Мэмуары Мураўёва-Віленскага-вешальніка па-беларуску?

У Горадні адбылася сустрэча са стваральнікамі сэрыі «Беларуская мэмуарная бібліятэка». Удзельнічалі яе каардынатары Аляксандар Фядута, Натальля Гардзіенка і дырэктар выдавецтва «Лімарыус» Марына Шыбко.

Аляксандар Фядута паходзіць з Горадні. Землякам ён паведаміў, што, у прыватнасьці, сам ён падрыхтаваў да друку нататкі аб кіраваньні Паўночна-Заходнім краем Міхаіла Мураўёва-Віленскага, «таго самага». Тэкст невялікі, шэсьць аўтарскіх аркушаў, а камэнтары — амаль у двая большыя, зазначыў ён.

Аляксандар Фядута


Алесь Кіркевіч з Горадні зрабіў два пераклады ўспамінаў: Юзафа Ігната Крашэўскага (часткі, што датычыць Беларусі) і актора гарадзенскага тэатру пачатку ХІХ стагодзьдзя Скібінскага, які потым быў дырэктарам кракаўскага драматычнага тэатру. Яны ў плянах выдавецтва «Лімарыус».

Падрыхтаваная таксама кніга ўспамінаў Зыгмунта Мінэйкі, паўстанца 1863 году, якая выйшла ў Польшчы пад назвай «З тайгі пад Акропаль». Ён ня толькі здолеў уцячы з Сыбіры, але пазьней стаў нацыянальным героем Грэцыі, зазначае Фядута. І доўгі час у гэтай краіне кіравалі нашчадкі Мінэйкі, які паходзіў з-пад Ашмянаў. Аднак польскія камэнтары сьведчылі, што ў беларускім выданьні патрэбныя свае, кажа Аляксандар Фядута. Камэнтары, якія да беларускага перакладу зрабіла Марына Запартыка, зусім іншыя па зьместу.

Марына Шыбко распавяла, што мае тэхнічную адукацыю, але каля 25 гадоў займаецца выданьнем літаратуры. Сёньня — у асноўным на беларускай мове. Хаця сваю кнігу пра жыцьцё ў Горадні «Мой маленький Париж» сам Аляксандар Фядута, «які зьяўляецца па сумяшчэньні маім мужам», напісаў па-расейску, зазначыла Марына Шыбко.

Натальля Гардзіенка (сядзіць) і Марына Шыбко.



Накірунак выдавецтва на сёньня? У асноўным — сэрыя «Беларуская мэмуарная бібліятэка», надрукаваныя дванаццаць тамоў. І яшчэ біяграфічны альманах «асоба і час», выйшлі шэсьць выпускаў. Заўжды было зайздросна, кажа Марына Шыбко — колькі выходзіла ўспамінаў, у Польшчы, у Расеі. «Сэрыя сьведчыць, што мы хочам памятаць, ведаць, як жылі нашы продкі, што тады адбывалася. У „мэмуарную бібліятэку“ укладзеная душа», прызналася Марына Шыбко.

Калі ехалі на сустрэчу, то падлічылі, што з Гарадзеншчыны большасьць аўтараў «мэмуарнай бібліятэкі», зазначыла яна. Аляксандар Фядута пагадзіўся: сапраўды, высьветлілася, што сэрыя амаль што гарадзенская. Тут нарадзіліся большасьць аўтараў апублікаваных мэмуараў альбо яны мелі дачыненьне да гэтай зямлі. Пачынаючы ад Аляксандра і Марыі Стагановічаў і заканчваючы Зоськай Верас і Ларысай Геніюш. Цяпер падрыхтаваны зборнік успамінаў пра Ліду ХІХ-пачатку ХХ стагодзьдзя, яго склаў Лявон Лаўрыш.

Гісторык беларускага замежжа Натальля Гардзіенка распавяла, што «мэмуарная бібліятэка» паўстала ў выніку супольнай ініцыятывы яе і Лявона Юрэвіча з Нью-Ёрку. Зьвярнулася з прапановай да Аляксандра Фядуты. Са свайго боку ён прапанаваў выдаваць мэмуары ня толькі эмігранцкія, але ўсе, што датычаць Беларусі і напісаныя беларусамі.

Натальля Гардзіенка зазначае: эміграцыйная літаратура, культура ўспрымаюцца як нешта асобнае, адарванае ад Беларусі. Часам так і ў дзяржаўных выдавецтвах. Эмігранцкія мэмуары выдаць там сёньня немагчыма. Хаця існуе ідэя, што з беларускім замежжам на афіцыйным узроўні нешта трэба рабіць, прынятая праграма. Але што? Адно дзяржаўнае выдавецтва вырашыла заснаваць сэрыю «Беларусы ў сьвеце». Якія кнігі можна выдаць? Зьвярнуліся па дапамогу да Натальлі Гардзіенкі. Яна склала сьпіс зь дзесяці назваў. Аднак ніякай рэакцыі не было. Праз некаторы час яна даведалася, што, канечне, гэты сьпіс накіравалі ў міністэрства інфармацыі. Але там не знайшлося чалавека, які ўзяў бы на сябе адказнасьць і даць дабро. Тады было вырашана адправіць сьпіс у КДБ: няхай яны правераць аўтараў на надзейнасьць. А ў сьпісе былі Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Тамаш Грыб. Можа яны былі антысавецкімі і іх нельга друкаваць?..

Мы друкуем, зыходзячы менавіта з вартасьці саміх успамінаў, надзейнасьць ці «нядобранадзейнасьць» аўтара не разглядаецца, падсумоўвае Натальля Гардзіенка.

Аляксанадра Фядута прызнаўся, што ў сэрыі выйшла толькі адна кніжка сёньняшняга аўтара, гэта — Уладзімір Някляеў, «Знакі прыпынку». Але цяпер, напрыклад, дапісвае свае ўспаміны для «Лімарыуса» Сямён Букчын.

Сьвятлана Куль-Сяльверстава


Доктар гістарычных навук Сьвятлана Куль-Сяльверстава зазначыла на сустрэчы, што «Беларуская мэмуарная бібліятэка» робіцца на ўзроўні навуковых выданьняў. «Раскрыты скарачэньні, пракамэнтаваны ўсе імёны. Выдавецтва працуе за навукова-дасьледчы інстытут», мяркуе яна. Яна сама абараняла доктарскую дысэртацыю па тэме з ХІХ стагодзьдзя, таму. У яе засталося ўражаньне ад камэнтароў, зробленых Фядутам: «яны настолькі грунтоўныя, што на іх можна пабудаваць дысэртацыю», мяркуе яна.