«Мама Му», «Пэтсан і Фіндус» ці «Сумны суп» заходзяць на ўра, а беларускія народныя, «самая купляльная кніжка ва ўсе часы», – не. Але ў садочку задалі пераказ «Катка».
Адкрыцьцё чакае мяне ўжо на другім сказе. Надзіва без пытаньняў прамінаем «гарчык мукі», «дзежку солі», «кадушку капусты» ды іншую экзотыку. Тут сэнс зразумелы. Зусім незразумелае іншае слова.
«Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя: ні насіць няма чаго, ні варыць».
А што такое – бедныя? У дзіцячым лексыконе такога ні слова, ні панятку няма. Растлумачыць па сутнасьці не ўдаецца. Што мы, што іншыя сем’і ў садку – сярэдняга дастатку, тое самае на вуліцы, у двары. Параўнаць няма з чым. Тое, што мне самому было адназначна зразумелае зь першых гадоў жыцьця («этот мальчик из бедной семьи»), сёньняшнім дзецям няўцям.
Пачынаем пераказваць. «Жылі-былі дзед з бабай. Былі яны вельмі… сумныя». Сваімі словамі дзіця пазьбягае казаць пра тое, што яму незразумелае.
Беднасьць – здавалася б, татальная катэгорыя жыцьця, – насамрэч зьявілася разам з сацыялістычнай ідэалёгіяй. І датуль, вядома, камусьці бракавала дастатку, але ўсе такія не залічваліся ў сацыяльную дэфініцыю. Той самы слой, дзеля вызваленьня якога зь беднасьці, нібыта, і ўсчынаўся кастрычніцкі пераварот. Ячэйкі новай улады так і называліся – камітэты беднаты, камбеды. Слова «беднасьць» было прыроўненае да «доблесьці». У аўтабіяграфіях беларускіх савецкіх пісьменьнікаў прасочвалася градацыя паходжаньня: «зь сялян», «зь бедных сялян», «зь найбяднейшых сялян». Быць бедным стала ганарова, адпаведна быць багатым – ганебна. Чаму? – многія так і не зразумелі. Ажно за апошнія чвэрць стагодзьдзя беднасьць ня толькі страціла прыярытэт, але і ў прынцыпе зьнікла як сацыяльная катэгорыя. Маса людзей ня мае дастатку, але беднымі ні яны сябе, ні іх у новых пакаленьнях ужо не называе ніхто. Камунізм, які, здавалася, працяў плоць народу, растае як туман, людзі вяртаюцца да звычайнага ладу і звычайных ацэнак дастатку.
Магчыма, я памыляюся, але інтуітыўна памятаю, што з усяго прачытанага беларускага ад 19 і 18 стагодзьдзя і ранейшай літаратуры, летапісаў і старога фальклёру, панятку беднасьці як вызначэньня сацыяльнага статусу чалавека, сям’і, народа я не сустракаў. Не было яго і ў казках маёй бабулі, якая паводле ўсіх парамэтраў жыла бядней чым бедна, гадуючы адна пасьля вайны дзевяць дзяцей у зямлянцы на месцы спаленай немцамі хаты.
І я разумею, чаму так было спрадвеку і зноў стала. Рабіць зь беднасьці доблесьць ня столькі абсурдна, колькі бесчалавечна, бо гэта поўная супрацьлегласьць гуманістычнай традыцыі, дзе нястача – заўсёды часавая, пэўны збой на жыцьцёвым шляху, тое, што чалавек пераадольвае сам, з дапамогай іншых ці дзяржавы. Быць бедным і ганарыцца гэтым як мэдалём – ганебна.
Адкуль тады такое ў беларускіх народных казках? Думаю, уся справа ў савецкіх перапісчыках альбо самі казкі ствараліся ў савецкі час.
Асабіста ў мяне заўсёды выклікалі сымпатыю людзі, якія ўсялякім спосабам прыхоўваюць сваю нястачу, «бо непрыгожа», і з усіх сілаў імкнуцца пераадолець яе.