Нядаўна расейскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра тое, што ў Данецку снайпэр забіў падпалкоўніка ДНР Яўгена Конанава з пазыўным «Кот».
Як высьветліў «Беларускі партызан», забіты камандзір сэпаратыстаў — жыхар Магілёва.
У Магілёве ўдалося пагутарыць з суседам сям’і Конанава. Сусед апавёў пра тое, як жыў забіты камандзір сэпаратыстаў да выезду на Данбас.
Бацькі Яўгена Конанава атрымалі кватэру ў адным са спальных раёнаў Магілёва ў 1979 годзе. Неўзабаве нарадзіўся і Яўген. Мікрараён забудаваны «хрушчоўкамі». Маці забітага на Данбасе камандзіра сэпаратыстаў дагэтуль жыве ў той самай кватэры.
Паводле суседа сям’і Конанавых, які не пажадаў, каб ягонае імя публікавалася, маці шакаваная сьмерцю сына і кантактуе з дужа абмежаваным колам знаёмцаў. Жанчына ня мела магчымасьці разьвітацца з сынам, бо пахавалі яго на Данбасе. Дзень сьмерці Конанава, кажа яго магілёўскі сусед, — 9 студзеня. Пра абставіны сьмерці родныя ня маюць дакладных зьвестак. Трымаюцца той вэрсіі, якая названая ў прэсе — «загінуў ад кулі ўкраінскага снайпэра».
У Магілёве ў забітага дзьве дачкі. Зь першай жонкай ён разьвёўся. Сусед кажа, што яна яго кінула, калі Конанаў быў на заробках у Расеі.
Да прызыву ў войска Конанаў займаўся боксам. Зрэдку аб’яўляўся ў бацькоў. Час бавіў у цэнтры гораду, дзе жыла ягоная бабуля. Ейная кватэра непадалёк ад гасьцініцы Магілёў і Дому спорту. Вучыўся ж ён у адной са школ мікрараёну. У юнацтве меў мянушку «Жэнька-кошык».
Служыў у паветрана-дэсантных войсках. Дэмабілізаваўся ў званьні старшага сяржанта. Пасьля войска, як прыгадвае сусед Конанавых, будучы камандзір сэпаратыстаў з кампаніяй аднагодкаў «ускрыў» шапік ля Мінскага базару. Быў асуджаны. Пасьля вызваленьня пры канцы 1990-х гадоў, маючы жонку і дзьвюх дачок, паехаў на заробкі ў Расею. Рабіў на маскоўскіх будоўлях да 2006 году.
У Маскве, згадвае сусед, Конанава зьвінавацілі былі ў крадзяжы дарагога кабэля, але апраўдалі.
У расейскай сталіцы Конанаў, кажа яго магілёўскі сусед, пазнаёміўся з украінкай з Данбасу, туды зь ёю і паехаў. Там ажаніўся. Як хлопец апынуўся ў шэрагах сэпаратыстаў, суразмоўца ня ведае, бо не падтрымліваў зь ім стасункаў. Зьдзіўлены, што Конанаў за кароткі час пасьпеў стаць падпалкоўнікам.
«Авантурнікам ён ня быў. Толькі вось ягонае свавольства, якое прывяло да турмы, крыху псавала яго біяграфію. Але рабіў ён усё сьвядома, авантурызм — не ягоная рыса характару. Як ён там апынуўся і кім стаў, я ня ведаю. Відаць, там нейкія свае меркі. Здраднікам ён ня быў. Ён жа ня ведаў, што на Данбасе будзе канфлікт. Проста пераехаў туды жыць з каханай жанчынай», — мяркуе сусед забітага камандзіра сэпаратыстаў.
Калі стала вядома, што Конанаў загінуў, то па двары папаўзьлі чуткі, кажа суразмоўца. Кожны выдумляў нешта сваё. «Хваляваньні пайшлі дужа моцныя», — заўважае ён.