоў

Прывілей «амэрыканкі»

Адрозна ад іншых турэмных установаў, вязьні менскай «амэрыканкі» ўсё ж маюць пэўны прывілей. А менавіта — вязень мае, бадай, унікальную, як на беларускія вязьніцы, магчымасьць напісаць заяву, каб яму набылі кнігу ў гандлёвай сетцы. Такое супадзеньне, што «амэрыканка» знаходзіцца побач з Цэнтральнай кнігарняй сталіцы, што на той жа Камсамольскай вуліцы цераз дарогу.

Your browser doesn’t support HTML5

Аліневіч пра кнігі, якія яму прыносілі з кнігарні ў "амэрыканку"

Аліневіч: «Сваю заяву я пісаў некалькі разоў, аднак яе раз за разам вярталі, казалі, што такіх кніг няма. Праз паўтара месяца мне ўсё ж купілі энцыкляпэдыю па псыхалёгіі і кнігі Барыса Акуніна пра прыгоды Фандорына. Таксама Оруэла „1984“, за які некалі той жа КДБ мог арыштаваць. Фактычна „1984“ Оруэла — гэта „Архіпэляг Гулаг“ Салжаніцына ў сьціслым выкладзе. І ня дзіва, што і ў Расеі гэтая кніга цяпер карыстаецца вялікай папулярнасьцю, мяркуючы па тым, што там адбываецца. Людзі хочуць атрымліваць адказы на пытаньні: чаму масы любяць правадыра? Чаму людзі ведаюць праўду, але адварочваюцца ад яе? Якія сродкі выкарыстоўвае ўлада дзеля кантролю і замбаваньня насельніцтва? Усе гэтыя пытаньні ў „амэрыканцы“ тады былі вельмі актуальныя. Таму што мне хацелася зразумець псыхалёгію ўлады, што ёю рухае. І Оруэл даў найлепшы адказ. Праз гады я гэты ж адказ знайшоў у кнігах вязьняў Гулагу Шаламава, Салжаніцына, Гінзбург... Так што, лічу, зрабіў правільны выбар».

(працяг будзе)