У Варкуце спалілі кнігі, якія «пярэчаць расейскай ідэалёгіі»

У расейскай Рэспубліцы Комі спалілі больш за пяць дзясяткаў асобнікаў навучальнай літаратуры, выдадзенай пры падтрымцы Фонду Сораса па праекце «Абнаўленьне гуманітарнай адукацыі ў Расеі». Кнігі знаходзіліся ў бібліятэчным фондзе Варкуцінскага горна-эканамічнага каледжу.

Інтэрнэт-часопіс «7×7» накіраваў афіцыйны запыт у Міністэрства адукацыі і маладзёжнай палітыкі Комі пасьля таго, як у сярэдзіне сьнежня 2015 году стала вядома, што зь бібліятэк і навучальных устаноў рэспублікі забіраюць літаратуру, выдадзеную пры падтрымцы Фонду Сораса. Сёньня рэдакцыя атрымала адказ за подпісам в. а. міністра Сьвятланы Майсеевай-Архіпавай.

У ім паведамляецца, што ў Ухцінскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце выявілі і рэкамэндавалі выключыць 413 кніг. У Варкуцінскім політэхнічным тэхнікуме — 14 кніг; там гэтыя падручнікі ўжо канфіскаваныя, рыхтуецца акт аб іх сьпісаньні, а выданьні будуць «утылізаваныя з дапамогай зьнішчальніка папераў».