Надзея Саўчанка галадае ў расейскай турме 25 дзён

Надзея Саўчанка

Украінская грамадзянка, народны дэпутат Украіны Надзея Саўчанка, якую выкралі і ўтрымліваюць у расейскім СІЗА, працягвае галадоўку; інфармацыі пра пагаршэньне стану яе здароўя няма.

Пра гэта ў этэры ўкраінскага тэлеканалу «112» заявіў адвакат Саўчанкі Марк Фейгін.

«Трэба сказаць, што цяпер яна трымаецца вельмі добра. Яна рыхтавалася да галаданьня, ела, набірала вагу, каб цяпер яе страчваць. Пакуль нічога, што можа выклікаць асьцярогі за стан яе здароўя, нам невядома», — адзначыў ён.

Паводле слоў адваката, сустрэча з падабароннай чакаецца 11–12 студзеня, «адпаведна будзе новая інфармацыя пра стан яе здароўя».

На мінулым тыдні прадстаўнік грамадзка-назіральнай камісіі Растоўскай вобласьці Расеі Леанід Пятрашыс паведамляў, што Саўчанка п’е толькі ваду, і яе стан здароўя пакуль не выклікае боязі.

7 сьнежня 2015 году суд у горадзе Данецку Растоўскай вобласьці падоўжыў арышт грамадзянкі Ўкраіны Надзеі Саўчанкі да 16 красавіка 2016 году. Ад 18 сьнежня Саўчанка абвясьціла галадоўку пратэсту. Паводле словаў адвакатаў, пасьля абвяшчэньня прысуду ўкраінка плянуе абвясьціць сухую галадоўку, патрабуючы вызваленьня.

Надзею Саўчанку ў Расеі абвінавачваюць у забойстве двух супрацоўнікаў расейскага тэлебачаньня, а таксама ў замаху на забойства групы сэпаратыстаў і незаконным перасячэньні расейскай мяжы.

Саўчанка і яе абарона абвінавачваньні адкідаюць і заяўляюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон сэпаратысты, а потым гвалтам пераправілі яе ў Расею.