«Для Расеі Беларусь — прапускны пункт», — Раманчук

На мяжы Беларусі з Расеяй

Тавары з Украіны ў Казахстан паедуць празь Беларусь.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 1 студзеня падпісаў указ аб транзыце тавараў з Украіны ў Казахстан праз тэрыторыю Расеі.

«Міжнародны аўтамабільны і чыгуначны транзыт тавараў з тэрыторыі Ўкраіны на тэрыторыю Рэспублікі Казахстан праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі можа быць праведзены толькі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ва ўказе, апублікаваным на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.

Згодна з пуцінскім указам усе транспартныя сродкі, якія перавозяць грузы з Украіны ў Казахстан праз Расею, павінны быць абсталяваныя прыладамі, якія падтрымліваюць навігацыйную сыстэму ГЛОНАСС у Расеі, каб адсочваць іх перамяшчэньне.

Указ уступіў у сілу пасьля апублікаваньня і будзе дзейнічаць да 1 ліпеня 2016 году.

У прэамбуле гаворыцца, што ўказ прыняты таму, што пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю Расеі з Украінай было прыпыненае.

Яраслаў Раманчук

Эканаміст Яраслаў Раманчук тлумачыць неабходнасьць везьці тавары з Украіны ў Казахстан празь Беларусь тым, што беларускія прапускныя пункты добра падрыхтаваныя для кантролю:

«На тэрыторыі Беларусі Расея мае больш магчымасьцяў кантролю, чым у Казахстане. Казахстану Пуцін менш давярае, а ў Беларусі ёсьць усе магчымасьці для Расеі сачыць за тым, што адбываецца. Увогуле, інфраструктура кантролю за Беларусьсю ў Расеі вельмі добрая. Адсюль і такое рашэньне. Для Расеі Беларусь — прапускны пункт у гэтым сэнсе».