Вынікі году і навагоднія ўспаміны ад першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча.
— Спадар Станіслаў, чым вам запомніўся 2015 год? Назавіце дзьве знакавыя падзеі — станоўчую і адмоўную. З гледзішча Беларусі, безумоўна.
— Галоўная падзея, якая зацьміла ўсё, — гэта Нобэлеўская прэмія Святланы Алексіевіч. Мне нават сорамна стала, што я не чытаў яе «Сэканд хэнд». Але я даўно ў захапленні ад яе творчасьці, ад кніг «Цынкавыя хлопчыкі» і «Ў вайны не жаночае аблічча». Калі абвяшчалі ляўрэата, я быў у Сафіі. Першым мне пра гэта паведаміў былы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, дадаўшы, што Алексіевіч і ім належыць. Я адказаў, што яе хопіць і на нас, і на вас. Алексіевіч — сумленны, прыстойны чалавек і творца. Я вельмі ёю ганаруся. А вось тая рэакцыя на прэмію, якую мы бачылі тут, фактычна, паказвае другі, адмоўны бок падзеі. Паказвае і культурны ўзровень нашага прэзыдэнта, які спачатку фармальна павітаў, а пасьля аблаяў пісьменьніцу. Вось вам і станоўчае і адмоўнае ў адной падзеі.
— Так, 2015-ты ўжо назаўсёды застанецца ў гісторыі Беларусі годам Нобэлеўскім. Што вы, як першы кіраўнік незалежнай Беларусі, пажадаеце першаму беларускаму Нобэлеўскаму ляўрэату?
— Я магу пажадаць толькі адно — заставацца сабой. Такой, якой яна заўсёды была. А тым, хто ад яе хоча нечага большага, жадаю ўрэшце супакоіцца. Часам іхныя «хаценьні» гучаць проста абразьліва.
— Сярод падзеяў году мне бачыцца адкрыцьцё надмагільнага помніка Рыгору Барадуліну ў Вушачах. А паколькі помнік той ставіўся з дапамогай верталёта зь Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, то сёй-той загаварыў пра пацяпленьне ў адносінах дзяржавы да нацыянальнай культуры. А вам які-небудзь знак у гэтым бачыцца?
Барадулін для мяне — сьвяты чалавек.
— Людзей, у тым ліку на чыноўных пасадах, якія разумеюць, што такое Барадулін для Беларусі, для беларускай культуры, у нас, думаю, нямала. І калі рашэньне тут залежала ад нейкага чыноўніка, ён палічыў гэта для сябе гонарам. Я толькі цешуся, што такія людзі ў нас ёсьць, і што помнік па Барадуліну паставілі. Я глядзеў здымкі, паслухаў прамовы ў сеціве. Барадулін для мяне — сьвяты чалавек. Я наогул такой другой зьявы ў Беларусі ня ведаю. Па-першае, яго творчасьць, па-другое — яго паводзіны, яго стаўленьне да мяне, што я вельмі цаню. І маё стаўленьне да яго, мне тут няма пра што шкадаваць. Хіба пра тое, што на пахаваньні быць ня мог, бо захварэў моцна. Барадулін — гэта зьява, якая будзе спасьцігацца яшчэ не адным пакаленьнем. Здаецца, Цьвятаева пісала, што яе вершы, як старое віно, зь цягам часу будуць толькі лепшаць. З Барадуліным тое ж самае. Я сустракаўся зь ім ня часта, але заўсёды эфэктыўна. Думаю, што да яго немагчыма было ставіцца стрымана. Яго альбо ненавідзелі (бо зайздросьцілі), альбо любілі, як я. Я ганаруся яшчэ тым, што пры вельмі складаных абставінах у Вярхоўным Савеце я дамогся кансэнсусу пры зацьверджаньні Барадуліна Народным паэтам. Хоць ніколі яму пра гэта не расказваў.
— У сьнежні 2015-га адзначыў свой 100-гадовы юбілей беларускі паэт Міхась Кавыль, які жыве ў ЗША. Сярод іншых, хто яго павіншаваў, і прэзыдэнт Абама. А вось у Беларусі ніводзін афіцыйны сродак масавай інфармацыі нават ня ўспомніў пра гэтую дату. Чаму кіраўнік Беларусі так падкрэсьлена віншуе зь юбілеямі расейскіх артыстаў і зусім не заўважае юбіляраў сваіх?
Якое можа быць пацяпленьне, калі для Лукашэнкі любая праява беларускасьці — як абраза.
— Наш прэзыдэнт дрэнна адукаваны, ён не імкнецца пра нешта даведацца, штосьці прачытаць. Я шчыра прызнаўся — мне сорамна, што я не чытаў «Сэканд хэнд» Алексіевіч. А яму ня сорамна, ён нічога не чытаў, апрача «вершаў Быкава», таму яму прасьцей. Якое можа быць пацяпленьне, калі для Лукашэнкі любая праява беларускасьці — як абраза. На жаль, у нас ужо больш за дваццаць гадоў кіруе антыбеларускі прэзыдэнт. Ён ня ведае ні беларускіх творцаў, ні беларускай мовы па-людзку, ён выхаваны калгасным ладам. Ён і дзейнічае па-калгаснаму: ён начальнік, а ўсе астатнія — дурні. Добра, што ў нас ёсьць і незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Пра юбілей Кавыля я прачытаў у газэце «Новы час». Ён з пакаленьня майго бацькі, які шмат гадоў прабыў у высылцы. Помню бацькаў верш: «Мілы мой лебедзю, мой пабрацім, над Ангарою з табой паляцім...». І там далей — пра мілую радзіму, куды так хочацца вярнуцца. І ў Кавыля тыя самыя матывы, яго можна зразумець. 100-годзьдзе беларускага паэта (якая розьніца, дзе ён жыве) для тых сьпічрайтэраў, якія сядзяць побач з прэзыдэнтам, павінна было стаць зьявай. Але, відаць, ім забаронена пра такія юбілеі нагадваць прэзыдэнту. Яны параілі яму ўсё ж павіншаваць Сьвятлану Алексіевіч, хоць і вельмі стрымана. А далей ён ужо сам, без парады, аблаяў яе на наступны дзень, калі яна выказала сваё стаўленьне да яго і Пуціна. Гэта ўсё лягічна, гэта ўсё прыкметы таго палітычнага ладу, які ў нас ёсьць, які, яшчэ раз падкрэсьліваю, па сутнасьці сваёй — антыбеларускі.
— У 2015-м дзяржава нарэшце пачала плаціць вам пэнсію. Ці будзеце вы патрабаваць хоць нейкую кампэнсацыю за ўсе тыя гады, калі пэнсіі фактычна не атрымлівалі?
— Пэнсія — хітрасьць маёй жонкі. Мы неяк паглядзелі зь ёй перадачу пра тое, як нашчадкі і сваякі дзеляць спадчыну выбітных навукоўцаў, пісьменьнікаў і артыстаў... І мы з жонкай напісалі генэральныя даверанасьці адзін аднаму, каб у выпадку чаго ня ўзьнікла спрэчных пытаньняў. Я ёй давяраю ўсё рабіць ад майго імя, яна — мне. Дык яна ад майго імя і зрабіла мне пэнсію па ўзросьце (80 гадоў). Да гэтай пэнсіі могуць быць розныя дадаткі, але тут патрэбныя ўжо мае асабістыя звароты да кіроўных асобаў. Я маю пачуцьцё чалавечай годнасьці і ніколі да іх не зьвярнуся. Як ня буду падымаць пытанне пра нейкую там кампэнсацыю. У свой час я зрабіў усе юрыдычныя крокі — безвынікова. А зьвяртацца да чалавека, які злоўжывае сваёй уладай, які незаконна пазбавіў мяне пэнсіі, я ніколі ня буду. Хоць мог бы атрымліваць пэнсію ў чатыры разы большую за цяперашнюю — паводле закону.
— Мы ня ведаем, як адзначаюць Новы год кіраўнік краіны ці старшыня ўраду. А прыгадайце, як вы сустрэлі першы Новы год у рангу кіраўніка незалежнай Беларусі. 8 сьнежня 1991 году ў Віскулях адбыліся вядомыя падзеі, а праз 23 дні — Новы год...
Я жыў у звычайнай двухпакаёўцы, а ахоўнік сядзеў на лесьвічнай пляцоўцы на табурэтцы.
— Я так выхаваны, што для мяне галоўнае сьвята году — дзень Божага нараджэньня. Раней увечары на Вігілію ўсіх нас зьбірала сястра. Калі яе ня стала, гэта робіць мая дачка. Помню, і тады добра адзначылі, пад лёзунгам — каб дачакацца праз год у тым жа складзе. А як 1992 год сустрэлі? У мяне былі ахоўнікі, шэсьць ці сем чалавек займаліся аховай — мяне, кватэры, сям’і і дачы. Цяпер у прэзыдэнцкай ахове 2000 чалавек. А ў мяне шэсьць ці сем было. Я жыў у звычайнай двухпакаёўцы, а ахоўнік сядзеў на лесьвічнай пляцоўцы на табурэтцы. І вось увечары 31 сьнежня жонка пайшла запрасіць яго сустрэць Новы год. Чаго яму там сядзець? А ён адказвае — мне не дазволена. Тады яна папрасіла мяне загадаць яму. Так я і зрабіў. Пайшоў і сказаў: «Я загадваю вам зайсьці да нас у кватэру і ахоўваць мяне там». Мы запрасілі яго за стол. Вельмі культурны, спакойны, у сталым узросьце чалавек. Я наліў яму чарку, закусілі, пагаварылі, а пасьля ён ізноў сеў на табурэтку на лесьвічнай пляцоўцы і займаўся маёй аховай у навагоднюю ноч 1992 году.
— Указам кіраўніка краіны 2016-ты абвешчаны Годам культуры. Як на добры лад, што гэта мусіла б азначаць?
— Калі 2016 год будзе годам сапраўднай культуры, то я магу толькі цешыцца. Але чым ён будзе адрозьнівацца ад папярэдніх гадоў? Можа, дзяржава выдзеліць на культуру больш сродкаў? Але трэба, каб яна разьбіралася ў тым, што такое культура, і што такое безкультур’е. Сродкі могуць выдзяляцца на мерапрыемствы, якія не заўсёды адпавядаюць панятку «культура». Я маю на ўвазе тыя ж Дажынкі. Дзе-нідзе яны праходзяць лоўка, а дзе-нідзе прыгладзяць, падмалююць, падмятуць і ня болей. Думаю, уладзе год культуры абвяшчаць не было патрэбы, проста трэба сябе так паводзіць, каб усе бачылі, як улада ўшаноўвае культуру свайго народу, беларускую культуру.
— На парозе Новага году што вы пажадаеце слухачам Радыё Свабода?
Найперш — захаваць чалавечую годнасьць. Ёсьць такая цудоўная ўтопія — мэрытакратыя, перакладаецца як «улада дастойных». Трэба гэтым займацца. І мне здаецца, што пляцоўка для абмеркаваньня — гэта Радыё Свабода, яна была і застаецца. Я жадаю слухачам, каб яны, дзякуючы Свабодзе, больш любілі Беларусь, усё беларускае і рабілі ўсё, каб беларусы сталі самай лепшай нацыяй у сьвеце. Але не прыніжаючы некага, гэта недапушчальна. Жадаю, каб мы былі такія, як паказаныя беларусы ў народных казках, — добразычлівыя, спакойныя, паважлівыя адзін да аднаго. Мне здаецца, Радыё Свабода адпавядае гэтым крытэрам, каб узьдзейнічаць на слухачоў менавіта ў гэтым кірунку.