У сьпісе ўжо 160 добраахвотнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і нават ваколіц Вільні. У групу можа запісацца кожны ахвотны з любога места, гатовы прыйсьці на дапамогу суграмадзянам, якія апынуліся ў бядзе з-за непагадзі. Адзін зь іх Сяргей Янушчык зь Бярозы прапануе напрыклад джып, лапату, трос, «драты прыкурыць», паліва, інструмэнт, дамкрат, гарачы чай, цёплыя рэчы. Ён пакуль адзіны, хто добраахвотна гатовы прыйсьці на дапамогу круглыя суткі.
РС: Якая сытуацыя ў Бярозе? Замяло моцна?
Янушчык: Не, ня вельмі. Я Вам скажу, што ў нас ў горадзе сьнег пайшоў недзе толькі пасьля восьмай раніцы. У восем гадзінаў яшчэ быў дождж, потым пайшоў перапад тэмпэратуры, і недзе ў пачатку дзевятай пайшоў сьнег.
РС: Скажыце, а чаму вы запісаліся ў гэтую ініцыятыву? Магчыма, вы сам калісьці на дарозе апынуліся без бэнзіну?
Янушчык: Справа ў тым, што я вельмі шмат за рулём і ведаю, што гэта такое. У нас ёсьць супольнасьць «Васіль Целагрэйкін і К», група на фэйсбуку.
РС: У Расеі людзі 15 гадзінаў не маглі дачакацца дапамогі, людзі замярзалі ў машынах. Як Вы думаеце, у Беларусі такое магчыма? Альбо беларускія службы ратавальныя ўсё ж працуюць лепей? Чаму патрэбная яшчэ і ваша ініцыятыва?
Янушчык: Вось гэтая група, яна створаная, бо няма даверу дзяржаўным службам. Пераважна — як супрацьдзеяньне беззаконьню ДАІшнікаў на дарозе.
РС: Не сутыкаліся ніколі, каб ДАІ дапамагло?
Янушчык: Разумееце, уся іх дзейнасьць завязаная на тое, каб унесьці ў казну грошы. А дапамога — залежыць ад асабістых якасьцяў. Я пражыў на сьвеце 45 гадоў, за ўсё жыцьцё ад іх ні граму дапамогі, толькі непрыемнасьці.
РС: Хто Вы па прафэсіі?
Янушчык: На гэты момант я індывідуальны прадпрымальнік, з 2008 году. Да гэтага служыў у войску.
РС: А як Вы да страйку прадпрымальнікаў ставіцеся? Вы займаецеся таварам ці сэрвісам?
Янушчык: Я прывозіў бульдозеры, займаўся гарантаваным абслугоўваньнем, рамонтам . Але бульдозэры гэтыя ўжо не купляюцца.
РС: Курс даляра падсякае Ваш бізнэс?
Янушчык: Канешне. Акрамя таго шмат напазычаў.Не спадзяюся, што мне вернуць тое, што вінны. Зрабіў працоўную візу, калі складзецца ўсё нармальна, дык у Эўропе буду працаваць.