Дырэктывы пра рэпрэсіі, беларускі катынскі сьпіс і асобы супрацоўнікаў НКУС, датычныя да злачынстваў у савецкія часы. Такія зьвесткі могуць быць знойдзеныя ў архівах КДБ Украіны, адкрытых для грамадзкасьці, у тым ліку й замежнікаў сёлета. На якія сэнсацыі разьлічваюць самі ўкраінцы і хто супрацьстаіць адкрыцьцю інфармацыі з мінуўшчыны, Свабодзе распавёў дырэктар Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Уладзімер Вятровіч.
У некаторых архівах не працаваў ніводны гісторык
Адкрыць праўду пра злачынствы мінулага, каб не дапусьціць яго паўтарэньня ў будучым, — так тлумачыць Вятровіч перадачу архіваў КДБ ад СБУ да Інстытуту нацыянальнай памяці.
«Таксама ёсьць элемэнт пераадоленьня таталітарнай спадчыны і дэмакратычнай трансфармацыі, — сказаў Вятровіч. — На фасадзе нацыянальных архіваў ЗША напісана вельмі важная рэч: „Дэмакратыя пачынаецца тут“. Мы таксама перакананыя, што дэмакратыя пачынаецца з вольнага доступу да інфармацыі пра мінулае».
Украінскія архівы й дагэтуль лічыліся параўнальна адкрытымі і для дасьледчыкаў, і для грамадзянаў. Аднак Уладзімер Вятровіч настойвае, што там зьмяшчаецца шмат невядомых раней зьвестак.
«Нават да архіваў СБУ, якія лічацца найбольш адкрытымі, доступ быў вельмі непасьлядоўным і залежаў ад палітычнай сытуацыі».
За часамі прэзыдэнта Віктара Юшчанкі архівы былі амаль цалкам адкрытыя. Але з прыходам да ўлады Віктара Януковіча адбылося фактычнае закрыцьцё. Каб захаваць іх адкрытымі незалежна ад палітычнай сытуацыі, было вырашана перадаць іх Інстытуту нацыянальнай памяці.
«Гэта закон (які адкрыў архівы спэцслужбаў — РС) будзе падставай патрабаваць адкрытасьці архіваў МУС і асабліва Службы зьнешняй выведкі, якія дагэтуль былі амаль невядомымі для дасьледчыкаў, — сказаў Вятровіч. — Асабліва згаданы мной апошні архіў. Ведаю, што ніводны гісторык не працаваў з дакумэнтамі таго архіву».
«У нас могуць быць дакумэнты, што тычацца Беларусі»
Пасьля таго, як архівы былі адкрытыя для шараговых грамадзянаў з 21 траўня 2015, у СБУ пачалі зьвяртацца тысячы ўкраінцаў і замежнікаў.
«Даволі шмат замежных гісторыкаў да нас зьвяртаецца, улічваючы, што ўкраінскія архівы — такое вакенца ў сьвет савецкіх спэцслужбаў, — сказаў Вятровіч. — Таму што архівы іншых былых савецкіх рэспублік альбо зьнішчылі — размова ідзе, напрыклад, пра Прыбалтыку, дзе захавалася менш за ўсё дакумэнтаў — альбо закрытыя, як у Расеі і Беларусі».
Беларускім дасьледчыкам будзе з чым працаваць ва ўкраінскіх архіваў, лічыць гісторык Ігар Кузьняцоў. Тым больш, што сыстэмнай працы ніхто там ня вёў.
«Там могуць быць дакумэнты, якія хаваюцца ад нас Масквой і Менскам, — сказаў Кузьняцоў. — Найперш, гэта дырэктыўныя ўказаньні па лініі НКУС з Масквы пра правядзеньне арыштаў пэўных катэгорый, канкрэтных асобаў».
Таксама ва Ўкраіне пражывала шмат ураджэнцаў Беларусі, якія былі рэпрэсаваныя. На іх і іх сваякоў там знаходзяцца архіўна-сьледчыя справы. Могуць быць цікавымі й дакумэнты пра тых, хто служыў у НКУС на тэрыторыі Беларусі, што потым былі перамешчаныя ва Ўкраіну.
«Гэта вялікі масіў дакумэнтаў, які дазваляе аднавіць карціну злачынстваў, і галоўнае, выявіць многіх асобаў, датычных да рэпрэсій», — сказаў Кузьняцоў.
Ёсьць надзея, што ва ўкраінскіх архівах знойдзецца сьлед беларускага катынскага сьпісу. Асабліва пасьля таго, як у 1994 годзе СБУ выявіла такія дакумэнты па Ўкраіне.
«Улічваючы, што наш архіў КДБ закрыты, Нацыянальны архіў таксама мае абмежаваньні, гэта вельмі важная магчымасьць».
«Забароненыя ў Расеі дакумэнты адкрытыя ў нас»
Архівы спэцслужбаў Украіны адкрываюцца беззваротна. Але застаюцца былыя супрацоўнікі КДБ і забароненыя камуністы, якія намагаюцца рэабілітаваць савецкае мінулае.
«Зараз ёсьць прарасейскія палітычныя сілы, якія таксама абапіраюцца на расейскі досьвед і хацелі закрыцьця архіваў. Але, дзякуй Богу, яны ня маюць вялікага ўплыву».
Таксама ў самой Расеі не пагаджаюцца з тым, што савецкія архівы мусяць быць зачынены. Бо здараюцца выпадкі, калі да закрытых у Расеі дакумэнтаў гарантуецца доступ ва Ўкраіне.
Сучасная Расея, якая робіць сваёй ідэалягічнай асновай аднаўленьне Савецкага Саюзу, не зацікаўленая, каб мы агучылі камуністычнае мінулае.
«Часам даходзіць да кур’ёзаў, калі расейскі суд выносіць забароны на адкрыцьцё таго ці іншага дакумэнту, у той час як ён адкрыты ва Ўкраіне, аж да таго, што апублікаваны ў інтэрнэце, — сказаў Вятровіч. — Сучасная Расея, якая робіць сваёй ідэалягічнай асновай аднаўленьне Савецкага Саюзу, не зацікаўленая, каб мы агучылі камуністычнае мінулае».
Нагадаем, што 9 красавіка 2015 году ва Ўкраіне быў прыняты закон пра доступ да архіваў камуністычных спэцслужбаў. А з 21 траўня, калі законы падпісаў Пятро Парашэнка, усе дакумэнты КДБ, што месьціліся ў архівах Службы бясьпекі Ўкраіны, сталі даступнымі як украінцам, так і замежным грамадзянам.
Да 2017 году маюць быць адкрытыя таксама й дакумэнты архіваў Міністэрства ўнутраных спраў, Службы зьнешняй разьведкі — усіх сілавых ведамстваў. Паперы маюць быць апублікаваныя й перададзеныя ў спэцыяльна створаны архіў Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці. На другі этап прадугледжана два гады.