Новыя курсы Нацбанку прынесьлі новыя антырэкорды беларускага рубля. У абменьніках даляр прадаюць ужо за 20 тысяч.
Нацбанк Беларусі абвясьціў курсы валютаў на 15 студзеня. 1 даляр ЗША цяпер каштуе 19 514 рублёў (+188 рублёў, альбо 0,97%), эўра — 21 197 (+269 рублёў, альбо 1,3%). Крыху падаражэў і расейскі рубель, да 254,58 беларускіх (+1,83 рубля, альбо 0,72%).
У банках тым часам даляр прадаюць не таньней як па 19 550 рублёў, у большасьці — па 19 650 ці каля таго, у некаторых жа банках ужо па 20 тысяч роўна. Купляюць жа па 19 300–19 700. Эўра прадаюць ад 21 300 і вышэй.
Ад пачатку году даляр вырас амаль на тысячу рублёў. 1 студзеня 2016 году курс Нацбанку складаў 18 569 рублёў за даляр, 20 300 за эўра і 255,33 беларускіх рублёў за расейскі. А на пачатку 2015 году за даляр прасілі 11 900 рублёў, за эўра — 14 460 і за расейскі рубель — 207 беларускіх.