Прадпрымальнікі пачалі стыхійныя сходы. «Гэта самае страшнае для ўладаў», — Шумчанка

Сход прадпрымальнікаў у гомельскім ГЦ "Сакрэт", архіўнае фота 1 сакавіка 2015 году

Напярэдадні антыкрызіснага форуму прадпрымальнікі самастойна ладзяць сходы ў пустых гандлёвых цэнтрах.

Індывідуальныя прадпрымальнікі, нязгодныя з указам № 222, які, як яны сьцьвярджаюць, не дае магчымасьці гандляваць нехарчовымі таварамі без дакумэнтаў аб паходжаньні, зьбяруцца на антыкрызісны форум 11 студзеня. Але яшчэ да форуму стыхійна ладзяцца мясцовыя сходы.

Як стала вядома Свабодзе, прадпрымальнікі зьбіраюцца на мясцовыя сходы 5 сьнежня ў віцебскім гандлёвым цэнтры «Эвіком», у гомельскім «Сакрэце», на найбуйнейшым рынку Магілёва, Віленскім. Там прадпрымальнікі хочуць абмеркаваць свае праблемы, падрыхтаваць улёткі з тлумачэньнямі сваёй пазыцыі пакупнікам, звароты да ўладаў ды «вырашыць, як далей жыць».

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка распавёў Свабодзе, што мае дачыненьне толькі да падрыхтоўкі антыкрызіснага форуму, а мясцовыя сходы — ініцыятывы саміх прадпрымальнікаў, што не каардынуюцца «зьверху»:

Анатоль Шумчанка

«Гэта самі прадпрымальнікі! І гэта тое, пра што мы папярэджвалі ўлады. Тое, што далей будзе адбывацца, гэта цікавыя моманты, на якія трэба хутчэй рэагаваць. Гэта ўсё можа набыць стыхійны характар.

Я ведаю, што сёньня ў Берасьці нашыя актывісты будуць працаваць з тэлеканалам АНТ, у Гомелі будзе аб 11-й гадзіне сустрэча з прэсай... Адзінае, што мы робім, гэта арганізуем антыкрызісны форум і маніторым сытуацыю, трымаем сувязь з усімі. А што ў галаве чалавека, мы ня ведаем.

Гэта галоўная пагроза для цяперашніх уладаў. Бо змагацца з арганізаваным пратэстам яны навучыліся. А змагацца са стыхійным пратэстам — вось гэта для іх вельмі сур’ёзная праблема».

Магчыма, тэлеканал АНТ дасьць слова і самому Шумчанку, у якога мае намер узяць камэнтар у менскім гандлёвым цэнтры «Эўропа».

Удзень 4 студзеня Шумчанка тэлефанаваў намесьніку міністра эканомікі Ірыне Касьцевіч, зь якой паўгадзіны абмяркоўваў сытуацыю з пратэстамі прадпрымальнікаў. Па выніках размовы ў яго склалася ўражаньне, што ўлады «ня хочуць прызнаваць сваю памылку»:

«Я пачаў з таго, што, маўляў, паглядзіце: рынкі пустыя, гандлёвыя цэнтры пустыя, трэба нешта рабіць, спыняць гэтае бязладзьдзе. У адказ я пачуў: былі навагоднія сьвяты, выходныя ў краіне, з чаго вы ўзялі, што нешта адбылося? Натуральна, мяне гэта зьбянтэжыла, таму спытаў у адказ: колькі вам трэба часу, каб вы заўважылі праблему?

Потым, натуральна, была размова на падвышаных танах. Мне казалі, што юрыдычныя асобы патрабуюць роўных умоваў [з індывідуальнымі прадпрымальнікамі]. Я казаў, што індывідуальныя прадпрымальнікі ў цяперашніх умовах працаваць ня могуць, неабходна тэрмінова вырашаць гэтую праблему. Ня «нейкім там чынам», а ёсьць канкрэтная прапанова: увесьці мараторый на паўгода [на ўказы № 222 і 666] і за гэты час прыняць кампраміснае рашэньне, што задаволіць усе бакі.

Паўгадзіны размаўлялі, даказвалі адзін адному. Іх пазыцыя такая: чаму такі народ? Яна не разумее, чаму ў нас такі народ, бо, маўляў, давала паўтара-два гады на перабудову бізнэсу, а нашыя людзі гэтага не зрабілі. Кажу: іншага народу няма, такія людзі. Яна адказвае: калі няма, калі ня могуць перастроіцца, то мо трэба нечым іншым займацца? Кажу, што іншым таксама асабліва не пазаймаесься, мне здаецца, трэба па-іншаму пытаньне ставіць: трэба ствараць умовы, каб бізнэс працаваў, а не зьнішчаць яго.

Пакуль ня будзе адмашкі зьверху, ніхто нічога рабіць ня будзе.

Напрыканцы размовы яна сказала, што перажывае і заклапочаная гэтай сытуацыяй. Але я так зразумеў, што пакуль ня будзе адмашкі зьверху, ніхто нічога рабіць ня будзе.

Паводле нашай інфармацыі з рэгіёнаў, падатковыя інспэктары прасілі прадпрымальнікаў, каб яны пісалі заявы, нібы яны ў адпачынку. У мяне такое пытаньне: я не разумею, гэта ўлады займаюцца самасупакойваньнем? Яны хочуць кагосьці падмануць? То яны найперш сябе падманваюць тым, што думаюць, што людзі ў адпачынках.

Я яшчэ раз хачу заявіць: людзі прыпынілі сваю працу празь немагчымасьць выконваць законы, якія прыдумалі чыноўнікі. Кропка! Тое, што яны не працавалі першыя два выходныя дні, гэта сур’ёзны сыгнал. Тое, што я казаў Касьцевіч: што для вас выходныя, для нас працоўныя дні. Яшчэ адно сьведчаньне сур’ёзнасьці: вы паглядзіце, колькі вывезена тавару. Пустыя гандлёвыя аб’екты без тавараў па ўсёй краіне. Ня ўсе, канешне, пасьпелі вывезьці, але многія. Якія яшчэ доказы шаленства, бязладзьдзя патрэбныя нашым чыноўнікам? Што, толькі калі людзі на вуліцы выйдуць, тады для іх будзе паказьнік? Дык яны ж самі першыя крычаць, што трэба цывілізавана вырашаць пытаньні..."

Шумчанка нагадвае: 11 студзеня будзе форум, на якім людзі самі ўхваляць рашэньне па далейшых дзеяньнях.