Украіна выходзіць з зоны свабоднага гандлю з Расейскай Фэдэрацыяй, падымае пошліны на ўсе расейскія тавары і ўводзіць гандлёвае эмбарга на шэраг тавараў, вырабленых у РФ.
Гэтае рашэньне прынятае ў адказ на аналягічныя дзеяньні Расеі ў дачыненьні да ўкраінскіх тавараў.
Пра гэта 3 студзеня заявіў прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк.
«Мы дзейнічаем люстрана. Ня мы пачалі гэтую вайну. Але агрэсар будзе пакараны», — сказаў прэм’ер-міністар Украіны.
Што эканамічная вайна паміж Расеяй і Ўкраінай будзе значыць для Беларусі? Ці змогуць беларускія прадпрыемствы стаць «перавалачнай базай» для плыняў расейскіх і ўкраінскіх тавараў? На гэтыя пытаньні Свабодзе адказалі беларускі і ўкраінскі экспэрты.
Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што Беларусь не адмовіцца ад украінскіх тавараў і не падтрымае Расею ў гандлёвым супрацьстаяньні з Украінай, але паспрабуе зарабіць на рээкспарце ўкраінскіх прадуктаў харчаваньня ў Расею:
«Беларусь не далучыцца да эмбарга, таму што, па-першае, рашэньне пра санкцыі адносна ўкраінскіх тавараў Расея прымала не праз Эўразійскую эканамічную камісію, а праз Крэмль. Па-другое, гэта супярэчыць палітыцы кансэнсусу ў прыняцьці рашэньняў у межах Мытнага саюзу».
Што да «шэрых схемаў», пры дапамозе якіх Беларусь, напрыклад, перапрадавала ў Расею эўрапейскія тавары з цэтлікамі «Зроблена ў Беларусі», то спадар Раманчук лічыць, што кантроль украінскіх тавараў на мяжы Беларусі з Расеяй будзе ўзмоцнены:
«Трэба разумець, хто тыя людзі, якія абыходзяць санкцыі. Гэта тыя, хто працаваў на расейскім рынку і хацеў працягваць бізнэс, зьвязаны з пастаўкамі ў Расею заходніх прадуктаў. Цяпер будзе тое самае. Украінскія прадпрымальнікі разам са сваімі расейскімі партнэрамі будуць арганізоўваць імпарт у Беларусь, а пасьля перапрацоўваньне ці ўпакоўваньне тавару і рээкспарт у Расею. Беларускія прадпрыемствы, як і ў выпадку расейскіх санкцыяў супраць эўрапейскіх тавараў, — пляцоўка для „шэрых схемаў“. Разам з тым, гэтым разам ніхто ня можа гарантаваць, што ўкраінскія тавары, перапрацаваныя ў Беларусі, будуць свабодна прадавацца ў Расеі. З улікам гібрыднай вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны, да ўкраінскіх тавараў будзе значна большая ўвага, чым была да тавараў з Францыі, Італіі і Польшчы. Таму, хутчэй за ўсё, навіны ад „Расспажыўнагляду“ мы будзем чуць часта».
Рэальны шанец для Беларусі з улікам гэтых санкцыяў і эмбарга быў бы тады, калі б Беларусь упусьціла да сябе эўрапейскі і ўкраінскі капіталы, лічыць эканаміст:
«Тады б у нас зьявіліся эўрапейская і ўкраінская вытворчасьць, тавары якой мы маглі б прадаваць у Расею. На жаль, празь неспрыяльны інвэстыцыйны клімат на такое разьлічваць не выпадае».
Украінскі палітоляг Віктар Каспрук згодны з тым, што эканамічная вайна паміж Расеяй і Ўкраінай дасьць шанец беларускім прадпрыемствам стаць пляцоўкамі для перапрацоўваньня тавараў і далейшага рээкспарту:
«Беларускі „бацька“ Лукашэнка, як заўсёды, хоча ўседзець на некалькіх крэслах. І для таго, каб збалянсаваць ціск, які абавязкова будзе ісьці на Беларусь з боку Расеі ў 2016 годзе, перад Захадам ён хоча выглядаць калі не дэмакратам, дык хаця б прагрэсіўным дыктатарам. Зь іншага боку, беларускі прэзыдэнт выдатна разумее тыя магчымасьці, якія дае эканамічная вайна паміж Расеяй і Ўкраінай, таму ня выключана, што паўторыцца гісторыя зь беларускімі ананасамі і крэвэткамі. Толькі гэтым разам на іх месцы будуць украінскія харчы».