Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што ў Менску не пасьпяваюць прыбраць сьнег. Ён заклікаў усіх далучыцца да ўборкі сьнегу.
Гэтую заяву Лукашэнка зрабіў падчас цырымоніі ўручэньня прэміі прэзыдэнта «За духоўнае адраджэньне».
Ён папрасіў кіраўнікоў, у тым ліку вэртыкалі ўлады, а таксама прадпрыемстваў узмацніць працу па ліквідацыі сьнежных затораў, якія ўзьніклі ў гарадах і вёсках на дарогах, а таксама на аўтамагістралях. Таксама ён заклікаў людзей далучыцца да прыбіраньня сьнегу ў дварах дамоў, на тэрыторыях:
«Я вас пераканаўча прашу — трэба выйсьці і дапамагчы з уборкай сьнегу».
Лукашэнка прызнаў, што ў Менску не пасьпяваюць прыбраць сьнег, нягледзячы на ўсе прынятыя меры, менавіта таму патрабуецца дапамога ўсіх, каб прывесьці горад у парадак.
Уборку сьнегу даручана кантраляваць прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову і кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандру Косінцу, перадае БелТА.