З-за цыклёну «Даніэла» без электрычнасьці застаюцца 207 населеных пунктаў Беларусі

Цягам ночы і раніцы 12 студзеня ў Беларусі без электрычнасьці заставаліся 80 населеных пунктаў краіны.

Паводле МНС, працягваецца адключэньне электрычнасьці па ўсёй краіне: на 12 гадзінаў дня застаюцца без сьвятла 207 невялікіх вёсак і мястэчак, дзе пражываюць да 50 жыхароў. Такія першыя вынікі наступстваў цыклёну «Даніэла» ў Беларусі, паведаміў Свабодзе кіраўнік прэсавай службы Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Віталь Навіцкі:

«На зьезьдзе з другой Менскай кальцавой дарогі перавярнулася ў кювэт фура, якая перавозіла садавіну. Ратавальнікі МНС і валянтэры „Чырвонага крыжа“ цяпер праводзяць выратавальныя працы, кіроўца не пацярпеў. Таксама ёсьць паведамленьні пра дарожныя заторы ў некалькіх кропках Менску».

Паводле Віталя Навіцкага, пра больш сур’ёзныя здарэньні інфармацыя пакуль не паступала. Паводле МНС, складаныя ўмовы надвор’я будуць заставацца цягам дня.