4 студзеня ў Беларусі адключылі апошнія аналягавыя тэлеперадатчыкі, ім на зьмену прыйшлі тэхналёгіі лічбавага стандарту. Такім чынам, прымачы састарэлага ўзору больш ня змогуць прымаць праграмы некаторых дзяржаўных каналаў, калі грамадзяне загадзя не паклапаціліся пра адмысловыя прыстасаваньні для перафарматаваньня сыгналу.
Як паведамілі ў Беларускім радыётэлевізійным перадавальным цэнтры, у адпаведнасьці з пагадненьнямі, падпісанымі ў Жэнэве ў 2006 годзе, аналягавае вяшчаньне ў Беларусі было спыненае яшчэ летась. Аднак самі частоты не падпадалі пад дзеяньне міжнародных дакумэнтаў і свой статус захоўвалі. Тым ня меней, аналягавы дэдлайн быў акрэсьлены канцом 2015-га, і пасьля навагодніх сьвятаў на беларускай зямлі фармальна настала эра лічбавага тэлебачаньня. На гэты момант абсталяваныя блізу сотні перадавальных станцыяў, якія забясьпечваюць эфірную трансьляцыю агульнадаступнага лічбавага пакету праграмаў.
Экспэрт у галіне тэлебачаньня Іван Марчук перакананы, што дыскамфорту ад пераходу з аднаго фармату на іншы беларускія гледачы збольшага не адчуюць:
Калі з гледзішча звычайнага тэлегледача, то, прынамсі ў Менску, гэта ня будзе заўважана амаль ніяк. Магчыма, гэта адчуюць дзесьці ў правінцыі, куды цывілізацыя так і не дайшла.
«Калі з гледзішча звычайнага тэлегледача, то, прынамсі ў Менску, гэта ня будзе заўважана амаль ніяк. Магчыма, гэта адчуюць дзесьці ў правінцыі, куды цывілізацыя так і не дайшла і дзе ў адзін цудоўны момант не спрацуе кнопка БТ-1. Але ў сталіцы гэтую „лічбу“ як падавалі па кабэлях, так будуць гнаць і далей. Альбо праз кабэль, альбо празь лічбавы прыёмнік. Вядома, з умовай, што тэлевізар у хаце не сярэдзіны ХХ стагодзьдзя: калі ён падтрымлівае фармат DVB-T ці DVB-T-2 як мінімум, адпаведна, ён прымае „лічбу“. Але, наколькі разумею, іншых ужо нават не вырабляюць, нават нашы адсталыя заводы перайшлі на адзіны стандарт. Думаю, любы вытворца ці крама тэлетэхнікі пацьвердзяць, што летась продаж лічбавых прымачоў вырас».
Каб прымаць сыгналы наземнага лічбавага тэлевяшчаньня, неабходны тэлепрымач з падтрымкай стандарту DVB-T і фармату «сьцісканьня» MPEG-4 AVC/H.264 ці лічбавая тэлевізійная прыстаўка, якая падключаецца да звычайнага аналягавага тэлевізара. На сайце Беларускага радыётэлевізійнага перадавальнага цэнтру нават надрукаваны пералік мадэляў тэлевізараў «Гарызонт» і «Віцязь», якія адпавядаюць патрэбнаму стандарту. Шэрагу беларускіх прадпрыемстваў было даручана арганізаваць вытворчасьць лічбавых тэлевізійных прыставак.
Як сьцьвярджаюць адмыслоўцы, лічбавае тэлебачаньне мае ў шэсьць разоў большую эфэктыўнасьць, чым аналягавае. Пры пераходзе на новы стандарт вяшчаньня дасягаецца нашмат вышэйшая якасьць і перашкодаўстойлівасьць. Апроч таго, спажываньне электраэнэргіі лічбавым перадатчыкам у пераліку на адну тэлепраграму зьніжаецца на парадак.
Аднак ці заўсёды дэклярацыі супадаюць з рэальнасьцю? Нават няўзброеным вокам бачна, што карцінка са спадарожніка істотна лепшая, чым тое, што падаюць у кватэры гарадзкія апэратары. Чаму так адбываецца? Менскі майстар Леанід Кабакоў шмат гадоў займаецца наладкай тэлевізійнага абсталяваньня і кажа, што лічбавай рэвалюцыі бальшыня беларусаў папросту не заўважыць:
Як самі апэратары пяройдуць на лічбу, тады лічбавая эра ў масавым разуменьні і пачнецца. Пакуль жа ў гарадзкіх кватэрах як было, так усё і застанецца.
«Гэта ўсё тычыцца перадусім перадачаў, якія трансьлююцца з Калодзішчаў. Там стаяць гэткія антэны-„рагаткі“, якія і даюць лічбавы сыгнал. А што тычыцца кабэльных апэратараў кшталту „Космасу“, МТІСа ды іншых, то нічога для спажыўцоў ня зьменіцца. Вось як самі апэратары пяройдуць на лічбу, тады лічбавая эра ў масавым разуменьні і пачнецца. Пакуль жа ў гарадзкіх кватэрах як было, так усё і застанецца».
Карэспандэнт: «Лічбавы пакет каналаў, наколькі разумею, абмежаваны?».
«Справа ў тым, што ёсьць і платныя каналы — і той жа „Эўраспорт“, і „Дыскавэры“, і іншыя замежныя „лэйблы“. Але гэта прэрагатыва „Белтэлекаму“, яны іх прадаюць, прывозяць, ставяць сваю прыстаўку. А што тычыцца тунэраў, якія прадаюць на Ждановічах ды розных фірмах, празь іх сапраўды можна лавіць толькі 9 бясплатных каналаў. То бок прыстаўкі ад „Віцязя“, ад „Гарызонту“, куча кітайскіх прыёмнікаў — гэта ўсё прыстасаваньні для эфірных каналаў».
Калі шараговыя гледачы пакуль што мала адчуваюць выгоды тэхнічнага прагрэсу, то айчынныя вытворцы пачалі падлічваць страты некалькі гадоў таму. Крызіс для менскага «Гарызонту» і віцебскага «Віцязя» пачаўся яшчэ ў сярэдзіне 2000-х: лініі для вырабу кінэскопных тэлевізараў маральна і тэхнічна састарэлі, і цэлыя заводзкія карпусы перасталі адпавядаць новым патрабаваньням. Аналягавае тэлебачаньне, на якое арыентавалася вытворчасьць, зьнікла пад напорам лічбавых тэхналёгіяў.
Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, тэлевізары беларускай вытворчасьці не патрэбныя ні самім беларусам, ні тым больш замежнікам. Без уліку двух апошніх месяцаў 2015-га з канвэераў «Гарызонту» і «Віцязя» агулам сышлі менш за 20 тысяч адзінак тэлевізійнай тэхнікі. Пры гэтым у верасьні сабрана 300 тэлевізараў, у кастрычніку — ніводнага. Дзеля параўнаньня, у сярэдзіне «нулявых» выпускалася 80 тысяч тэлевізараў штомесяц (!). Аналягічная карціна з экспартнымі пастаўкамі: калі за 10 месяцаў 2014 году за межы Беларусі было прададзена больш як 40 тысяч тэлевізараў, то сёлета... паўтысячы. Спаборніцтва тэхналёгіяў прайгранае за яўнай перавагай іншаземных канкурэнтаў.