Каму належыць хата, у якой перасталі жыць?
Фармальна яна, канешне, камусьці належыць — калі гаспадары зьяжджаюць назаўсёды або паміраюць, хата застаецца юрыдычнаму спадкаемцу. Але ў «людзкім» сэнсе — чыю долю яна захінае ад чужых вачэй? чый сон ахоўвае? каму ў ёй радасна на Каляды?
Дваццаць гадоў таму, пасьля сьмерці бацькі, мы з братам забіралі маму з нашай хутаранскай хаты ў горад. Мама паглядзела на два клункі са сваімі рэчамі і сказала:
— Усё, што я нажыла за сорак гадоў. Нічога больш мне тут не належыць.
Юрыдычна хата засталася нам з братам. Але наша доля таксама пакінула роднае гняздо.
Хата бяз долі — нічыйная?
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org