Узарвалі апошнюю ЛЭП з мацерыковай Украіны ў Крым

Дзяржаўная кампанія «Укрэнэрга», якая пастаўляла электрычнасьць у акупаваны Расеяй Крым, паведаміла пра спыненьне паставак з-за абрушэньня апоры лініі электраперадачы пад горадам Кахоўка Хэрсонскай вобласьці. Падача электрычнасьці спыненая зь вечара 30 сьнежня.

У Крыме зьвесткі пра спыненьне падачы электрычнасьці пацьвердзілі прадстаўнікі адміністрацыі Сэвастопалю. Там не выключаюць веерныя адключэньні электрычнасьці. Міністэрства паліва і энэргетыкі Крыма заклікала жыхароў паўвыспы ў навагоднія сьвяты максымальна эканоміць электрычнасьць: карыстацца ацяпляльнікамі толькі ў дзённыя часы, калі ёсьць падсілкаваньне ад сонечных батарэй і ветраных генэратараў. Пры гэтым віцэ-прэм’ер Крыму Міхаіл Шарамет заявіў, што на тэрыторыі Крыма няма раёнаў, якія ня маюць электрычнасьці. «Ніякіх праблем з энэргазабесьпячэньнем на сёньня няма. Мы пераразьмяркоўваем унутраную генэрацыю па ўсёй паўвысьпе», — прыводзіць словы чыноўніка, сказаныя напярэдадні Новага году, «РИА Новости».

У канцы лістапада на тэрыторыі Хэрсонскай вобласьці былі падарваныя апоры чатырох ЛЭП, па якіх электрычнасьць з Украіны ішла ў Крым. Пазьней адну з ЛЭП уладам удалося аднавіць, рамонтныя працы на іншых не ўдавалася праводзіць з-за блякады грамадзян Украіны. Пасьля спыненьня падачы электрычнасьці 30 сьнежня кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў заклікаў насельніцтва захоўваць спакой і заявіў, што адміністрацыя больш не разьлічвае на электрычнасьць з Украіны.