Цукербэрг хоча стварыць хатняга робата, які будзе даглядаць ягоную дачку

Заснавальнік Facebook лічыць надуманымі асьцярогі з нагоды ўварваньня штучнага інтэлекту ў чалавечае жыцьцё.

Заснавальнік кампаніі Facebook Марк Цукербэрг заявіў, што ў новым годзе яго мэтай стане стварэньне робата, які будзе дапамагаць яму ў хатніх справах.

«Мая асабістая задача на 2016 год — стварыць найпрасьцейшы штучны інтэлект, здольны завіхацца па хаце і дапамагаць мне ў працы», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook. Паводле Цукербэрга, «гэта будзе нешта накшталт Джарвіса з „Жалезнага чалавека“».

Стваральнік Facebook удакладніў, што пачаць ён зьбіраецца з вывучэньня тэхналёгіі, якая ўжо існуе.

«Потым, — працягваў Цукербэрг, — я пачну вучыць яго распазнаваць мой голас і кантраляваць усё ў нашым доме: музыку, асьвятленьне, тэмпэратуру і гэтак далей. Я навучу яго пазнаваць асобы сяброў, якія тэлефануюць у дзьверы, і ўпускаць іх у дом».


Ён таксама дадаў, што плянуе выкарыстаць кампутарызаванага памочніка ў якасьці нянькі для сваёй нованароджанай дачкі Макс.

«Я зьбіраюся навучыць яго паведамляць мне пра ўсё, што адбываецца ў пакоі Макс, пакуль мяне няма побач», — напісаў Цукербэрг.

Раней некаторыя вядомыя тэхнолягі, напрыклад, Стывэн Хокінг і Ілона Маск, выказвалі асьцярогі з нагоды ўкараненьня штучнага інтэлекту, лічачы, што гэткая тэхналёгія можа павярнуцца супраць людзей.

Адказваючы на гэтыя асьцярогі, Цукербэрг напісаў: «Я думаю, мы зможам стварыць штучны інтэлект, які будзе працаваць для нас і дапамагаць нам. Некаторыя баяцца, што ён можа ўяўляць сабою вялікую небясьпеку, але мне такія страхі здаюцца надуманымі і нашмат менш верагоднымі, чым катастрофы, выкліканыя эпідэміямі, гвалтам і г. д.»