Вядомаму амэрыканскаму кінаактору, кінапрадусару, сцэнарысту, музыку, інструктару айкіда і майстру баявых мастацтваў Стывэну Сыгалу ўказам прэм’ер-міністра Сэрбіі Аляксандра Вучыча было нададзена сэрбскае грамадзянства.
Паводле сэрбскіх СМІ, Сыгал паабяцаў, што прыкладзе ўсе намаганьні для таго, каб прасоўваць пазытыўнае аблічча краіны.
«Сэрбія пацярпела ад вялікай несправядлівасьці ў нядаўняй гісторыі, у Злучаных Штатах па-ранейшаму глядзяць на сэрбаў і на тое, што здарылася ў 1990-х, зь перадузятасьцю» — заявіў Сыгал пасьля сустрэчы з сэрбскімі прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам, паводле аднаго сэрбскага прэс-агенцтва .
Пасьля гэтай сустрэчы Сыгал таксама абвясьціў, што хоча зарэгістраваць у Сэрбіі асацыяцыю дзеля прыцягненьня інвэстыцый у кінэматаграфію краіны.
«У адрозьненьне ад іншых эўрапейскіх краінаў, сэрбская эканоміка расьце» — дадаў Сыгал.