68-гадовая грамадзкая актывістка Ніна Багінская ў навагоднюю ноч у Менску прайшла зь бел-чырвона-белым сьцягам ад Акадэміі навук да Плошчы Незалежнасьці. І потым са сьцягам вярнулася грамадзкім транспартам дахаты.
Фотаздымак Ніны Багінскай са сьцягам быў вельмі папулярным у сацсетках.
Спадарыня Ніна распавяла карэспандэнту Свабоды, што такім чынам яна зладзіла экспэрымэнт. У адрозьненьне ад падобнага шэсьця ў першы дзень 2014 году, калі жанчыну на вуліцы Якуба Коласа на тры гадзіны затрымала міліцыя, а сьцяг — на 10 дзён, сёлета яе экспэрымэнт скончыўся пасьпяхова.
«У нас вельмі многа навагодніх ёлак з савецкай сымболікай — пяцікутнымі зоркамі. Пакуль мы ня будзем карыстацца набыткам сваёй культуры, сваёй мовай, нічога ня будзе. Наш сьцяг забаронены, хаця Лукашэнка сваю першую інаўгурацыю праводзіў з бел-чырвона-белым сьцягам. Гэтыя мае довады не ўплывалі на міліцыю, калі мяне затрымлівалі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Усё гэта адбываецца таму, што тут гаспадараць людзі з Крамля, якія ціха праводзяць анэксію.
Але гэты год Лукашэнка абвясьціў годам культуры. А якая можа быць культура без нашага нацыянальнага сьцяга? Тым больш, як сказаў Мікалай Статкевіч, не трэба хадзіць па закавулках, а трэба займаць цэнтар. Таму я вырашыла пайсьці па цэнтральнаму праспэкту.
На праспэкце насупраць Акадэміі навук я добра прымацавала сьцяг да драўлянага тронка і пайшла па вуліцы. Мінакі мяне віталі словамі «Жыве Беларусь!», віншавалі з Новым годам, фатаграфаваліся са мной, кіроўцы аўтамабіляў, якія ехалі па праспэкце, сыгналілі. Адзін мінак на падпітку хацеў забраць у мяне сьцяг, адзін прасіў падарыць яго. Міліцыянты рэагавалі па-рознаму. Двое ў цывільным сказалі, што са сьцягам нельга, але я адказала, што я ў такім узросьце, што сама вырашаю з чым можна хадзіць, а з чым нельга. На падыходзе да Кастрычніцкай плошчы мяне прыпыніў міліцыянт і папрасіў згарнуць сьцяг. Я адмовілася. Ён пачаў зь некім раіцца па рацыі і потым сказаў: «Калі ласка, ідзіце». Я накіравалася далей, завярнула да ратушы, дзе сабраліся людзі назіраць за фэервэркам. Потым зноў вярнулася на праспэкт і дайшла да плошчы Незалежнасьці, да Чырвонага касьцёла. Міліцыянты зноў спынялі, прасілі згарнуць сьцяг, але ўрэшце не перашкаджалі. Я казала ім, што я гуляю са сьцягам па вуліцы, мне прыемна пад гэтым сьцягам, і такім чынам я ўсталёўваю тут нашу беларускую ўладу і культуру.
Запомнілася, як да мяне падышла сям’я з Украіны і папрасіла сфатаграфавацца. Яны сказалі на разьвітаньне «Жыве Беларусь!», а я прасьпявала ім некалькі радкоў з гімна Ўкраіны. Каля ГУМа мяне вітала вялікая група моладзі, якая сфатаграфавалася са мной. Яны разгарнулі сьцяг над нашымі галовамі і зрабілі і цэлую фатасэсію. Вярталася я са сьцягам тым жа маршрутам, толькі грамадзкім транспартам».
Чаму сёлета экспэрымэнт скончыўся добра, міліцыянты сьцяг не адабралі і не адвезьлі сьцяганосца ў пастарунак? Ніна Багінская лічыць, што сытуацыя ў нечым зьмянілася:
«Лукашэнка неўзабаве гэты сьцяг прызнае. Хаця ён вагаецца, бо Масква гэтага ня хоча. Але дзявацца няма куды. Усе, хто мяне сустракаў на праспэкце, радаваліся, што чалавек ідзе з такім сьцягам. І потым, калі краіна паварочваецца на Захад, то за што ж хапаць, за гістарычны сьцяг?»