Жанчына, якая не павітала Лукашэнку, завезла падарункі дзецям у Данбас

Натальля Гарачка-Басалыга (зьлева)

Менская актывістка Натальля Гарачка-Басалыга арганізавала гуманітарную акцыю ў прыфрантавой зоне Антытэрарыстычнай апэрацыі ў Данбасе.

«У мяне было 20 даляраў і 300 тысяч рублёў, якія здалі людзі, а таксама яшчэ 150 даляраў сваіх уласных. На іх купілі тушонкі, пірожных і печыва. Яшчэ курэй для супу ўкраінскія аптавікі нам задарма аддалі, калі даведаліся, што я зь Беларусі прыехала, каб купіць дзецям Гранітнага паесьці. Вопратку і абутак таксама перадала», — напісала Натальля Гарачка ў сваім Фэйсбуку.

У інтэрвію Свабодзе спадарыня Натальля патлумачыла, што ў зоне АТА, у пасёлках Гранітнае і Мірнае, яна разам зь іншымі валянтэрамі была 29 сьнежня:

«У Гранітным не працуе завод па апрацоўцы граніту, таму вельмі складаная фінансавая сытуацыя ў людзей. Я хацела зразумець, чаму людзі не зьяжджаюць адтуль, і прыйшла да высновы, што яны ахоўваюць ня толькі свае дамы, але і завод, адкуль расейцы паступова вывозяць абсталяваньне. Людзі разумеюць, што калі ня будзе заводу, то ў мірны час ня будзе дзе працаваць. А гэты завод — адзінае прадпрыемства ва ўсёй акрузе, дзе можна было хоць нешта зарабіць. У Мірным працы няма ўвогуле, адтуль людзі езьдзяць на заробкі ў Марыюпаль. Крамы з асноўнымі прадуктамі ёсьць, але ў людзей няма грошай, каб нешта купіць».

Дзіцячы ранішнік у школе ў Гранітным

Натальля Гарачка паехала ў зону АТА зь вельмі невялікай сумай грошай, усяго каля 186 даляраў. Жанчына кажа, што не магла адкласьці паездку, бо раней абяцала дырэктарцы школы ў Гранітным, што прывязе дзецям на Новы год пачастункі:

«Мы дамовіліся, што я прыеду і прывязу хоць якія прадукты. Прычым ня слодычы, а менавіта прадукты, каб пад’есьці. Набывала ўсё ва Ўкраіне, там вельмі танна. Напрыклад, бляшанка тушонкі каштуе 29 грыўняў, гэта трошкі больш за даляр — з нашымі коштамі не параўнаць».

Тушонка, якую набыла Натальля

Валянтэрка кажа, што паедзе ў зону АТА ізноў. Ахвочыя могуць зьвязацца зь ёй і перадаць для жыхароў Гранітнага і Мірнага адзежу ці грошы, на якія будзе набытая ежа.

Натальля Гарачка стала вядомай у Інтэрнэце, калі, будучы назіральніцай падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, ня ўстала і не павітала Аляксандра Лукашэнку, які галасаваў на ўчастку № 1.

Натальля Гарачка займаецца грамадзкай дзейнасьцю з 1996 году. З 2000-га актыўна ўдзельнічае ва ўсіх акцыях пратэсту. Праваабаронца Алег Воўчак прыгадаў тэлеканалу «Белсат»: «Жанчына, якая спыняе мікрааўтобус, у які невядомыя запіхваюць удзельнікаў „маўклівага пратэсту“, — менавіта Натальля. Яна ішла з крамы з торбамі і вырашыла праявіць актыўнасьць, рызыкуючы жыцьцём», — сказаў Алег Воўчак.