Такое здараецца, хоць і не занадта часта: каляндар 2016 году цалкам супаў з 1916-м — хоць вешай на сьценку пажоўклы каляндар стогадовай даўнасьці. Супадзеньне, вядома, умоўнае, улічваючы, што ў 1916 годзе ў Расеі яшчэ ўжываўся юліянскі каляндар, а не грыгарыянскі, як цяпер, і Новы год гэтая краіна сустракала ў ноч з 13 на 14 студзеня па «новым» стылі.
Тым ня менш у сацыяльных сетках далі волю трывожнай аналёгіі: бо 1916-ы — апошні перадрэвалюцыйны год! Якім быў гэты «год-блізнюк», чаму ён стаў апошнім у гісторыі царскай Расеі, якая павалілася праз два месяцы пасьля яго заканчэньня, і ці магла гісторыя абмінуць трагічнае рэвалюцыйнае скрыжаваньне?
На пытаньні супрацоўніка расейскай службы Радыё Свабода Яраслава Шымава адказвае гісторык, прафэсар Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Пецярбургу Ўладзімер Лапін.
Шымаў: 1916 — гэта разгар найцяжэйшай для Расеі і ў выніку ёю прайгранай Першай сусьветнай вайны. Якое было становішча на франтах і стан расейскага войска, як яно сустракала апошні год Расейскай імпэрыі?
Лапін: 1916 для расейскага войска, вядома, апынуўся крыху лягчэйшым, чым папярэдні, 1915-ы, які называлі «годам вялікага адступленьня». Войска, з аднаго боку, назапасіла баявы досьвед, але зь іншага — ужо двойчы быў выбіты яго асноўны склад. У яго шэрагах ужо не было тых, хто вучыўся вайсковай справе па «мёртвым» статуце і краснасельскіх манэўрах, але ў той жа час прыйшла вялікая колькасьць людзей, у якіх не было, як тады казалі, ваеннай костачкі. Адбылося зьніжэньне ўзроўню афіцэрскага складу.
— Вы маеце на ўвазе рэзэрвістаў?
— Рэзэрвістаў, так. Прыйшлі тыя, каго ў жніўні 1914 гады, калі вайна пачыналася, дакладна не зьбіраліся пасылаць на фронт. Калі б у 1914 вышэйшаму каманднаму складу распавялі, каго яны будуць забіраць праз паўтара года на фронт, яны б усе прыйшлі ў жах. Але, як я ўжо сказаў, войска набыло баявы вопыт — гэта таксама вельмі важна. У 1916 годзе была лягчэйшай сытуацыя і з узбраеньнямі. Зь імі і асабліва з боепрыпасамі было па-ранейшаму дрэнна, але дрэнна — гэта ўжо не катастрофа.
— Расея ўступіла ў вайну кепска аснашчанай, ці гэта было наступствам паразаў 1915 году, калі расейскія войскі вымушаныя былі пакінуць частку Польшчы, якая належала да Расейскай імпэрыі, і шэраг іншых тэрыторый?
Усе краіны, якія ваявалі ў Першую сусьветную вайну, былі да яе не гатовыя.
— Усе краіны, якія ваявалі ў Першую сусьветную вайну, былі да яе не гатовыя, усё абсалютна. Нельга сказаць, што Расея была горш гатовая. Проста астатнія змаглі нагнаць, хутка перабудаваць сваю прамысловасьць на ваенны лад і гэтак далей. А Расея ў сілу сваіх асаблівасьцяў гэтага зрабіць у дастатковай ступені ня здолела. Расея пераўзбройвалася вельмі павольна, усё рабілася зь вялікім спазьненьнем. Па некаторых відах боепрыпасаў вытворчасьць павялічылі аж у 20 ці нават, паводле некаторых дадзеных, у 30 разоў, але паколькі гэта было амаль з нуля і ішло вельмі павольна, то боепрыпасаў ўсё роўна не хапала.
— Якім былі суадносіны сіл, тэхнічнага абсталяваньня, у прыватнасьці артылерыі, з праціўнікам? Я сустракаў розныя дадзеныя, аж да таго, што ў нейкія вырашальныя моманты ў немцаў была 6-7-разовая перавага ў артылерыі. Гэта так ці не так?
— І так, і ня так. У лёгкай артылерыі перавага немцаў была ня гэткая вялікая, яна мелася, але не была велізарнай. Аднак у аўстрыйцаў і немцаў была вялікае перавага ў цяжкай артылерыі, а для пазыцыйнай вайны, якая ішла ў той пэрыяд, гэта было самае галоўнае. Па цяжкай артылерыі мы немцам саступалі шматкроць, у многіх выпадках проста катастрафічна — 1 да 20, 1 да 15 на некаторых участках фронту.
— І гэта паўплывала на тое, што адбывалася ў 1915 годзе?
— Так, і ў 1916-м таксама. Успомнім пра галоўныя апэрацыі 1916-га. Сапраўды, улетку быў магутны Брусілаўскі прарыў, напэўна, адна з самых вядомых ваенных апэрацый Першай сусьветнай вайны на Ўсходнім фронце.
— Амаль разграмілі Аўстра-Вугоршчыну.
— Так, яна ў ваенным сэнсе літаральна вісела на валаску. Вельмі моцны ўдар быў нанесены таксама Турэччыне, расейскія войскі прасунуліся на сотні кілямэтраў углыб Анатоліі, занялі амаль усю турэцкую Армэнію, узялі Эрзурум, Карс...
— І гэта на фоне таго, што саюзных брытанцаў якраз да пачатку 1916 туркі і немцы пабілі пры Галіполі. Гэта значыць, уражаньне посьпехі рускіх войскаў павінны былі рабіць моцнае.
Посьпехі былі на мапе, а для самаадчуваньня войска яны былі на самай справе вельмі нязначнымі.
— Трэба ўлічваць, якое ўражаньне гэта рабіла не на зьнешні сьвет, а на само войска. Тут ёсьць сэнс правесьці параўнаньне з Другой сусьветнай — з 1943 годам, калі таксама ўжо паўтара года для Савецкага Саюзу ішла вайна. У 1943 Чырвоная армія ўвесь час рухалася на Захад. Несла вялікія страты, жахлівыя, але рух ішоў пастаянна, як тады казалі, да «логава зьвера». А ў Першую сусьветную прайшлі некалькі сотняў кілямэтраў і сталі. Тагачаснаму салдату-селяніну сядзець у акопах на 150 або 200 вёрст на захад або на ўсход — якая розьніца? Яму трэба дадому, да бабы, да зямлі. Гэта вельмі моцна дэмаралізавала войска. Посьпехі былі на мапе, а для самаадчуваньня войска яны былі на самай справе вельмі нязначнымі.
— А як настроі ў войсках зьмяняліся ў 1916 годзе? Яны былі проста змрочнымі — вайна зацягнулася, надакучыла, хочацца дадому, за што ваюем, — ці там пачыналася ўжо рэвалюцыйнае закісаньне? Таму што радок Маякоўскага «у цярновым вянку рэвалюцый ідзе шаснаццаты год» мы ўсё са школы памятаем. Менавіта 1916-ы.
— Вядома, самае галоўнае — гэта стомленасьць ад вайны, нявера ў магчымасьць блізкай перамогі. Гэта нявера ў вярхоўнае камандаваньне, бо пастаянна павялічваўся градус недаверу да камандуючых, у тым ліку і да вярхоўнага. Спачатку да вялікага князя Мікалая Мікалаевіча, а затым і да самога імпэратара, які прыняў на сябе камандаваньне.
— Вы лічыце памылкай гэта яго рашэньне, ці яно было непазьбежным?
— Гэта было непазьбежна, але гэта была непазьбежная памылка. Таму што гэта было такое павышэньне стаўкі, пасьля якога ўжо не было чаго выкладаць на стол. Да гэтага можна было за паразу выкінуць Мікалая Мікалаевіча, фігуральна кажучы, як у дапятроўскай Расеі выкідалі стральцам баяраў, якія праштрафіліся. Але калі камандуючым стаў сам Мікалай II, зразумела, што далей «выкідаць на дзіды» не было ўжо каго, цар сам павінен быў адказваць за ўсё. Цяпер усе паразы, усе няўдачы зьвязваліся зь ягоным імем, а галоўнае — недасягненьне перамогі. Войска стамілася ад таго, што перамога не набліжалася. Салдаты гатовыя несьці любыя страты, велізарныя страты, калі яны бачаць вынік.
— Але ж такая ж сытуацыя была і ў іншых войсках. І нямецкія салдаты стаміліся, таму што набліжэньня перамогі не было, і аўстрыйскія, і францускія. Аднак менавіта расейскае войска развалілася першым, не ў 1916-м, ужо ў 1917 годзе, але ўсё-ткі першым.
— Тут, вядома, адбіўся агульнадзяржаўны крызыс. Часам згадваюць словы Чэрчыля пра царскую Расею, ён параўноўваў яе з караблём, які затануў, калі прыстань была ўжо недалёка. Але ўсё ж крызыс быў у Расеі вельмі глыбокі. У цэлым выпрабаваньне Першай сусьветнай вайной краіна ня вытрымала. Дзяржаўны мэханізм, многія сацыяльныя інстытуты, Расея ў цэлым як арганізацыя апынулася занадта крохкай для такога выпрабаваньня. Яна выявілася слабым зьвяном сярод эўрапейскіх дзяржаў, як і дзьве іншыя імпэрыі — Аўстра-Вугорская і Асманская.
— Вы згадалі пра тое, што ўзрастаў недавер да найвышэйшых чыноў. Наколькі гэта было распаўсюджана ў салдацкай масе? Чуткі пра тое, што вакол трона — пранямецкая кліка, Распуцін, урэшце забіты на зыходзе 1916... Наколькі моцна ўсе гэтыя чуткі ўплывалі на войска, ці гэта ўсё ж такі было ў асноўным сталічнае закісаньне розумаў — умоўна кажучы, як зараз нейкія палітычныя дыскусіі ў Фэйсбуку?
— Не, я думаю, што ў гэтых чутак быў вельмі моцны ўплыў на масы. Рэч у тым, што ў Расеі адваротным бокам адсутнасьці права зьяўляецца адсутнасьць адказнасьці. Кожная група, кожны пласт грамадзтва лічыў сябе невінаватым у тым, што адбываецца і дэлегаваў адказнасьць за гэта вышэйшым слаям. Таму войска ў цэлым было незадаволеная: салдаты былі незадаволеныя ўзводнымі і ротнымі, ротнае і батальённае камандаваньне — палкавым, палкавое — дывізіённым, і так да самага верху. Гэта была вельмі вялікая праблема. Затым, натуральна, ва ўсе часы ўяўленьне пра ўдар у сьпіну, пра тое, што гэта шпіянаж, што ў нас усё было б у парадку, калі б ня ворагі, ня здрада — гэтая карціна, характэрная для ўсіх часоў і народаў.
— Гэта значыць, пра «пятую калёну» казалі ня толькі цяпер, але і сто гадоў таму?
Дыскрэдытацыя расейскіх вярхоў была проста калясальнай.
— Гэта вечнае. Тым больш, што шпіёнаманія вельмі добра прадаецца ва ўсе часы, гэта ідзе ад прыроднага жаху перад таемным, які сядзіць у чалавеку, а выведка — справа таемная паводле вызначэньня. Уяўленьне аб шпіянажы ў расейскім войску таго часу было вельмі моцным. Невыпадкова такая гучная справа, як справа зьнятага з пасады ў 1916 годзе і пазьней узятага пад арышт ваеннага міністра Сухамлінава.. Бо ні ў воднай краіне сьвету не ўзяліся судзіць па падазрэньні ў шпіянажы ваеннага міністра, як гэта было ў Расеі. Куды ўжо вышэй. Тым самым быў скампрамэтаваны і сам вярхоўны галоўнакамандуючы Мікалай II. Дадамо да гэтага ўпартую непрыязнасьць грамадзтва да імпэратрыцы Аляксандры, па паходжаньні немкі, якую ўпарта называлі шпіёнкай. У гэтым сэнсе дыскрэдытацыя расейскіх вярхоў была проста калясальнай. Сытуацыя, з майго пункту гледжаньня, была сапраўды трагічнай.
— Вядома, я разумею, што гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу, але ці былі нейкія шляхі да выратаваньня ў гэтай сытуацыі? Зразумела, што ў Думе тады вяліся апазыцыйныя прамовы, цару ўвесь час прапаноўвалі пачаць палітычную рэформу, абаперціся на больш шырокія слаі грамадзтва. Гэта ўсё былі рэальныя праекты, або па стане на 1916 ўжо нічога па вялікім рахунку зрабіць было нельга?
З майго пункту гледжаньня, 1916 быў кропкай незвароту.
— Тут сапраўды ўмоўны лад цяжка дастасаваць. З майго пункту гледжаньня, 1916 быў кропкай незвароту. Кропкай вяртаньня быў яшчэ год 1913, 1914-ы, можа быць, нават пачатак 1915-га. Да 1916 году крызіс дасягнуў ужо такой глыбіні, што павінен быў вырашыцца нейкі катастрофай. Можа быць, не такой жудаснай, як рэальна адбылося ў 1917 годзе, але, скажам так, нейкай трагедыяй. Па якім сцэнарыі яна б разьвівалася — цяжка сказаць, але трагічны зыход быў фактычна непазьбежны.
— Прычыны гэтай трагедыі, калі браць з самага пачатку — тое, што кіраўнікі Расеі зрабілі стаўку на зьнешнепалітычныя амбіцыі, на тое, каб за кошт ўступленьня ў вайну і меркаванай перамогі вырашыць нейкія ўнутраныя праблемы імпэрыі? Калі так, дык гэта ход, які выклікае шмат паралеляў з сёньняшнім днём.
— Гэта так. Сапраўды, улада хацела з дапамогай «маленькай пераможнай вайны» вырашыць праблемы, але гэта была толькі адна грань. Таму што на самой справе крызіс быў практычна ва ўсіх сфэрах — у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай. Дазвольце мне працытаваць Валяр’яна Зубава, быў такі дзяржаўны дзеяч, ён у 1803 раіў Аляксандру I пачаць вайну з Пэрсіяй. Ён пісаў наступнае: «Нічога нагэтулькі ня робіць ўражаньні ў народзе, як шчасьлівая вайна, калі яна яго не зьнясільвае. Перамогі і набыткі узвышаюць паняцьце яго аб ўрадзе, узмацняюць давер да яго мудрасьці і заваёўваюць розум сілай зьдзіўленьня». Падобныя тэксты мы можам знайсьці ва ўсе эпохі ва ўсіх дзяржавах. У Расеі сытуацыя пагоршылася масай іншых абставінаў. Вядома, урад хацеў зьняць унутранае напружаньне за кошт перанясеньня гэтай напругі навонкі, але была маса праблем і ўнутраных, якія ўрад недаацэньваў. І трэба сказаць, іх недаацэньвала і большасьць грамадзтва. Рэдкія розумы ў Расеі наогул бачылі ўсю глыбіню крызісу, які існаваў і які быў пагоршаны вайной.
— А хто ўсё ж такі прадбачыў?
У такіх сытуацыях варта паэтаў слухаць, а не эканамістаў і палітыкаў.
— Я думаю, што прадбачылі паэты, як ні дзіўна, паколькі лягічна такія рэчы прадказаць вельмі цяжка. Я праглядаў расейскія газэты пачатку ХХ стагодзьдзя і зьвярнуў увагу, што артыкулы 1913-15 гадоў, ды і да 1916 ўключна, нічым у прынцыпе не адрозьніваюцца адзін ад аднаго — у тым, што тычыцца слоў пра крызіс і гэтак далей. Прадказаньні аналітыкаў палітычных, эканамічных нічым не адрозьніваліся гадамі. І ніхто зь іх не меркаваў, што так хутка ўсё абрынецца. А вось паэты, у іх адчуваньне, што нешта грознае насоўваецца, было. Таму я думаю, што ў такіх сытуацыях варта паэтаў слухаць, а не эканамістаў і палітыкаў.