«Цяжкі, як ніколі, год» аб’яўлены годам культуры. Не беларускай культуры, ня годам Мулявіна ці годам Шамякіна, ня годам замірэньня дзяржавы зь незалежнай культурай, а проста – культуры. А што такое культура? Чыстыя вуліцы, ня лаяцца матам, правільна змазаны аўтамат – усё, куды ні кінь, культура. Проста ўсё. А проста ўсё – гэта проста нішто. Пустата.
А можа я чапляюся і насамрэч у год культуры заплянавана нешта нешараговае і амбітнае, нешта незвычайнае, што прыцягне да Беларусі ўвагу ўсяго сьвету?
Вось пералік мерапрыемстваў. «Гэта будзе год знакавых юбілеяў». Гм. Кожны год – год знакавых юбілеяў, гэтую тайну адрыўныя календары даўно ўжо перадалі Вікіпэдыі. Нават кожны дзень цяпер лёгка апісаць чым-небудзь знакавым. І што ж прыдумалі ў мінкульце? Канцэрт з нагоды 75-х угодкаў Уладзімера Мулявіна, юбілейны «Славянскі базар», пройдуць акцыі «Чытаем Багдановіча разам» – гэта да 125-х угодкаў любімага паэта. У Слуцку паставяць помнік княгіні Анастасіі… Усё? Усё.
Ясна, што год культуры патрэбны найперш міністэрству культуры для фінансаваньня сябе самога. Але ж хоць бы скрэатывілі чыноўнікі, ну хоць штосьці, каб новы год не выглядаў у параўнаньні зь іншымі так блякла і нецікава, асабліва ў культурным пляне.
Праблема краіны ў тым, што культура глыбока расколатая на прыўладную абслугу і ўласна беларускую культуру зь яе асобнай ад дзяржавы літаратурай, паўзабароненымі музыкамі і мастакамі. Ясна, што пры гэтай уладзе, якая гэты раскол стварыла, ён пераадолены быць ня можа. Але ж ні намёку, што «там» нехта гэтага хоча. У інтарэсах краіны. У 2016 у глыбінную расколіну запампуюць чарговую порцыю пустаты пад назваю «Год культуры».
На маю думку, чарговая прафанацыя ня вартая ніякіх бюджэтных сродкаў, а недзяржаўная культура, па якой нас і ведаюць у сьвеце і ў якой ёсьць рэальная аўдыторыя ў краіне, будзе жыць без дзяржаўнай падтрымкі, як і жыла дагэтуль.
Будзь мая воля, я б абвясьціў 2016-ты годам культурнай мабілізацыі. Рэч у тым, што праз год, у 2017-м споўніцца 500 гадоў беларускай кнізе. Сымбаль нашай краіны і нацыі ў эпоху Адраджэньня вымагае сапраўднага адраджэньня краіны і нацыі ў сучаснасьці. Гэта падзея сусьветнага маштабу і адзначаць яе будуць па ўсім сьвеце. І будзе надзвычай крыўдна, калі цэнтрам юбілею стане не Беларусь, калі Беларусь у дачыненьні да культурнага подзьвігу Францішка Скарыны застанецца пры сваіх «Славянскіх базарах» – у пустаце. Год на падрыхтоўку да юбілею беларускага кнігадруку – зусім няшмат, але ня так і мала, калі абвясьціць культурную мабілізацыю, прычым для ўсіх беларусаў, бо Скарына непадзельны для ўсіх.
На жаль, даводзіцца канстатаваць, што Адраджэньне, нацыя, Скарына – занадта вялікія, глябальныя зьявы для разуменьня чыноўнікаў мінкульту – па-сутнасьці афіцыянтаў, якія не сягаюць думкай далей за «культурную» сэрвіроўку барскага стала.