Назіральнікі місіі АБСЭ трапілі пад абстрэл каля Камінтэрнава

Архіўнае фота. Назіральнікі АБСЭ ў Данецкім аэрапорце ў кастрычніку 2015 году.

У Данецкай вобласьці каля паселішча Камінтэрнава пад абстрэл патрапілі назіральнікі маніторынгавай місіі АБСЕ. Пра гэта паведаміла прэс-служба арганізацыі. У выніку таго, што адбылося, ніхто з назіральнікаў не пацярпеў.

Прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» сьцьвярджаюць, што агонь вялі ўкраінскія вайскоўцы. У Кіеве гэтую інфармацыю абвяргаюць, называючы абстрэл назіральнікаў правакацыяй з боку ДНР.

Раней у Генштабе Ўкраіны паведамлялі, што пасёлак Камінтэрнава, разьмешчаны ў так званай «шэрай зоне» на лініі разьмежаваньня паміж бакамі канфлікту, занялі сэпаратысты. Паводле дадзеных украінскіх вайскоўцаў, байцы ДНР ўсталявалі ў пасёлку агнявыя пункты і замініравалі подступы да сваіх пазыцыяў.

За апошнія суткі ў выніку баявых дзеяньняў у Данбасе загінуў украінскі вайсковец, яшчэ трое атрымалі раненьні. Пра гэта ў нядзелю паведамілі ў адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны.